«Нефільтраванае кіно» — адзін з самых нефарматных беларускіх кінафестываляў кароткага метра, які даследуе прыроду кіно, страхі і настроі грамадства, аб’явіў сваю праграму, час і месца правядзення.
Сёлета XI эдыцыя кінафоруму пройдзе з 23 па 27 красавіка ў трох гарадах — Варшаве, Хельсінкі і Вільні.
«Нефільтраванае кіно» займае асаблівае месца на беларускай мапе кінападзей: фэст звяртае ўвагу на кіно «на мяжы» — прафесійнага і аматарскага, глабальнага і лакальнага, намагаючыся адмовіцца ад оптыкі «вялікага экрана», погляду, навязанага кінаметраполіямі. «Нефільтраванае кіно» заўжды ставіў на «самабытнасць», эксперымент, прапануючы гледачу часам і нязручныя кінадосведы.
«Нефільтраванае кіно глядзіць скрозь старонкі турыстычных буклетаў, паміж радкоў авантурных апавяданняў падарожнікаў. Мы наладжваем наш Хабл на далёкія і разам з тым вельмі блізкія сусветы … гэтага хаосу адчужэння і вар’яцкага спажывання. Мы паспрабуем знайсці ноткі ісціны, з першых рук, без пасярэдніцтва СМІ, ноткі, якія збліжаюць», — так гучыць філасофія фэсту.
Пасля падзей 2020 года «Нефільтраванае кіно» працяглы час заставаўся адзіным незалежным афлайн-кінафестывалем у Беларусі, але ў 2024 годзе яго таксама закранулі рэпрэсіі і форум быў вымушаны перанесці свае паказы ў іншыя гарады.

Сёлета па выніку адбору каманда фэсту сфарміравала дзевяць розных кінапраграм, паглядзець якія можна падчас пяці сеансаў у розных гарадах.
Напрыклад, «Беларуская праграма» будзе дэманстравацца 23 красавіка на пляцоўцы СreateCulture Space у Вільні, 25 красавіка ў Kinokateka ў Варшаве, 26 красавіка ў Kitchen Lab Tarvo ў Хельсінкі. Паказы праграмы «Анталогія» і Solo Soul Sauna адбудуцца 27 красавіка ў Вільні ў кінатэатры Skalvija і адпаведна ў Хельсінкі ў Kitchen Lab Tarvo. Таксама плануецца дэманстрацыя фільмаў агляду анлайн.
Сёлета ў Беларускую падборку ўвайшлі кароткаметражныя карціны: «Забыцца» Паўла Станкуса, «Зручны хлопец» Арсенія Алейніка і Аляксандра Мікхіна, «Офіс» Лены Ле, «Кавалерка» Андрэя Корзана, «Апошняя змена» Максіма Шведа, «ОШМ» Вовы Вяселіка і Алега Пекара, «Цень радасці» Зміцера Пылыпіва і «Рэдкія віды» Антося Сівых.
«Гэтая падборка беларускіх фільмаў апошняга года прапануе прызматычнае адлюстраванне грамадства, якое перажывае міграцыю, экзістэнцыйную нявызначанасць і сутыкненне асабістай і калектыўнай памяці. Фільмы не паддаюцца маналітным інтэрпрэтацыям, а выкарыстоўваюць гібрыдныя формы — сюррэалізм, неа-нуар, відэаарт, паэтыку, дакументалістыку — каб даследаваць ідэнтычнасць у гэтым патоку перамяшчэння і сутыкнення», — так прадстаўляе актуальную Беларускую праграму каманда незалежнага кінафоруму.
Дазнацца больш пра XI эдыцыю фестываля можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram