На польскай мове выходзіць новы пераклад кнігі ўспамінаў Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому»

Культура
Фрагмент вокладкі новага перакладу кнігі ўспамінаў Васіля Быкава "Доўгая дарога дадому". Фота: kew.org.pl.

У выдавецтве Усходнееўрапейскага Калегіуму (Kolegium Europy Wschodniej) на польскай мове выходзіць аўтабіяграфія Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому». Папярэдні заказ выдання адкрываецца з 22 чэрвеня.

Перакладчыца адной з апошніх прац беларускага пісьменніка, якому сёння споўнілася б 99 год, — Ёанна Бернатовіч.

Філолаг, рэдактарка, яна перакладае з беларускай прозу, публіцыстыку, тэатральныя апрацоўкі і эсэ. Ёанна Бернатовіч працавала над перакладамі кніг «След матылька. Освальд у Менску» Аляксандра Лукашука, «У кіпцюрах ГПУ» Францішка Аляхновіча. Яна з’яўляецца сузаснавальніцай партала Rozdaje.art. Пераклады і рэцэнзіі Бернатовіч публікаваліся ў польскіх «Fabulariach», «Nowej Europie Wschodniej», «Znaku», «Dwutygodniku».

Васіля Быкава на сайце выдавецтва прадстаўляе так:

«Быкаў лічыцца найвыдатнейшым беларускім пісьменнікам ХХ стагоддзя. Ваяваў на франтах Другой сусветнай вайны, быў некалькі разоў паранены. Яго ваенны вопыт спарадзіў пранікнёную, бескампрамісную прозу, абыходжанне з прапагандысцкімі міфамі. Ён прайшоў незвычайны жыццёвы шлях: ад калгаснага дзяцінства, праз пекла вайны і змаганне з савецкай цэнзурай, да славы і аўтарытэту, будучы голасам Беларусі ў свеце».

«Доўгая дарога дадому» напачатку смакуе салодкасць груш з вясковага саду пад Віцебскам. Ідылія хутка змяняецца месцам катаклізмаў, якія ахапілі Беларусь у мінулым стагоддзі: калектывізацыя, савецкія чысткі, знішчальная барацьба з нямецкімі захопнікамі, — знаёміць выдавецтва чытача з творам беларускага класіка. — Драматычныя ваенныя перажыванні кінулі цень на далейшае жыццё пісьменніка, але і прынеслі яму сусветную вядомасць».

«Быкаву мы абавязаны партрэтамі найвыдатнейшых творцаў савецкай літаратуры, зазіраннем у закулісы камуністычнай цэнзуры яго ўласных калегаў, ведамі пра полымя беларускага нацыянальнага адраджэння канца 1980-х. Насуперак усяму «Доўгая дарога дадому» прасякнута перакананнем ва ўніверсальным шарме беларускай культуры і яе заслужаным месцы ў Еўропе», — адзначаюць стваральнікі перакладу.

Афіцыйна ў продаж кніга ўспамінаў Васіля Быкава паступіць 7 ліпеня.

Але ўжо 26 чэрвеня ў Доме літаратуры ў Варшаве адбудзецца сустрэча ў падтрымку выхаду аўтабіяграфіі беларускага пісьменніка на польскай мове. У сустрэчы возьмуць удзел: Ёанна Бернатовіч, Аляксандр Распапаў. Мадэратарам гутаркі выступіць Андрэй Хадановіч.

Трансляцыя вечара будзе весціся на старонцы Польскага ПЭН-клуба ў Facebook.

Зрабіць папярэдні заказ кнігі можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: