«Не падазравалі, што будзем перажываць тое ж самае»: Сяргей Будкін падвёў вынікі праекта «Нерасстраляныя»

Главное
Скрын прома-відэа да музычнага праекту "(Не) расстраляная паэзія" інтэрнэт-парталу TuzinFM.by

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Мінску, меркавана ва ўрочышчы Курапаты, савецкая ўлада расстраляла больш за сто прадстаўнікоў нашай інтэлектуальнай эліты. Сярод іх былі 22 літаратары. Сёння гэта дата адзначаецца як «Ноч паэтаў».

Сяргей Будкін, аўтар ідэі і кіраўнік праекта “(Не)расстраляныя”, распавёў пра працу з тэмай рэпрэсій на сустрэчы ў Беларускім Моладзевым хабе ў Варшаве.

"Не падазравалі, што будзем перажываць тое ж самае": Сяргей Будкін падвёў вынікі праекта "Нерасстраляныя"
Сяргей Будкін на імпрэзе, прысвечанай «Ночы (Не)расстраляных паэтаў». Беларускі Моладзевы Хаб. Фота: Reform.by.

Ён вызначыў тры ўзроўні працы з гэтай тэмай.

Першы –­ базавы — гэта ўшанаванне, якое адбываецца на асабістым узроўні, у фармаце талакі, памінальнай службы ці, напрыклад, вечара памяці.

Другі ўзровень – палітычны. На ім фармуецца агульнае, дзяржаўнае стаўленне да гэтых падзей. У Беларусі з гэтым кепска: тэма не прысутнічае ў афіцыйным дыскурсе, а камуністычны тэрор не быў прызнаны злачынствам.

Каб гэта адбылося ў будучыні, варта правесці падрыхтоўчую працу: сабраць факты рэпрэсій і на розных узроўнях давесці неабходнасць іх асуджэння.

Такая праца робіцца многімі людзьмі. Напрыклад, Леанід Маракоў, якога больш няма з намі, зрабіў каласальны аб’ём працы па даследаванні імёнаў не толькі тых, хто быў ахвярамі рэпрэсій, але і іх катаў. На «Радыё Свабода» распрацаваны праект «Картатэка Сталіна» з імёнамі рэпрэсаваных, дзейнічае праект «Віртуальны музей савецкіх рэпрэсій у Беларусі».

"Не падазравалі, што будзем перажываць тое ж самае": Сяргей Будкін падвёў вынікі праекта "Нерасстраляныя"
Скан сайта tuzinfm.by/nierasstralianyja. Партрэты забітых літаратараў.

Спасылкі на такога кшталту праекты можна знайсці тут.

Летась Беларуская Рада культуры анансавала падрыхтоўку дакумента аб неабходнасці асуджэння злачынстваў камунізму. Ён быў прыняты на ўзроўні Аб’яднанага пераходнага кабінета.

На трэцім узроўні гаворка вядзецца пра культуру памяці, пра тое, якімі метадамі і інструментамі трэба працаваць над траўмай мінулага. Каб тыя галасы, якія гучалі ў трыццатых, ажылі і натхнілі нас, каб мы іх прапусцілі праз сябе.

«Мы хацелі надаць гэтаму часу аб’ём і паказаць тым самым, што варта яго глыбей зразумець, прыняць, вывучыць, каб мы за сухімі радкамі біяграфій пабачылі цікавыя факты, якія б паказвалі, што чалавек жыў, кахаў, здраджваў», — зазначае Сяргей Будкін.

З гэтымі мэтамі і быў створаны праект «(Не)расстраляныя» партала Tuzinfm.by – найбольш поўны рэсурсе па тэме. Праект пра жыццё і пра любоў, — як называе яго сам аўтар.

На партале акумуляваныя біяграфічныя матэрыялы, спасылкі на вершы, там можна паслухаць запісаныя песні, паглядзець адкрытыя лекцыі, што прайшлі ў Мінску і абласных гарадах, прайсці курс Лятучага ўніверсітэта.

Былі створаны два ролікі, прысвечаныя героям праекта, у іх узялі ўдзел прафесійныя акторы.

«У першым роліку мы спрабавалі аднавіць атмасферу 1930-х, тую трывогу, якая тады лунала ў паветры, — расказвае Сяргей Будкін. — Здымалі мы гэта ў 2019, і канешне, не падазравалі, што будзем перажываць самі тое ж самае.

У другім роліку мы памясцілі нашых герояў у абставіны сучаснага Мінска, здымалі на Нямізе, Курапатах. І спадзяваліся, што гэтыя вобразы будуць увасоблены ў тэатральнай частцы праекта ці ў кіно».

Важная частка гэтага праекта — музычная. З яе дапамогай атрымалася даць голас кожнаму паэту трыццатых і вярнуць іх творы ў сучасную прастору.

Канцэртная прэзентацыя праекта прайшла 29 кастрычніка 2017 года ў мінскім клубе «Брюгге».

"Не падазравалі, што будзем перажываць тое ж самае": Сяргей Будкін падвёў вынікі праекта "Нерасстраляныя"
Кніга «Нерасстраляныя». Фэйсбук Сяргея Будкіна.

Гэтыя даследаванні ўвасобіліся ў выданні «Нерасстраляныя», у якое ўвайшлі 18 гісторый жыцця рэпрэсаваных беларускіх літаратараў, іх абраныя творы і ўнікальныя архіўныя фотаздымкі.

Спадар Сяргей падзяліўся дэталямі падрыхтоўкі кнігі. Напрыклад, доўга абмяркоўвалі, якім правапісам друкаваць — наркомаўкай ці тарашкевіцай. Пагадзіліся з Вінцуком Вячоркам, што тарашкевіца выглядае больш лагічна, бо і сам Браніслаў Тарашкевіч быў расстраляны разам з іншымі мовазнаўцамі, і правапіс таксама быў «расстраляны», а напісаныя кнігі спаленыя, знішчаныя, канфіскаваныя з бібліятэк.

Дызайн выдання распрацаваў Wiecier Mechaniczny, сваю ідэю аздаблення патлумачыў так: «Ні адно жыццё не ўзнікае з ніадкуль і ў нікуды не прападае. Людзі, іх лёсы і іх словы праяўляюцца на бярозах». Менавіта бяроста стала галоўным візуальным матывам кнігі «Нерасстраляныя». У 2022 годзе дызайнер стаў лаўрэатам прэміі Міхала Анемпадыстава за найлепшае аздабленне кнігі. Сама кніга была прызнана найлепшай кнігай у 2021 годзе ў жанры нон-фікшн па версіі «Радыё Свабода» і атрымала прэмію Алеся Адамовіча як лепшая кніга года ў 2022-м.

У межах праекта былі выдадзены дызайнерскія нататнікі аўтарства Кацярыны Пікірэні. На кожным з іх пазначана імя паэта, выбраная цытата, аўтарскі партрэт, а ўнутры — пустыя старонкі. На думку аўтаркі, мэта праекта — падхапіць нявыказаныя і ненапісаныя словы тых, чый творчы палёт абарвалі.

Нягледзячы на тое, што аўтар «Нерасстраляных» Сяргей Будкін лічыць сваю місію выкананай, праект працягвае сваё жыццё і не заканчваецца гэтай кнігай. «Можа быць бясконцая колькасць працягаў, таму што гэта тэма належыць усім і кожны вырашае сам, на якім узроўні ён можа яе працягнуць — у спевах, у сваіх вершах, нават проста ў сваіх думках, нават раз на год.

Важна, каб гэтыя рэпрэсіі не паўтараліся, і я веру ў сілу агульнай энергіі, здольную нешта зрушыць», — дадаў ініцыятар «Нерасстраляных» напрыканцы.

Гэтым годам «сіла агульнай энергіі» акумулюецца ў вялізнай колькасці ініцыятыў.

Частка мерапрыемстваў ужо адбылася. Сёння чакаюцца імпрэзы ў 15 краінах.

Вечарам адбудуцца чытанні і вечары памяці ў Берліне, Брэмене, Сан Францыска, Таронта, Вільні, Клайпедзе, Кіеве, Празе, Беластоку, Варшаве, Гданьску, Кракаве, Лодзі і іншых польскіх гарадах. Вечарына-мітынг “Ноч расстраляных паэтаў” на Гарадской плошчы адбудзецца ў Осла. Лекцыя-спектакль “Каралі беларускага Парнаса” ў выкананні Васіля Дранько-Майсюка і Алены Баяравай у Дзюсельдорфе.

У Варшаве пройдзе шмат мерапрыемстваў. Ля катынскага помніка ў 17.00 акцыю «Вяртанне імёнаў» ладзяць Вясна і Міжнароднае таварыства «Мемарыял». У 20.00 у касцёле Святога Аляксандра адбудзецца канцэрт памяці, а ў Karma Crew адкрыюць мурал Ташы Кацубы.

Некалькі мерапрыемстваў адбудзецца анлайн, напрыклад лекцыя Мікіты Моніча і чытанне вершаў расстраляных паэтаў і сучасных палітвязняў (трансляцыя падзеі ў YouTube) і сустрэча беларусаў ЗША.

Тут сабраныя ўсе падзеі «Ночы паэтаў».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: