«Не магу цяпер уявіць сабе кіно, у якім не будзе палітычных тэм», — рэжысёрка Улада Сянькова ў VODBLISK talk пра рэчаіснаць беларускага кінематографа

Культура
Фота: Максім Швед.

Улада Сянькова — рэжысёрка незалежнага беларускага кіно родам з Віцебска. Яна дэбютавала ў 2015 годзе з поўнаметражнай стужкай «Граф у апельсінах», якая атрымала Discovery Award на Міжнародным кінафестывалі ўсходнееўрапейскіх фільмаў у нямецкім Котбусе. Сярод прац Улады таксама «II», «З вялікай вышыні». Шмат праектаў кінематаграфісткі знаходзяцца ў распрацоўцы. Адметнасць кіно Улады — гэта погляд без «упрыгажэнняў» на сучаснае беларускае грамадства, яго праблемы; яна адкрыта кажа ў сваіх карцінах пра бежанства, булінг, іншыя хваравітыя пытанні, і пры гэтым робіць гэта не плакатна, а сродкамі кіно, у якім жывая прастора ствараецца за лік выдатнага акторскага ансамбля, рухомай чулай камеры і шчырай сучаснай гісторыі.

Учора, 24 чэрвеня, у анлайн-кінатэатры VODBLISK адбылася гутарка з рэжысёркай Уладай Сяньковай, у якой яна распавяла пра ўзаемасувязь палітыкі і кінематографа, складанасці стварэння беларускага кіно ў сённяшняй рэальнасці. Размаўляла з аўтаркай дырэктарка кінафэсту “Паўночнае ззянне” і анлайн-кінатэатра VODBLISK Воля Чайкоўская.

«Не магу цяпер уявіць сабе кіно, у якім не будзе палітычных тэм», — рэжысёрка Улада Сянькова ў VODBLISK talk пра рэчаіснаць беларускага кінематографа
Падчас размовы Волі Чайкоўскай з Уладай Сяньковай.

Наталля Вавілонская адмыслова для Reform.by прыводзіць цікавыя вытрымкі з размовы.

«Гэта вялікая свабода, рабіць кіно, калі ты разумееш, што ты яго робіш проста для сябе, каб кіно было»

У чэрвені беларускі анлайн-кінатэатр VODBLISK прадставіў гледачам новы фільм у сваёй калекцыі — сучасную падлеткавую драму “II”. Фільм “II” — другі поўны метр рэжысёркі, які першапачаткова задумваўся як кароткаметражная праца. Аднак у выніку атрымаўся поўнаметражны фільм, які ў 2019 годзе атрымаў узнагароду ў конкурснай секцыі «Свабодны дух» на Варшаўскім кінафестывалі.

— Гэта першапачаткова была замова на кароткі метр ад UNESCO. Ніхто не думаў пра фестывалі, мы проста хацелі зрабіць добрае кіно. І гэта вялікая свабода, рабіць кіно, калі ты разумееш, што ты яго робіш проста для сябе, каб кіно было. Я разумела, што гэта будзе кароткі метр, хоць і трэба крыху больш часу, каб расказаць гэтую гісторыю. А потым неяк атрымалася так, што яно [кіно] стала вялікае, і здарыліся фестывалі, — успамінае рэжысёрка.

«Не магу цяпер уявіць сабе кіно, у якім не будзе палітычных тэм», — рэжысёрка Улада Сянькова ў VODBLISK talk пра рэчаіснаць беларускага кінематографа
Афіша да фільма Улады Сяньковай «II». Фота: vodblisk.northernlightsff.com.

Пасля заканчэння БДУ па спецыяльнасці «камп’ютарны лінгвіст-перакладчык» Улада вучылася ў Мінскай кінашколе-студыі Андрэя Палупанава, а потым скончыла Варшаўскую кінашколу Анджэя Вайды.

— Я заўсёды хацела рабіць кіно. Але неяк у мяне не было волі, каб пачаць вучыцца рабіць кіно адразу пасля школы. І пасля таго, як скончыла ўніверсітэт, я шмат пісала тэкстаў і вырашыла, што трэба пайсці павучыцца пісаць сцэнары. Атрымалася так, што я навучылася, але проста не хацела, каб па маіх сцэнарах нехта яшчэ здымаў кіно, — з усмешкай тлумачыць Улада сваё жаданне займацца рэжысурай.

Фільм “II” выйшаў у 2019 годзе, ужо тады беларуская кінематаграфістка згадвала ў інтэрв’ю пра свой праект «Юркі» (тады ён меў назву «Памылка 404»), аднак пакуль ён не быў рэалізаваны.

Іншых фільмаў рэжысёрка з таго моманту не выпускала.

«Не магу цяпер уявіць сабе кіно, у якім не будзе палітычных тэм», — рэжысёрка Улада Сянькова ў VODBLISK talk пра рэчаіснаць беларускага кінематографа
Кадр з фільма «II». Фота: vodblisk.northernlightsff.com.

Цяпер Улада жыве ў Варшаве і працуе рэпетытаркай. А паралельна шукае сродкі для рэалізацыі свайго кінапраекта, для чаго наведвае буйныя кінафестывалі. У сваіх сацыяльных сетках дзяўчына з горыччу жартуе: “У мяне, канечне, ёсць жыццё паміж Каннамі і Берлінам. Але шкада, што ўсё яшчэ няма кіно”. Пра гэта зайшла размова і падчас прамога эфіру:

У мяне бывае па 9 урокаў на дзень, бо трэба неяк жыць. І, канечне, у канцы дня я разумею, што нічога не магу і не хачу. А потым, калі ў мяне выходны, я іду ў парк, ды ўсё ж разумею: не, хачу і магу, і трэба нешта рабіць, трэба ў панядзелак абавязкова разаслаць імэйлы новым прадзюсарам.

Надыходзіць панядзелак, 8 раніцы, я спазняюся на свой занятак, бо мне складана ўставаць раніцай, і жыццё бяжыць, вось 8 вечара — і зноў я нікому не пішу ніякія лісты. Таму недзе ў галаве я разумею, што трэба рабіць кіно і я хачу, у мяне ёсць два напісаныя сцэнары, хоць адзін у закладніках у Расіі і мне трэба яго выкупіць.

Таму ў мяне ў галаве такая думка, калі ніхто не фінансуе маё кіно, трэба рабіць нейкі бізнес, каб фінансаваць кіно самой. І цяпер думаю, які бізнес замуціць.

«Не магу цяпер уявіць сабе кіно, у якім не будзе палітычных тэм», — рэжысёрка Улада Сянькова ў VODBLISK talk пра рэчаіснаць беларускага кінематографа
Улада Сянькова разам з рэжысёркай Сашай Кулак на Берлінале-2023. Фота: Максім Швед.

З гэтай нагоды Воля Чайкоўская прыгадала кейс шведскага рэжысёра Роя Андэрсана. Калі Шведскі інстытут адмовіўся фінансаваць яго фільмы, рэжысёр адкрыў сваю кампанію і пачаў рабіць крэатыўную рэкламу для шведскіх кампаній. Такім чынам ён здолеў фінансаваць сваё кіно. У выніку стаў вельмі папулярным, яго фільмы сталі паказваць на буйных кінафестывалях, пасля чаго Шведскі Інстытут сам пачаў даваць грошы на фільмы Роя Андэрсана. Улада Сянькова адзначае, што ў Роя Андэрсана ў гэтай гісторыі была важная перавага — ён швед і мужчына.

Сцэнар жа для фільма «Юркі» Улады, які яны напісалі разам з Ларысай Алейнік, гатовы. Праца над ім вялася на працягу 7 гадоў. Сцэнар пра двух хлопцаў, якія ўцякаюць з войска ў 2020 годзе. Ужо нават былі адабраныя хлопцы, якія павінны былі граць галоўныя ролі, але яны за гэты час выраслі. Таму калі рэжысёрцы выпадзе шанц зняць гэтае кіно, трэба будзе шукаць новых актораў. Аднак для рэалізацыі не хапае фінансавання, чым і падзялілася Улада:

— Калі б гэта быў лайфстайл фільм, я проста пайшла б і зняла яго, як гэта ўжо рабіла. Аднак гэта кіно, хоць і патрабуе не шмат грошай, але яны патрэбныя. Паколькі неабходны здымкі ваенных часцей, спецыяльнае адзенне, акцёры масавых сцэн.

Калі я кажу пра фінансы, гаворка не пра 200 тысяч і часам нават не пра 100. Бо ведаю, мы можам зрабіць кіно танна і па еўрапейскіх мерках гэта будзе кіно “no-budget” (пер. «без бюджэту»). Я нават не кажу пра заробкі, хоць, вядома, лічу, што акторы і здымачная група павінны зарабляць. Але гэта таксама пра абсталяванне, пра лакацыі, ежу на час здымак, бо гэта сапраўды будуць здымкі на знос. Як падчас здымак «II», калі здымачны дзень доўжыўся 21 гадзіну.

«Не магу цяпер уявіць сабе кіно, у якім не будзе палітычных тэм», — рэжысёрка Улада Сянькова ў VODBLISK talk пра рэчаіснаць беларускага кінематографа
Улада Сянькова выступае на цырымоніі закрыцця праграмы ScripTeast Workshops для сцэнарыстаў у Канах. 2022 год. Крыніца фота: facebook.com/vladasenkova.

«Нельга ў 2022 ці 2023 годзе зняць фільм, у якім не будзе ніякай палітыкі»

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну Улада Сянькова была сярод кінематаграфістаў, якія падпісалі зварот з асуджэннем ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны. У размове з Воляй Чайкоўскай закранулі тэму ўплыву палітыкі на кінамастацтва:

Я не магу цяпер уявіць сабе кіно, у якім не будзе ніякіх палітычных тэм, бо ўсё наша жыццё палітычнае. У мяне было меркаванне на гэты конт да 2020 года. А пасля, у нейкі момант, я зразумела, што ў прынцыпе не важна, што ты там хочаш сказаць [як мастак], зараз трэба казаць пра нашу рэчаіснасць. Бо гэта можа выратаваць тваю краіну, мову ці тваіх сяброў, якія чагосьці не разумеюць.

Я ўчора глядзела кіно аднаго расійскага рэжысёра. Раней я лічыла яго даволі таленавітым. Але нельга ў 2022 ці 2023 годзе зняць фільм, у якім не будзе ніякай палітыкі. Гераіня фільма жыве ў краіне, якая робіць вайну ў іншай краіне, ты не можаш гэта не паказаць, не паказаць водгалас ці нейкія дэталі гэтай рэчаіснасці. І я лічу, кіно не атрымалася.

«Не магу цяпер уявіць сабе кіно, у якім не будзе палітычных тэм», — рэжысёрка Улада Сянькова ў VODBLISK talk пра рэчаіснаць беларускага кінематографа
Кадр з фільма «II». Фота: vodblisk.northernlightsff.com.

Фільм «II» можна паглядзець у анлайн-кінатэатры VODBLISK. Гледачам з замежжа ён даступны за 5$, а тым, хто ў Беларусі — бясплатна. Размова з Уладай Сяньковай была часткай VODBLISK talk — прамых эфіраў з беларускімі рэжысёрамі і рэжысёркамі, якія каманда кінатэатра праводзіць штомесяц. За абнаўленнямі можна сачыць на старонцы ў інстаграме праекта.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: