Пад шапкай «80-летия Великой Победы» ў беларускую культурную прастору прасоўваюць «гимн победам России во все времена и эпохи». Прычым робяць гэта праз Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.
28 траўня ў сценах Нацыянальнага мастацкага музея адкрылася мультымедыйная планшэтная выстава «Краіна перамог. Да 80-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне» — праект створаны ў супрацоўніцтве з Дзяржаўным Рускім музеем. Гэта выстава, паведамляецца ў анатацыі музея, стане ўнікальнай магчымасцю для тых, хто знаходзіцца далёка ад Санкт-Пецярбурга, пазнаёміцца з рэпрадукцыямі знакамітых палотнаў з калекцыі Рускага музея.

Выстава з такой жа назвай цяпер праходзіць у корпусе Бенуа Рускага музея ў Санкт-Пецярбургу. Дзякуючы сучасным тэхналогіям пазнаёміцца з гісторыяй расійскіх бітваў і подзвігаў змогуць жыхары і госці Мінска. Агляд экспазіцыі для гледача пачынаецца з жывапіснага партрэта Аляксандра Неўскага і з яго знакамітай фразы: «Хто да нас з мячом прыйдзе, той ад мяча і загіне».
На адкрыцці выставы ў Санкт-Пецярбургу гендырэктарка Рускага музея Ала Манілава сказала, што выстава стваралася як «гимн победам России во все времена и эпохи… Победы Александра Невского, Дмитрия Донского, Петра I, война с Наполеоном и, конечно, величайшая победа в Великой Отечественной войне – все этапы тысячелетней российской истории приводят зрителя к одному выводу: наша страна – это страна победителей и побед. Через массовый героизм, лишения, страдания и самопожертвование наш народ всегда побеждает в борьбе за Отечество. Так было, есть и будет».

На адкрыцці выставы рэпрадукцый у Мінску Манілава скарэктавала пафас сваёй прамовы, сказаўшы, што «наши духовные и культурные ценности накоплены предыдущими поколениями, и условия побед уходят корнями в 1000-летнюю историю».

Аднак самае ўражальнае ў гэтай выставе не словы расійскай дырэктаркі, а анатацыя Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, размешчаная на яго старонцы. Калі выбраць рускую мову, можна прачытаць наступныя радкі: «На протяжении всей истории России наши предки приносили великие жертвы, сохраняя и приумножая наследие, которое сегодня каждый из нас может гордо называть Отечеством.
Главными темами экспозиции, построенной по хронологическому принципу, станут сражения и победы, способствовавшие объединению государства и становлению православной веры, противостояние нашего народа многочисленным иноземным захватчикам и сохранение традиционных ценностей».

Калі выбраць беларускую мову, анатацыя напісана без расійскіх ідэалагічных уставак.
Гендырэктарка Рускага музея таксама распавяла, што абмеркавала ў Мінску з гендырэктарам беларускага музея Ганнай Конанавай амбіцыйныя планы супрацоўніцтва на бліжэйшыя гады.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram