«Магшоты — каштоўныя дакументы памяці». Праваабаронца «Вясны» Дзіяна Пінчук збірае міліцэйскія фотаздымкі былых палітзняволеных

Культура
Фота: mugshots.spring96

Для міліцэйскай фотаздымкі існуе неафіцыйны тэрмін – «mug shot». З 2020 года праз такую «фотасесію» прайшлі сотні тысяч беларусаў і беларусак, затрыманых па палітычных прычынах: у РУУСах, СІЗА, калоніях. Але атрымаць ад дзяржавы такі фотаздымак могуць толькі былыя зняволеныя па крымінальных артыкулах па вызваленні з месцаў няволі.

Праваабаронца «Вясны» Дзіяна Пінчук сабрала 30 магшотаў ад былых палітзняволеных, а таксама і сведчанні пра працэс фотаздымкі, пачуцці і эмоцыі палітвязняў ад гэтых фатаграфій.

Аўтарка мяркуе, што яе праект — адзін са спосабаў распавесці і прыцягнуць увагу да праблемаў палітвязняў, пра тое, у якіх умовах яны ўтрымліваюцца, і пра асаблівае стаўленне да іх. «Часам паўстае пытанне этычнасці публікацыі фота і відэа з-за кратаў. Да гэтых магшотаў, якія прадаставілі самі былыя палітзняволеныя, на мой погляд, варта ставіцца як да дакументаў не толькі гэтых асобаў, але важнай крыніцы інфармацыі і дакументаў часу. Гэтыя магшоты — каштоўныя дакументы памяці, якія зафіксавалі эмоцыі і стан чалавека. Для многіх з палітвязняў гэта адзіны фотаздымак за два-тры гады жыцця, які ў іх ёсць цяпер. Уявіць гэта складана, калі ў нашых галерыях тэлефонаў захоўваюцца сотні фотаздымкаў», — патлумачыла Дзіяна Пінчук.

Былыя палітзняволеныя таксама могуць прыняць удзел у праекце і такім чынам задакументаваць сваю гісторыю. Для гэтага трэба запоўніць адмысловую гугл-форму.

Алана Гебрэмарыям, якая была асуджана па «справе студэнтаў», апісвае свае сённяшнія пачуцці ад свайго магшота: «Калі гляджу на здымак, перад вачыма праносяцца розныя эпізоды таго перыяду — і вельмі сумныя з-за той колькасць болю, знявагаў, здзекаў, якія адбываліся са мной і з іншымі людзьмі, якія трэба было навучыцца вытрымліваць. Зараз я гляджу на гэтую маладую жанчыну са здымку, мне хочацца яе абняць, сказаць, што яна малайчына. Нягледзячы на падзеі і спектр жудасных эмоцый, адлюстраваных на твары, я бачу святло і дабрыню ў вачах стомленай моцнай Аланы 2021 года».

Аляксандр Івулін, асуджаны за журналісцкую дзейнасць да 2 гадоў калоніі, расказвае пра свае пачуцці: «Прыкольна. Я вельмі не падобны на сябе. У мяне на СІЗА была цікавая гісторыя. Мы дасталі праграмку «Крумкачоў», на якой я таксама быў пасля свайго першага забітага гала — я там быў вельмі прыгожы. Адзін хлопец, якому сядзець яшчэ гадоў 10, не вельмі інтэлектуальны і глыбокі, так бы мовіць, паглядзеў на гэтую фотку і сказаў: «Нічога сабе цябе жыццё патрапала!». Гэта было вельмі смешна. Цяпер, калі я ўжо амаль год правёў на волі, я стаў падобны на сябе. А гэты чалавек з фотаздымка наўрад ці на мяне падобны».

Былая палітзняволеная па «справе студэнтаў» Ася Булыбенка апісала сваё стаўленне да міліцэйскага фота: «Два гады жыцця заключаны ў адной гэтай маленькай жоўтай фатаграфіі, дзе я ў гэтай сукенцы. Гэта частка майго жыцця, таму я не збіраюся адмаўляцца і пазбаўляцца гэтай фатаграфіі».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: