З надыходам турыстычнага сезону Міністэрства культуры нагадала пра перспектывы развіцця гісторыка-культурнага турызму ў Беларусі. На адмысловай прэс-канферэнцыі намеснік начальніка ўпраўлення культуры і народнай творчасці ведамства Надзея Аўдзей назвала найбольш папулярныя музеі Беларусі за мінулы год.
Так, у топ-з музейных устаноў увайшлі: «Брэсцкая крэпасць-герой», Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і мемарыяльны комплекс «Хатынь». Улічваючы тое, што летась Беларусь адзначала 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, не дзіва, што ваенныя музеі «вырваліся ў лідары». На колькасць наведванняў вышэйназваных устаноў паўплываў і адміністратыўны рэсурс, калі школьнікаў вазілі на экскусіі, а таксама палітыка гістарычнай памяці, якой зараз прытрымліваюцца ўлады.
Нагадаем, што нядаўна Брэсцкая крэпасць была намінавана на ўключэнне ў Спіс сусветнай спадчыны UNESCO. Прычым гэта было зроблена ў межах сумеснай беларуска-расійскай намінацыі «Мемориалы героям Великой Отечественной войны: Брестская крепость и Мамаев курган», што можна разглядаць у першую чаргу як ідэалагічную заяўку.
Тэму патрыятычнага выхавання вылучыла на прэс-канферэнцыі і адмыслоўца Мінкульта.
«Тэма патрыятычнага выхавання, 80-годдзя вызвалення Беларусі і Вялікай Перамогі — адна з актуальных, захоўвае лідзіруючыя пазіцыі. Калі ўзяць I квартал, то найбольш запатрабаваны для наведвання Брэсцкая крэпасць, Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і музеі ваеннай тэматыкі», — цытуе словы чыноўніцы БелТА.
Такім чынам, вынікі рэйтынгу найбольш папулярных устаноў наўрад ці можна назваць аб’ектыўнымі.
Дарэчы, сярод аб’ектаў дварцова-паркавай спадчыны за мінулы год чыноўніца вылучала: музей-запаведнік «Нясвіж», замкавы комплекс «Мір» і Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram