Як з беларускіх творцаў канструююць мастакоў «расійскай прасторы»? Знайшлі адказ на «ўнікальнай» выставе ў Нацыянальным мастацкім

Главное
Іван Хруцкі. Партрэт невядомай з кветкамі і садавіной. 1838.

Рэдакцыя reform.news старанна спрабавала ігнараваць «унікальную і знакавую» выставу «Расія — Беларусь. Скрыжаванне лёсаў», што зараз праходзіць у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, аднак у нас не атрымалася. Зацяганыя фразы музейных анатацый пра «ўнікальнасць і адзінства», пра «важнасць культурнага яднання, агульнай гісторыі» і «культурнага збліжэння двух славянскіх народаў» здаваліся нам зусім не дзяжурнымі і змушалі іх фіксаваць. Паралельна назбіралася шмат падазроных і дзіўных ідэалагічных канструкцый гэтага манументальнага праекта, таму мы паспрабавалі ўсё раскласці па палічках.

Каб стварыць надзейны падмурак для будучай палітычнай інтэграцыі, менавіта цяпер актыўнымі тэмпамі ідзе пошук «кропкі зборкі агульнай культурнай прасторы». У двухкоссях — словы генеральнай дырэктаркі Рускага музея Алы Манілавай, што леглі ў аснову канцэпцыі сумеснага музейнага праекта «Расія — Беларусь. Скрыжаванне лёсаў».

Выставу рэкламуюць як унікальны праект, і з гэтым можна пагадзіцца: ёй папярэднічала велізарная праца адмыслоўцаў. У экспазіцыі сабралі выдатныя працы мастакоў XVIII — XX стагоддзяў з дзвюх прадстаўнічых дзяржаўных калекцый рускага і беларускага музеяў. Аўтары твораў нарадзіліся на тэрыторыі Беларусі, але мастацкую адукацыю атрымалі ў расійскіх культурных цэнтрах – Санкт-Пецярбургу і Маскве.

Здавалася б, з’явілася неверагодная магчымасць разабрацца з тым, як прынцыпы навучання ўплываюць на стылістыку мастакоў, з’яднаных месцам нараджэння. Аднак акцэнты ў канцэпцыі расстаўлены інакш: стваральнікі экспазіцыі збудавалі з гэтага факту ідэалагічны канструкт пра «агульны культурны код».

Як з беларускіх творцаў канструююць мастакоў «расійскай прасторы»? Знайшлі адказ на «ўнікальнай» выставе ў Нацыянальным мастацкім
Конанава, Чарнецкі і Манілава на адкрыцці выставы «Расія-Беларусь. Скрыжаванне лёсаў». Фота: minsknews.by

Палітычны кантэкст выставы

Палітычны запыт на стварэнне выставы пад назвай «Расія — Беларусь. Скрыжаванне лёсаў» ніхто асабліва і не хавае.

Рамачная дамова пра супрацоўніцтва галоўных мастацкіх музеяў дзвюх краін была падпісана падчас Расійска-беларускага музейнага форуму, які прайшоў у Мінску ў маі 2023-га. Расійская дэлегацыя была вялізнай, прыехалі дырэктары ўсіх федэральных музеяў, адбыўся «марафон дамоваў», як выказалася Ала Манілава, адна з арганізатараў мерапрыемства. Пазней яна яшчэ раз прыехала ў Мінск, каб пазнаёміцца з новапрызначанай кіраўніцай беларускага мастацкага музея Ганнай Конанавай і перайсці да канкрэтных дзеянняў. «Сталі шукаць творы, якія б працавалі на ідэю культурнага адзінства», — падзялілася Манілава дэталямі падрыхтоўкі выставы на прэс-канферэнцыі ў беларускім музеі.

Супольны праект спачатку адкрыўся ў Рускім музеі ў Санкт-Пецярбургу. Выставу спяшаліся прэзентаваць да важнай палітычнай падзеі: у верасні 2024-га распачаўся Санкт-Пецярбургскі форум аб’яднаных культур – міжнароднае прадстаўнічае мерапрыемства. Выставу ўбачылі міністры культуры 80 краін, для іх была праведзена невялікая экскурсія. На адкрыцці губернатар Санкт-Пецярбурга згадаў сумесныя расійска-беларускія культурныя праграмы, якія выконваюцца ў час і паспяхова. Ала Манілава гаварыла пра «традыцыйныя духоўныя сувязі» Расіі і Беларусі. У расійскай прэсе пісалі пра выставу як пра «важны гістарычны крок на шляху культурнага збліжэння двух славянскіх народаў».

Напрыканцы мінулага года творы пераехалі ў Нацыянальны мастацкі музей. На адкрыццё прыйшоў кіраўнік прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь Юрый Макушын. Новапрызначаны міністр культуры Руслан Чарнецкі ў інтэрв’ю журналістам сказаў: «Гэта пачатак сур’ёзных узаемаадносін і развіццё нашай агульнай культуры, агульнай рускай славянскай культуры (удакладняючая фраза міністра не патрапіла ў ніводны журналісцкі матэрыял – reform.news). На гэты год запланавана шмат цікавых мерапрыемстваў паміж музеямі, тэатрамі, канцэртнымі арганізацыямі, кінастудыямі».

Рускі музей прадстаўляла Ала Манілава, якая ў інтэрв’ю журналістам чарговы раз паўтарыла, што дзве дзяржавы аб’ядноўвае «агульны культурны код», і расказала пра перадгісторыю праекта. Паводле Манілавай, перад дзвюма інстытуцыямі стаяла задача «прааналізаваць навуковымі сіламі двух музеяў нашы карані, знайсці кропку зборкі нашай агульнай культурнай прасторы».

«Кропка зборкі» была знойдзена ў тым факце, што многія мастакі, якія нарадзіліся на гістарычных беларускіх землях, атрымалі прафесійную адукацыю ў расійскіх навучальных установах – Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу і Маскоўскім вучылішчы жывапісу, ваяння і дойлідства, установах вельмі прафесійных і даволі прэстыжных. Аднак ці можна з гэтай нагоды сцвярджаць, што гэтыя інстытуцыі з’яўляліся ў часы Расійскай імперыі і ў першай палове ХХ стагоддзя «кропкай зборкі агульнай культурнай прасторы»?

Прычым Ала Манілава, згадваючы выставу ў Санкт-Пецярбургу, адзначыла, што адрозненні беларускіх і рускіх мастакоў (нягледзячы на анатацыю, у экспазіцыі прадстаўлены і рускія мастакі, якія нарадзіліся ў Расіі) відавочныя: «Мы змаглі ўбачыць роднасць, але пры гэтым беларускія мастакі не трацілі беларускі каларыт, прытым, што яны мелі з нашымі мастакамі агульную мастацкую школу… Наша карнявая сістэма адзіная, пераплецена, яе немагчыма падзяліць. Нашы вытокі адзіныя, але з захаваннем, безумоўна, самабытнасці, якая адлюстроўваецца ў творчасці як рускіх, так і беларускіх мастакоў».

Анатацыя рускага музея ўтрымлівае наступнае назіранне: «Часцяком майстры атрымлівалі прафесійную адукацыю ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, належалі да адных мастацкіх аб’яднанняў і, як правіла, заставаліся ў рамках адзінай традыцыі. Разам з тым у іх творчасці захоўваліся нацыянальныя рысы, нацыянальныя героі і тыпажы, віды роднай прыроды… Выстава падкрэслівае важнасць культурнага яднання, агульнай гісторыі, духоўнай дружбы двух славянскіх народаў і з’яўляецца новым крокам на шляху бесперапыннага развіцця руска-беларускіх адносін».

Анатацыя Нацыянальнага мастацкага абстрагуецца ад катэгарычных палітычных высноў: «У аснове канцэпцыі выставачнага праекта – ідэя аб гістарычнай культурнай агульнасці дзвюх сучасных суверэнных дзяржаў, Расіі і Беларусі, унікальнасці і адзінстве, аўтэнтычнасці і ўзаемаўплывах у прасторы культуры».

Калі ў нас была гэта гістарычная культурная агульнасць з Расіяй, у анатацыі не тлумачыцца. І далей: «Часта пачатак творчага шляху беларускіх майстроў звязаны з галоўнымі культурнымі цэнтрамі Расіі, з Санкт-Пецярбургам (Ленінградам) і Масквой, дзе, выхаваныя ў рамках традыцыі рускай мастацкай школы, яны ў сваёй творчасці захавалі самабытныя нацыянальныя рысы». 

Як з беларускіх творцаў канструююць мастакоў «расійскай прасторы»? Знайшлі адказ на «ўнікальнай» выставе ў Нацыянальным мастацкім
Фрагмент экспазіцыі выставы. Фота: minkultrb

Расійская акадэмія не стала «плавільным катлом» для суседніх культур

Да сярэдзіны ХХ стагоддзя на землях былога Вялікага Княства Літоўскага не было вышэйшых мастацкіх устаноў, акрамя мастацкіх кафедр Віленскага ўніверсітэта, закрытага расійскімі ўладамі ў 1832 годзе. Наступная вышэйшая мастацкая ўстанова ў Беларусі з’явіцца толькі ў 1953 годзе, калі ў тэатральна-мастацкім інстытуце ў Мінску адкрыецца мастацкі факультэт, які стаў своеасаблівым пераемнікам мастацкай сярэдняй установы ў Віцебску.

У гэты перыяд маладыя таленты, каб завяршыць сваю мастацкую адукацыю, мусілі кудысьці па яе ехаць.

Напрыклад, у Санкт-Пецярбург, дзе была Імператарская Акадэмія мастацтваў, заснаваная ў сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя па ўзоры французскай, напачатку і з французскімі выкладчыкамі. Ці ў Германію, Францыю, Італію, калі былі на гэта сродкі ці знаходзіліся мецэнаты. Аднак чамусьці ніхто з гэтых краін, акрамя Расіі, не шукае «кропку зборкі агульнай культурнай прасторы» ў факце навучання замежных студэнтаў у сценах сваіх мастацкіх устаноў. Можа, таму, што разумеюць, што культурная, мастацкая прастора – адкрытая, цяжка рэгламентаваная, а ўплывы ў ёй цыркулююць незалежна ад палітычных межаў. А тое, што ў анатацыях называюць агульнай мастацкай школай, з’яўляецца вынікам панавання розных мастацкіх стыляў, якія нараджаліся тады ў Еўропе і паступова даходзілі да правінцыйнай у мастацкім сэнсе Расійскай імперыі. Да пачатку ХХ стагоддзя імператарская Расія не прадукавала вялікіх мастацкіх адкрыццяў сусветнага значэння. А найлепшыя выпускнікі расійскай акадэміі ў якасці ўзнагароды ехалі дасканаліць сваю адукацыю ў Еўропу – у сусветныя мастацкія цэнтры. Магчыма, кропку зборкі агульнай культурнай прасторы трэба шукаць у Італіі ці Францыі?

Польская моладзь гэтаксама не мела магчымасці вучыцца на радзіме ў вышэйшых навучальных установах. Адным з заступнікаў 2025 года абвешчана польская мастачка Вольга Базнаньска, якая вучылася ў баварскім Мюнхене напрыканцы 1880-х. У тым жа Мюнхене дзесяцігоддзем раней адукацыю атрымаў знакавы польскі творца Юзаф Хэлмоньскі. Акадэмію ў Мюнхене закончыў у 1859 годзе і культавы польскі мастак Ян Матэйка. У гэтым нямецкім горадзе вучылася і працавала вялізная дыяспара польскіх творцаў. Дзе дэкларацыі пра агульную польска-нямецкую культурную прастору і размовы пра кропку зборкі?

Адзін з класікаў латвійскага жывапісу і першы рэктар Латвійскай акадэміі мастацтваў (з 1919 года) Вільгельм Пурвіціс вучыўся ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў у Архіпа Куінджы. Прыехаўшы на радзіму, распрацаваў уласны мастацкі стыль. І зноў жа – ніякіх размоў пра агульную культурную прастору цяпер не ідзе.

Сярод аўтараў выставы ў Нацыянальным мастацкім музеі – знакавыя для беларускага мастацтва імёны — Іосіф Аляшкевіч, Апалінарый Гараўскі, Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Станіслаў Жукоўскі, Юдаль Пэн, Марк Шагал, Май Данцыг, Георгій Ніскі, Ілья Чашнік, Анатоль Каплан, Анатоль Тычына… Усяго каля пяцідзесяці мастакоў XVIII — XX стагоддзяў, што нарадзіліся на тэрыторыі Беларусі, а адукацыю атрымалі ў расійскіх культурных цэнтрах (прынамсі так іх пазначае анатацыя выставы). Што не перашкодзіла частцы гэтых творцаў вярнуцца на радзіму, развіваць сваю стылістыку і вырашаць у творчасці тыя тэмы, якія хвалявалі іх асабіста. Гэтых аўтараў не лучыць паміж сабой ні тэматыка, ні палітычная пазіцыя.

Будучы мастак паступае ў акадэмію ўжо сфармаваным чалавекам, звычайна з устойлівай ідэнтычнасцю. А закончыўшы навучанне, пачынае шукаць свой стыль. Нездарма сталыя майстры тлумачаць моладзі, што каб адшукаць уласны шлях у мастацтве, трэба забыць усё, чаму цябе вучылі.

Валенцій Ваньковіч, Дом-музей якога знаходзіцца ў Мінску, 16-гадовым юнаком запісаўся ў Віленскі ўніверсітэт Стэфана Баторыя на факультэт малявання. Настаўнікам Ваньковіча быў вядомы мастак Ян Рустэм. Паводле пастановы ўніверсітэцкай рады Ваньковіч быў накіраваны на завяршэнне мастацкай адукацыі ў Імператарскую Акадэмію мастацтваў у Пецярбургу (1825—1828). За дыпломную праграму «Подзвіг кіяўляніна ў 988 годзе» Ваньковічу прысуджаюць Малы залаты медаль з правам стажыроўкі за мяжой.

Ваньковіч вяртаецца дадому, і гэтыя гады у Імператарскай Акадэміі не змаглі перапраграмаваць яго культурны код: ён не далучыўся да антырасійскага паўстання 1830-1831 гадоў толькі з прычыны хваробы.

Як было сказана вышэй, самабытнасць беларускіх майстроў прызнае і дырэктарка Рускага музея. Падобныя фразы ўвойдуць у анатацыю беларускага мастацкага музея і з’явяцца ў рускай анатацыі.

Адкуль жа паўстаў канструкт пра «агульную культурную прастору», калі ніякіх візуальных яе праяў не назіраецца. У выніку вельмі простай маніпуляцыі. Ала Манілава, якая відавочна з’яўляецца галоўным ідэолагам выставы, прыводзіць у прыклад Яўсея Майсеенку, які нарадзіўся ў 1916 годзе ў Магілёўскай губерні Расійскай імперыі. Пасля заканчэння сямігодкі ён пераехаў у Расію, дзе атрымаў мастацкую адукацыю. Беларуская вікіпедыя падае яго як беларускага мастака, расійская – як расійскага. У Гомельскай вобласці, у горадзе Буда-Кашалёва працуе карцінная галерэя імя Яўсея Майсеенкі.

Мастак быў узнагароджаны ў Расіі ўсімі магчымымі ўзнагародамі, аднак усе ведалі, што ён з Беларусі, — сказала Манілава на прэс-канферэнцыі ў Мінску. «Немагчыма раздзяліць. Вось ён агульны культурны код», — эмацыйна падсумавала дырэктарка Рускага музея. «Нашы агульныя карані, якіх не расплесці»

У чым тут маніпуляцыя? У тым, што з факту прыватнай біяграфіі робяцца палітычныя высновы. Іспанец Пікаса (ці Пікасо ў французскай інтэрпрэтацыі) – гэта французскі ці іспанскі мастак? А Ван-Гог, які пражыў у Францыі толькі некалькі гадоў, нідэрландскі ці французскі творца? Яны агульныя для гэтых краін, аднак з гэтага факту ніякіх экспансіянісцкіх рухаў дзеля аднаўлення былой велічы вялікай Францыі ў суседніх краінах мы не назіраем. Няма  сумневаў, што ніякага «марафону дамоваў», якія ламалі б усе музейныя планы, на ўмоўных іспанска-французскіх музейных форумах, не адбываецца.

Пры адсутнасці нацыянальнай дзяржавы людзі з нацыянальных акраін Расійскай імперыі самі выбіралі сваю культурную ідэнтычнасць. Мастак, які нарадзіўся ў Расійскай імперыі ў Паўночна-Заходнім краі ў ХІХ стагоддзі, мог стаць польскім, рускім, літвінскім, краёвым, тутэйшым і нарэшце – беларускім мастаком, у залежнасці ад яго культурных арыенціраў. Гэтаксама Янка Купала мог лёгка стаць польскім паэтам. Ён і пачынаў як польскамоўны паэт, бо польскія культурныя ўплывы на пачатку ХХ стагоддзя былі ў тагачаснай Беларусі даволі моцнымі.

Як з беларускіх творцаў канструююць мастакоў «расійскай прасторы»? Знайшлі адказ на «ўнікальнай» выставе ў Нацыянальным мастацкім
Васіль Сазонаў. Дзмітрый Данскі на Куліковым полі. 1824. Фота: t.me/minkultrb

Расійска-беларускія ўплывы і сувязі

Расійская адукацыя безумоўна паўплывала на творчасць сваіх выпускнікоў. «Класічнае рускае і беларускае мастацтва аб’ядноўвае агульная школа, якая фармавала падобнае мастацкае бачанне, заснаванае на агульнай школе і падабенстве мастацкага светапогляду», — цалкам аб’ектыўна пазначана ў анатацыі да выставы.

Некаторыя мастакі, закончыўшы вышэйшую навучальную ўстанову ў Расіі, заставаліся ў Санкт-Пецябургу ці Маскве і лічылі сябе рускімі мастакамі.

Як, напрыклад, Васілій Сазонаў, які быў прыгонным чалавекам графа Румянцава ў Гомелі. Граф, заўважыўшы ў хлопчыка здольнасць да мастацтва, адправіў яго за свой кошт на вучобу ў Імператарскую Акадэміі мастацтваў у 1804 годзе, а пасля адпусціў на волю. Гэты факт з’яўляецца прыватным выбарам чалавека, які, відавочна, толькі на рускай культуры і выхоўваўся — як у пакоях рускага графа, так і ў імператарскай акадэміі.

Падобны лёс у Сяргея Заранкі, які нарадзіўся ў 1818 годзе ў вёсцы Ляды Магілёўскай губерні ў сям’і прыгоннага селяніна. У сярэдзіне 1820-х гадоў князь Ксаверый Любамірскі даў вольную бацькам будучага мастака, і яны разам з дзецьмі з’ехалі ў Санкт-Пецярбург, дзе кіраўнік сямейства ўладкаваўся на службу да князя Галіцына. Пазней Сяргей Заранка стане акадэмікам і прафесарам Імператарскай Акадэміі мастацтваў, прафесарам Маскоўскага вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства.

Той жа Яўсей Майсеенка кіраваў майстэрняй у Акадэмічным інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна, выхаваў некалькі пакаленняў мастакоў.

Мастакі з Беларусі выкладалі і працавалі ў Расіі, рускія мастакі прыязжалі ў Беларусь, уплывы былі рознабаковымі.

Напрыклад, вучань Левітана і Паленава Вітольд Бялыніцкі-Біруля ва ўсіх энцыклапедыях пазначаецца як рускі, савецкі і беларускі жывапісец-пейзажыст, народны мастак БССР (1944) і РСФСР (1947), сапраўдны член Акадэміі мастацтваў СССР (1947). Член Таварыства перасоўных мастацкіх выстаў (з 1904), Саюза рускіх мастакоў, АХРР (з 1922). Развіваў традыцыі рускага лірычнага пейзажу канца XIX стагоддзя. Нарадзіўся ў 1872 у вёсцы Крынкі Бялыніцкага раёна Магілёўскай губерні Расійскай імперыі ў сям’і дробнага арандатара. Нягледзячы на такую веерную культурную ідэнтычнасць, ён стварыў вельмі характарныя беларускія краявіды, што ўваходзяць у наш візуальны канон.

Як з беларускіх творцаў канструююць мастакоў «расійскай прасторы»? Знайшлі адказ на «ўнікальнай» выставе ў Нацыянальным мастацкім
Фрагмент экспазіцыі выставы. Фота: kultura-info

Польскія і французскія ўзаемаўплывы

Культурная прастора на землях сённяшняй Беларусі ў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя была надзвычай складанай, тут сутыкаліся і перасякаліся самыя розныя ўплывы. Такой жа складанай была самаідэнтыфікацыя мясцовых мастакоў. Надзвычай моцнымі былі польскія ўплывы на беларускую культуру. Выстава на гэтую тэму атрымалася б не менш аб’ёмнай.

І непараўнальна больш выніковымі для сусветнага мастацтва былі і працягваліся нават у ХХІ стагоддзі (можна згадаць мастакоў Барыса Заборава ці Рамана Заслонава) беларуска-французскія ўзаемаўплывы. У тым жа Нацыянальным мастацкім музеі ў 2012 годзе працавала выстава пад назвай «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі. З калекцыі «Белгазпрамбанка», музейных і прыватных збораў». На гэтай выставе былі прадстаўлены больш за сотню твораў знакамітых землякоў з сусветнымі імёнамі: Марка Шагала, Хаіма Суціна, Восіпа Цадкіна, Пінхуса Крэменя, Мішэля Кікоіна, Восіпа Любіча, Сэма Зарфіна і іншых. У пачатку ХХ стагоддзя Парыж лічыўся сталіцай сусветнага мастацтва і прыцягваў творцаў з розных краін, у тым ліку мноства аўтараў з Беларусі, якія далі падставу згадваць нашу краіну ў кантэксце сусветнага мастацтва.

Як з беларускіх творцаў канструююць мастакоў «расійскай прасторы»? Знайшлі адказ на «ўнікальнай» выставе ў Нацыянальным мастацкім
Антон Ласенка. Уладзімір і Рагнеда. 1770. Фота: wikipedia

Гісторыя вяртаецца на старое кола?

Згаданы раней Валенцій Ваньковіч на гэтай выставе не прадстаўлены ніводным творам, затое выключнае месца (цэлую сцяну) займае карціна Антона Ласенкі «Уладзімір і Рагнеда», прывезеная з Рускага музея. Яна была створана ў 1770 годзе і стала «першай гістарычнай карцінай у расійскім жывапісе на сюжэт расійскай гісторыі», — пішуць даведнікі. Прадстаўнік класіцызму, заснавальнік рускага гістарычнага жывапісу Антон Паўлавіч Ласенка нарадзіўся ў горадзе Глухаве (Украіна) у сям’і рускага купца, які па гандлёвых справах часта бываў ва Украіне і Польшчы, пазней пасяліўся ў Глухаве.

Якім чынам гэты аўтар звязаны з «гістарычнымі беларускімі землямі»? Нягледзячы на анатацыю, на выставе прадстаўлены і рускія мастакі. Сюжэт гэтай карціны тычыцца нашай агульнай гісторыі. Як тут не згадаць сумны жарт пра тое, што ў нас з рускімі стагоддзі агульнай гісторыі, аднак гэта гісторыя войнаў.

Расійскі журналіст, паўтараючы думку куратара санкт-пецярбургскай выставы Рыгора Галдоўскага, называе карціну «своеасаблівым эпіграфам да выставы і ключом да яе назвы». Гэты твор быў замоўлены Ласенку за пару гадоў да першага падзелу Рэчы Паспалітай, то-бок з’яўляецца прапагандысцкай працай з выдуманым сюжэтам.

У карціне паказана, як наўгародскі князь Уладзімір просіць прабачэння ў полацкай княжны Рагнеды пасля яе згвалтавання і забойства бацькі і братоў. Сюжэт з’яўляецца фантазіяй аўтара, у пісьмовых крыніцах гэтага няма, затое ёсць запіс пра тое, як Рагнеда пазней паспрабуе забіць гвалтаўніка, а малы сын яе абароніць… І атрымае ва ўладанні свае землі.

Што хацелі сказаць ідэйна падкаваныя арганізатары выставы? Падобна, што кожны бок – і расійскі, і беларускі, мае тут сваё бачанне.

Без гэтага адыёзнага твора і небяспечнай палітызацыі магла б атрымацца выдатная выстава. Жангляванне выразамі пра агульны культурны код ператварае гэты праект у двухсэнсоўнае прапагандысцкае выказванне. Як і візуальныя акцэнты, хітра расстаўленыя ў гэтай экспазіцыі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

  1. Арчык

    „ Сюжэт гэтай карціны тычыцца нашай агульнай гісторыі”. Толькі  гісторыі Ўкраіны і Беларусі. Масквы ў часы Рагнеды не існавала, а Ноўгарад быў толькі заснаваны , прычым як паўночны фарпост Кіева. 

    Ответить

Последние новости