Працягваем падводзіць вынікі года і рабіць агляды таго, што адбывалася ў беларускай культуры ў 2025 годзе.
Якім быў гэты час для візуальнага мастацтва? Што прынцыпова змянілася з папярэдняга года?
Лягчэй напісаць, што не змянілася. У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца рэпрэсіі, і мастакі трапляюць у турму, у тым ліку за свае творы, па-ранейшаму забараняюць і закрываюць выставы, хіба што «чорныя спісы» ператасавалі, і цяпер удзел ці няўдзел у рознага кшталту праектах – латарэя для меркаваных аўтараў. У замежжы па-ранейшаму раз’яднанае сеціва, развіццё індывідуальных стратэгій і часовых калабарацый.
Прасачылі, што змянілася за год, і вызначылі некалькі самых заўважных тэндэнцый 2025-га.

Крызіс інстытуцый
Назіранне, безумоўна, не гэтага года: людзі, якія ва ўмовах адкрытай канкурэнцыі не маюць ніякіх шанцаў падняцца па прафесійнай лесвіцы, раптам апынаюцца на выпаленым полі, дзе ўсе дарогі для іх адкрытыя. І калі выставы адных і тых жа мастакоў вялікай шкоды не прыносяць, то імклівая дэградыцыя інстытуцый мае большыя наступствы. Летам дырэктарам Нацыянальнага Цэнтра сучасных мастацтваў быў прызначаны расійскі прадзюсар, які працаваў у папулярных расійскіх медыякампаніях. Эксперымент не атрымаўся, і цяпер ва ўстановы няма кіраўніка.
У Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтва знікла легендарная кафедра графікі, якая некалі выхоўвала выдатных творцаў і паспрыяла з‘яўленню адметнай графічнай школы. Графікаў далучылі да жывапісцаў – і кіраўніцтва ў іх сумеснае. Прычына – не знайшоўся адмысловец з адпаведным званнем.
Аднак самы вялікі трэш адбываецца з міністэрствам культуры: нагадаем, што адкрываючы выставу «Расія-Беларусь. Перакрыжаванне лёсаў», міністр культуры РБ Руслан Чарнецкі расказваў журналістам пра «развіццё нашай агульнай культуры, агульнай рускай славянскай культуры». Здаецца, пытанне, як міністэрства развівае беларускую культуру, лепш не задаваць.
Творчасць мастакоў не так крытычна залежыць ад сумеснай каардынацыі, як праца ў кіно ці тэатры, і як паказвае мастакоўская эмігранцкая гісторыя, гэта адзіная сфера, дзе агульных інстытуцый не з’явілася (за выключэннем фатографаў, якія стварылі яшчэ ў 2023 годзе Беларускую незалежную асацыяцыю фатографаў). У астатніх відах мастацтва гэты працэс ідзе даволі актыўна: у замежжы працуюць Беларускі інстытут публічнай гісторыі, Інстытут беларускай мовы, Інстытут кнігі, Беларуская кінаакадэмія, Інстытут тэатра, нават выдаўцы стварылі сваю асацыяцыю, праводзяцца беларускія фестывалі і ўручаюцца прэміі. Мастакі ж выжываюць за мяжой з дапамогай уласных індывідуальных стратэгій, інтэграцыі і больш ці менш трывалых кааперацый.

«Навошта тады вы ўвогуле на казённых харчах пад’ядаецеся?»
Вечная тэма «Мастак і ўлада» стала даволі напружаным сюжэтам прамінулага года. Рэпрэсіі супраць мастакоў пачаліся не сёлета, але менавіта ў 2025-м творцаў публічна спыталі, чаму яны маўчаць?
Нагадаем, што 26 студзеня 2025 года ў Беларусі адбыліся прэзідэнцкія выбары, якім замест здаровай канкурэнцыі папярэднічала кампанія «Надо!», калі розныя калектывы, у тым ліку творчыя, праз групавыя перформансы прасілі дзейнага кіраўніка краіны пайсці на выбары яшчэ раз.
А напярэдадні выбараў, 10 студзеня, у газеце творчай інтэлігенцыі Беларусі «ЛіМ» прапагандыст Андрэй Мукавозчык вырашыў пагаварыць з той самай творчай інтэлігенцыяй. У артыкуле «Не хачу прамаўчаць» ён пытаецца «Чаму вы саромеецеся, сябры, публічна выказаць свой патрыятызм і дзяржаўнасць? Няхай у мастацкай форме, але — выказаць?».
Ад творцаў Мукавозчык чакаў «падтрымкі курсу роднай краіны, падтрымкі яе рэальнага суверэнітэту, падтрымкі неабходных рэформ і неабходных рэпрэсій». У гэтай падтрымцы інтэлігенцыя «павінна стаяць калі і не ў першых, дык у шэрагах». Галоўнае прэтэнзія Мукавозчыка – маўчанне. «Не заменяць лідары меркаванняў, прапагандысты і эксперты творчую інтэлігенцыю, дакладней, не здолеюць прыкрыць яе бездапаможнае маўчанне». А іначай «навошта тады вы ўвогуле на казённых харчах пад’ядаецеся?», «хтосьці ж павінен ісці наперадзе, збіраючы ўвесь вецер і ўсе камяні, але асабістым прыкладам ведучы за сабой? А чаму гэта павінна быць не творчая інтэлігенцыя са сваімі саюзамі, друкаванымі і рознымі органамі і іншымі дзейнымі структурамі?» — абураўся прапагандыст.
Практычныя дзеянні ад мастакоў запатрабаваліся неадкладна.
Зноў жа напярэдадні выбараў да 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва ў Рэспубліцы Беларусь Саюз мастакоў зладзіў у Палацы мастацтваў выставу «Разам». Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця выставы прыняў удзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Шпакоўскі, які адзначыў «фундаментальную ролю нашай інтэлігенцыі, творцаў з патрыятычнай пазіцыяй у грамадзянскім выхаванні і адукацыі насельніцтва».
Насамрэч, што б там не казалі прапагандысты, ніякіх адыёзна-патрыятычных работ ні для гэтай выставы, ні для наступных створана не было. Можна прымусіць выпускнікоў Акадэміі мастацтваў выканаць дыпломы на тэму вайны (пакуль яшчэ Другой сусветнай), ці выкладчыца той жа ўстановы можа атрымаць прэзідэнцкі грант на стварэнне патрэтаў ветэранаў, але большасць сталых аўтараў тэматыку сваіх твораў змяняць не сталі. Прынамсі для той выставы, назва якой лунала сама па сабе, а творы мастакоў былі на сваёй хвалі.
Іншая справа з дзяржаўнымі інстытуцыямі, напрыклад, з Нацыянальным мастацкім музеем, які вясной паказаў планшэтную выставу «Страна побед» пра «гимн победам России во все времена и эпохи», а напрыканцы года зладзіў невялікую экспазіцыю прарасійскай аўтаркі Святланы Жыгімонт – мастачкі з відавочна недастатковым для галоўнага музея краіны прафесійным узроўнем. На выставе былі паказаныя жывапісныя партрэты байцоў так званай СВА.
Зрэшты, і адна, і другая выставы былі сумніўнага ўзроўню, што даволі ганебна для вядучай мастацкай установы. Усё ж такія блакбастары, як «Расія — Беларусь. Скрыжаванне лёсаў», патрабуюць часу і фінансаў.
Красамоўная падзея, датычная ўзаемадзеяння мастака і ўлады, адбылася ў верасні. Тэхналогіі не стаяць на месцы, і творцу сёння можна замяніць штучным інтэлектам і атрымаць мастацкі прадукт патрэбнага ідэалагічнага напаўнення.
Да дня горада Гродна па праўладных каналах пусцілі мультфільм, згенераваны штучным інтэлектам, у якім гістарычныя персанажы ухваляюць змены ў іх горадзе: напрыклад, Давыд Гарадзенскі і Антоній Тызенгауз па чарзе паціскаюць руку старшыні гродзенскага гарвыканкама Андрэя Хмеля. А старшыня гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў атрымлівае ўхвальныя поціскі ад былога губернатара Пятра Сталыпіна і былога старшыні гродзенскага аблвыканкама Аляксандра Дубко.
Нібыта ў адказ на запыт Мукавозчыка, рашэнне было знойдзена, і інфармацыйны фронт атрымаў новую зброю. Для масавай свядомасці і разумення чыноўнікаў прадукцыя штучнага інтэлекту выглядае ці не круцей, чым мастацкія творы сучасных аўтараў.

І мастака нібыта можна пакінуць у спакоі.
Сапраўды, шмат мастакоў у Беларусі цяпер пакінутыя «ў спакоі». Ім няма дзе выстаўляцца, яны не могуць прэзентаваць свае творы нават на прыватных пляцоўках, у іх адабралі майстэрні, яны працуюць у вясковых дамах ці ў гарадскіх кватэрах. Іх творы бачаць абмежаванае кола людзе на «кватэрніках» ці на выставах у экзатычных месцах, напрыклад, у лесе.
Па некаторых звестках, у «чорных спісах» — больш за траціну сябраў Саюза мастакоў, калі ўлічыць, што не ўсе члены Саюза актыўна выстаўляюцца, то агульная колькасць забароненых аўтараў уражвае, лік ідзе на сотні.
Саюз мастакоў па-ранейшаму застаецца арганізацыяй, якая дае майстэрні, замовы і пэўныя сацыяльныя гарантыі, і тым грамадскім аб‘яднаннем, на якое скіравана пільная ўвага ўлады.
23 снежня прайшоў перавыбарчы з’езд Саюза мастакоў. Выбары старшыні адбываліся пад незвычайным прэсінгам, з затрыманнямі непажаданых удзельнікаў, якія з гэтай прычыны на з‘езд не патрапілі, з самаадводам альтэрнатыўнага кандыдата. Даволі груба была праведзена падрыхтоўчая праца запалохвання, а на самім з’ездзе прысутнічалі некалькі прадстаўнікоў міністэрства і старшыня партыі «Белая Русь» Вольга Чамаданава.
Здавалася б, навошта? Каб пасля з‘езда адсправаздачыцца, што шэсць мастакоў атрымалі патрыйныя білеты. У тым ліку новаабраны старшыня – Васілеўскі Андрэй Генадзевіч, прарэктар па адміністратыўна-гаспадарчай працы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Імклівая кар’ера «завхоза» Акадэміі не можа не здзіўляць і не выклікаць мноства пытанняў. Саюз мастакоў, гледзячы па ўсім, чакаюць няпростыя часы, аднак за гэтым паназіраем ужо ў наступным годзе.
Такім чынам, пытанне Мукавозчыка, зададзенае на пачатку года, «Навошта тады вы ўвогуле на казённых харчах пад’ядаецеся?» ва ўзмоценым выглядзе вярнулася да творцаў напрыканцы 2025-га.
Нацыянальны канон — прарэжымная версія
Нягледзячы на штучны інтэлект, перад мастакамі стаіць шмат задачаў. Адна з найбольш надзённых — увасобіць у разнастайных, найперш манументальных мастацкіх формах прарэжымны нацыянальны канон.
Сёлета быў агучаны спіс з 55 гістарычных асоб, якія з’явяцца на барэльефах новага гістарычнага музея. Дзяржаўны пантэон уключае ў сябе прарасійскіх і савецкіх дзеячаў, з фінальнага спісу зніклі нават літаратары Васіль Быкаў і Уладзімір Караткевіч.

Ідэалагічны адбор пачынаецца з перыяду княстваў. Глеб Менскі не патрапіў у пантэон, хоць быў заснавальнікам Менска. Магчыма, таму, што змагаўся з Уладзімірам Манамахам, якога ўслаўляе Расія.
У спіс не патрапіў ніводны значны дзяржаўны дзеяч, звязаны з Вялікім Княствам Літоўскім – ні Вітаўт, ні нават Ягайла. Барэльеф, прысвечаны XIII — XVIII стагоддзям, уключыў у сябе Францыска Скарыну, Войшалка, Афанасія Філіповіча, Сімяона Полацкага, Георгія Каніскага, Давыда Гарадзенскага, Васіля Цяпінскага, Казіміра Семяновіча, Сымона Буднага.
У наступных барэльефах фасада няма Каліноўскага і дзеячаў БНР. Затое ёсць праваслаўныя святары і савецкія палітыкі.
«Рэжым стварае ўяўную супольнасць (па канцэпцыі Бенедыкта Андэрсана гэта непазбежна, кожная палітычная дзяржава так робіць), але гэта не беларуская буржуазная нацыя ў класічным сэнсе. Гэта гібрыдная канструкцыя, якая перашкаджае фармаванню паўнавартаснага нацыянальнага суверэнітэту. Новы афіцыйны пантэон — адзін з інструментаў гэтага працэсу, музейная машына, якая стварае не беларускую, а «западнороссийскую» памяць», — адзначае палітычны аналітык Паўлюк Быкоўскі.
Усе гэтыя дзеячы ўвасабляюцца беларускімі скульптарамі на фасадзе будучага нацыянальнага гістарычнага музея.
Удзел у такога кшталту ідэалагічных дзяржаўных замовах – гэта цяпер выбар не паміж уласнай і навязанай стылістыкай, не паміж любімымі і патрэбнымі ўладам тэмамі. Цяпер гэта выбар этычны.
Зрэшты, помнікі ў Беларусі сёння пачалі ствараць расійскія мастакі, а ставіць – расійскія арганізацыі.
«Русскомирская» праграма мануменальнай прапаганды
У Беларусі за апошнія гады з’явіўся шэраг помнікаў, якія ставяцца расійскімі арганізацыямі за расійскія грошы.
Напрыклад, Расійскае ваенна-гістарычнага таварыства ў лістападзе ўсталявала ў Гомелі шасціметровы помнік маршалу Савецкага Саюза Канстанціну Ракасоўскаму, які камандаваў аперацыяй па вызваленні горада. І менавіта гэтае таварыства, а не ўлады Гомельшчыны, праводзіла конкурс на яго стварэнне, у выніку якога ідэя была рэалізавана расійскай скульптаркай.

Тое ж ведамства раней усталявала помнік Аляксандру Неўскаму каля амбасады Расіі ў Мінску. У іх планах, агучаных на паседжанні «Экспертна-кансультатыўнай расійска-беларускай рады па гісторыі», яшчэ некалькі помнікаў: рускаму палкаводцу XIX стагоддзя Івану Паскевічу; савецкаму военачальніку Даніілу Казакевічу; Алене Мазанік, Надзеі Траян і Марыі Осіпавай у Мінску (удзельніцы ліквідацыі гаўляйтара Кубе); камандуючаму ваенна-паветранымі сіламі РСЧА Якаву Смушкевічу ў Віцебску (служыў там у 1930-х); ваеннаму разведчыку Аляксандру Трусаву ў прыгарадзе Віцебска (ураджэнец в. Папоўкі Віцебскай вобласці); савецкаму разведчыку Навуму Эйцінгану ў Магілёве (нарадзіўся ў Шклове, распрацоўшчык аперацыі па палітычным забойстве Льва Троцкага).
Кіраўнік Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства — Уладзімір Мядзінскі, у мінулым міністр культуры РФ, а цяпер памочнік Пуціна, якога называюць «галоўным ідэолагам Крамля» — мае выразныя імперскія погляды і не лічыць беларусаў асобным народам.
Вось такая ідэалагічная база ў расійскага плана манументальнай прапаганды, і задача стварэння «адзінай гістарычнай прасторы» будзе рэалізавана нават без удзелу беларускіх мастакоў.

Мастацкая якасць — не аргумент
У Беларусі для удзелу ў выставах часам дастаткова прадэманстраваць не ўзровень мастацтва ці сілу канцэпцыі, а ідэалагічную адпаведнасць дзяржаўнаму курсу ці хаця б нейтральнасць. Згадаем яшчэ раз выставу Святланы Жыгімонт: яе творы немагчыма было ўявіць не толькі ў галоўным музеі, але і ў іншых сапраўды прафесійных установах.
Цяжка нават усвядоміць, якія арыенціры атрымлівае маладое пакаленне, якое індактрынуюць ад студэнцкай лавы, прызначаючы ідэалагічна-вывераныя тэмы для іх дыпломных работ.
Страта прафесійных арыенціраў прыводзіць да дэзарыентацыі маладых аўтараў: на вялікіх групавых выставах, «Восеньскіх салонах» ці «Арт-Мінску» ствараецца ўражанне, што Акадэмія мастацтваў не ў стане ні навучыць іх выплываць з візуальнага акіяну сучаснасці, ні тым больш даць нейкія арыенціры. Няма такіх арыенціраў і ў навакольным творчым асяроддзі — маладыя аўтары не ведаюць папярэднікаў, адсутнічае крытыка, знікае памяць пра ранейшых актараў — нехта з’ехаў, іншыя — пад забаронай.
Моладзь падсядае на патрыятычныя тэмы, заваёўвае ўзнагароды, адзіны дадатны момант – яны ствараюць працы не пра вайну Расіі з Украінай, а ўсё ж пра Другую сусветную.

Паказальна, што нават на «Трыенале маладых мастакоў», якое скіравана на пошук новых імёнаў, тэм і форм, у секцыі жывапісу перамагла Ганна Раманенка з творам «Наш абавязак — памятаць»… З іншага боку, можна маляваць нафтай, прэзентуючы яе як «сумленны і чысты матэрыял, які дае стваральную энергію гэтаму праекту і беларускім мастацкім практыкам, а за межамі гэтага праекта нафта, у прамым сэнсе, сілкуе сусветную эканоміку» (з куратарскай эксплікацыі да выставы ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў у Мінску). Такі цяпер у Беларусі «пошук новых імёнаў, тэм і форм», які авангард, такія і яго тэарэтыкі.
«Трымаць узровень!». Куратарскія поспехі
Трымаць узровень, дбаць пра мастацкую якасць і сэнсы твораў – сёння выклік. На жаль, такія выставы ў Беларусі часта застаюцца не зафіксаванымі, не асэнсаванымі. Будзем спадзявацца, што хто-небудзь у краіне піша гэтую гераічную хроніку.
Дзіна Даніловіч стала куратаркай праекта «Архіў. Прастора паміж…», прымеркаванага да 10-годдзя з дня заснавання Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў. Запрошаныя аўтары працавалі над тэмай памяці. У адпаведнасці з задумай куратаркі, экспазіцыя выглядала як дыялог людзей з рознымі поглядамі на жыццё і творчасць, з непадобным стаўленнем да ўспамінаў.

За межамі Беларусі мастакі – як і ў мінулыя гады – выжывалі, ладзілі выставы, дасягалі міжнародных поспехаў, атрымлівалі ўзнагароды, пра што мы цягам года пісалі, а пра нейкія рэчы – не паспявалі, таму што падзей было сапраўды шмат. Мастак, куратар і даследчык беларускага арт-працэсу Андрэй Дурэйка налічыў за год 574 замежныя падзеі з удзелам беларусаў.
Адзін з самых заўважных трэндаў года — поспехі беларускіх куратараў: гэта і інтэграцыя беларускіх даследчыкаў у інтэрнацыянальнае асяроддзе, і прэстыжныя праекты, і рэзанансныя публікацыі.

Адзначым «Кропку сходу» ў Берліне, дзе адной з куратарак была Вольга Архіпава, — выставу пра пошук арыенціраў ва ўмовах страчаных сэнсаў, а яшчэ дакладней — пра пошук месца, дзе сыходзяцца розныя кірункі і вынікі.
Куратарка і мастачка Алена Рабкіна зладзіла ў Берліне выставу прац беларускіх мастакоў і дызайнераў «Няма ракі без вытоку» пра беларускую ідэнтычнасць ва ўмовах эміграцыі, палітычнага ціску і культурных трансфармацый.
Вольга Мжэльская паказала ў Варшаўскім Драматычным тэатры выставу «Un-packing: Лакуны памяці» з творамі беларускіх і польскіх мастакоў, прасачыўшы сувязь паміж гісторыяй Падляшша і сучаснымі крызісамі.

Выстава «Калісьці мы былі дрэвамі, цяпер мы птушкі» ў берлінскай галерэі ifa была арганізавана куратарскай камандай з удзелам беларускай даследчыцы Ганны Карпенкі. На выставе паказалі працы мастакоў, якія знайшлі прытулак у Германіі. На фоне ўзмацнення ў свеце аўтарытарных сілаў, якія ўсё часцей характарызуюцца крызісамі, яны даследуюць пытанні самаідэнтыфікацыі, прыналежнасці, пошуку новых формаў існавання і супраціву. А таксама абставіны, якія прывялі да страты радзімы.
Цяпер Ганна Карпенка ўдзельнічае ў падрыхтоўцы вядомага міжнароднага праекта ў Германіі Skulptur Projekte Münster 2027.

Для арганізацыі выставы «Арсенал 60! Пра калекцыянаванне, калекцыю і любоў да Арсенала» ў галерэі «Арсенал» у Беластоку, запрасілі ўкраінку і беларуску: арт-гісторыка Таццяну Качубінскую і мастацтвазнаўцу, дырэктарку берлінскай галерэі сучаснага мастацтва Prater Лену Прэнц. Куратаркі пераасэнсоўвалі архіў мастацкай інстытуцыі і інтэгравалі выставу ў жыццё горада, задаючы пытанне, як галерэя ўпісана ў паўсядзённую практыку гараджан.
Андрэй Дурэйка стаў адным з куратараў дзюсельдорфскай выставы EU UA. Гэта дабрачынны праект Дзюсельдорфскага мастацкага аб’яднання ў знак салідарнасці з Украінай. Каля 190 мастакоў выставілі свае працы на продаж і ахвяравалі значную частку атрыманых сродкаў мастакам і арт-праектам ва Украіне. У выставе ўдзельнічалі украінскія і беларускія мастакі, а таксама вялікая колькасць дзюсельдорфскіх аўтараў — ад выпускнікоў акадэмій да вядомых асобаў.
Першы фестываль беларускага сучаснага відэамастацтва прайшоў у Польшчы пад куратарствам Уладзіміра Грамовіча. Фестываль SAMASIEJ быў арганізаваны з дапамогай Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку ў супрацоўніцтве з мясцовымі і міжнароднымі партнёрамі. Ініцыятарам фестывалю з’яўляецца Валентый Сельвясюк — мецэнат і заснавальнік Mochnarte Foundation.

У галерэі Voloshyn у Маямі летам працавала выстава «Планета на шпільцы», куратарам якой стаў Аляксей Барысёнак, беларускі даследчык і куратар. Назва выставы паходзіць ад ранняга фільма вядомага савецкага ўкраінскага рэжысёра Фелікса Собалева, які адсылае да пачуццяў халоднай вайны з яе страхам перад ядзерным канфліктам. Барысёнак правёў лінію ад гэтага бачання сярэдзіны XX стагоддзя да сённяшняй планетарнай нестабільнасці — свету, фрагментаваным унутранымі канфліктамі, экалагічным крызісам і палітычным распадам.
У Музеі сучаснага мастацтва ў Варшаве адкрылася выстава «Горад жанчын», адной з куратарак якой з’яўляецца Вера Залуцкая. Выстава паказвае багацце, разнастайныя традыцый і сілы фемінісцкага мастацтва, якое будзе прадстаўлена паралельна з гістарычнай манументальнай выставай «жаночае пытанне 1550-2025».

Антаніна Сцебур стала адной з куратараў выставы «Пра што марым разам? Глабальныя сувязі – занядбаныя сяброўствы» ў Нацыянальнай галерэі Zachęta ў Варшаве. Куратарская каманда з дапамогай архіва галерэі пераасэнсоўвала інтэрнацыянальныя сяброўствы Польскай Народнай Рэспублікі з краінамі так званай глабальнай большасці — Лацінскай Амерыкай, Індыяй, В’етнамам ці Палестынай — і шукала сувязі з антыэмігранцкімі настроямі ў сённяшнім грамадстве.
Таксама Антаніна Сцебур прызначаная куратаркай галоўнай выставы аднаго з самых уплывовых фестываляў лічбавага і медыямастацтва ў свеце transmediale 2027, што пройдзе ў Берліне. Яе канцэпцыя перамагла ў адкрытым міжнародным конкурсе.
Арт-кнігі
Бум беларускага замежнага кнігавыдання закрануў і выяўленчае мастацтва.

Арт-кніга беларускі Машы Святагор «Everybody Dance!» трапіла ў 10 найлепшых новых фотакніг свету. Яна стала вынікам сямігадовага мастацкага даследавання Святагор, прысвечанага візуальным стратэгіям прапаганды і працы з гістарычнай памяццю. Кніга – першы праект выдавецтва TAMAKA.
У Мінску выйшла кніга Рамана Аксёнава «Эпоха сыходзіць» з аўтарскімі канцэптуальныхмі малюнкамі.
Новая кніга Юлі Цімафеевай «Рэжу гісторыю сабой» спалучае вершы і калажы.
Фотакніга мастачкі з Палесся Ірыны Джыгіла «Oh my girl!» выйшла ў выдавецкім доме Snap Collective. У свежым і правакатыўным фотаальбоме беларуская фатографка шчыра захапляецца жаноцкасцю, уводзячы яе ў боскі абсалют.

Напрыканцы года архіў Veha выдаў кнігу «Руіны Беларусі», якая стала вынікам праекта, распачатага ў жніўні 2023 года: выставы, даследавання, сумеснай працы з экспертамі. Кніга аб’ядноўвае 45 сямейных і публічных архіваў. Выдаўцамі сталі Galeria Arsenał і Цэнтр беларускай культуры. Выданне даследуе беларускагае мінулае праз візуальную памяць і здымкі руін розных рэгіёнаў з архіваў, музеяў і ўласных калекцый людзей.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

“ мастакі трапляюць у турму, у тым ліку за свае творы”
A хто апрача Пушкіна? Пытанне непасрэдна да аўтаркі.