6 верасня Гродна адзначыць Дзень горада выставай дэкаратыўных сабак і выступам расійскай артысткі родам з Украіны Мары Краймбрэры.
Праграму мерапрыемстваў апублікаваў Гродзенскі гарвыканкам.

Слоган сёлетняга свята «На кожнай вуліцы – гісторыя, у кожным сэрцы — каханне».
Афіцыйныя мерапрыемствы пачнуцца 3 верасня з урачыстага адкрыцця мадэрнізаванага басейна ў СДЮШАР №5. На наступны дзень урачыста адкрыюць абноўлены сквер, а 5 верасня на «Алеі кіно» — памятную пліту ў гонар фільма «Годен к нестроевой», у той жа дзень ускладуць кветкі да помніка савецкім воінам і партызанам у парку Жылібера і правядуць фестываль водных ліхтарыкаў.
Асноўныя імпрэзы запланаваныя на суботу, 6 верасня. Пройдуць канцэрты, выставы, паказальныя выступленні, будуць працаваць гульнявыя зоны і інтэрактыўныя пляцоўкі, святочны гандаль. Напрыклад, выстава дэкаратыўных сабак, выступленне флайбардыстаў, фестываль тэатраў «Батлейка».
На свяце выступяць музычны тэатр «Рада», фіналістка «Х-фактар Беларусь» Анастасія Краўчанка, Каця Кейсі і Сяргей Собаль. Хэдлайнер канцэрта — расійская спявачка Мары Краймбрэры родам з украінскага Крывога Рога.
З праграмы вынікае, што гісторыя каралеўскага горада Гродна, на думку арганізатараў, сягае максімум да Другой сусветнай вайны, да часоў, апісаных у фільме «Годен к нестроевой», знятага на «Беларусьфільме» ў 1968-м.
Аднак так было не заўсёды. У 2018-м Гродна святкаваў юбілей – 890-годдзе з дня заснавання. Праграма была даволі эклектычная, але прынамсі гледачам у тэатралізаванай форме паказалі паўсядзённае жыццё за 9 стагоддзяў, адкрылі Алею знакамітасцяў, у якой змясціліся больш за 50 партрэтаў вядомых персон, якія праславілі горад Гродна. Алея пачыналася з выяў Элізы Ажэшка, Стэфана Баторыя, Вітаўта, Максіма Багдановіча...
Дарэчы, традыцыю святкаваць Дні гарадоў у верасні заклала Масква, у якой 7 верасня 1947 года святкавалі 800-годдзе горада. Аднак Гродна мае сваю гістарычную дату: трэцяга лістапада — дзень святога Губерта, які адзначалі ў міжваенны час. Алень Святога Губерта размешчаны на гербе горада.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram