Прэзентацыя фотакніг беларускіх фатографаў адбылася ўчора на Rybnik Foto Festival, які праходзіць з 28 па 30 сакавіка ў горадзе на поўдні Польшчы. Пра дзейнасць беларускіх аўтараў і сітуацыю з фотакнігамі ў Беларусі распавялі зацікаўленай аўдыторыі фатографы платформы беларускай фатаграфіі ў Варшаве — ФШ1.
На польскі Rybnik Foto Festival — адметны фотафэст, які ладзіцца ў Польшчы з 2004 года — беларуская платформа ФШ1 трапіла ў выніку наладжвання супрацоўніцтва. Конкурс праектаў форуму выйграла беларуская мастачка Марыя Карнеенка, якая ўваходзіць у каманду ФШ1. І натуральным чынам у фатографаў беларускай платформы ўзнікла ідэя прыехаць на фестываль з прэзентацыяй беларускіх фотакніг — прапанову з энтузіязмам падтрымалі арганізатары польскай фотападзеі.

На фестывалі былі прадстаўлены фотакнігі архіву Veha, «Гісторыя беларускай фатаграфіі» Антаніны Сцебур і Ганны Самарскай, «Больше, чем Я» Вольгі Бубіч, «Доўгая дарога дамоў» Машы Мароз, выданні і альбомы іншых аўтараў.
Як падзялілася з Reform.news Марыя Карнеенка, прэзентацыя фотакніг беларускіх аўтараў прайшла ў Рыбніку з поспехам.
— Наведвальнікі фестывалю падыходзілі да нашага стала, пыталіся пра ўсе праекты, глядзелі ўсе кнігі. Прывезлі мы з сабой 18 выданняў, але толькі 5 з 18 былі прадстаўлены да продажу. Па выніку наведвальнікі купілі 9 кніг. Цікавасць была жывая: людзі падпісваліся ў сеціве на беларускіх аўтараў тут жа. Водгукі на беларускую фатаграфію былі вельмі станоўчымі.
Таксама атрымалі некалькі прапаноў аб супрацоўніцтве, — дадае Марыя. — Да прыкладу, з’явілася магчымасць прадаваць беларускія фотакнігі ў краме пры адной чэшскай галерэі.

ФШ1 – платформа, асноўнай мэта якой з’яўляецца стварэнне прасторы і ўмоў для вольнай фатаграфічнай творчасці і аб’яднання фатографаў з Беларусі. Платформа займаецца арганізацыяй сустрэч, дыскусій і адукацыйных мерапрыемстваў – лекцый, майстар-класаў і артыст-токаў. У прыярытэтах — будаванне супольнасці, дапамога аўтарам заявіць пра сябе, наладжванне міжнародных сувязяў. ФШ1 пачынала сваю дзейнасць у Беларусі ў 2010-х — зараз працягвае сваю справу ў Польшчы — у Варшаве.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram