Літара, знак, гук і форма… У Дзюсельдорфе адкрылася выстава беларускіх аўтараў — мастака Андрэя Дурэйкі і кампазітаркі Аляксандры Даньшовай

Культура
Экспазіцыя выставы «)O(». Фота: Антон Ганькоў

У галерэі арт-аб’яднання Onomato ў Дзюсельдорфе адкрылася сумесная выстава мастака Андрэя Дурэйкі і кампазітаркі Аляксандры Даньшовой. Выстава мае лаканічную назву  — «)O(». Двухсэнсоўнасць літары «О» – як літары, знака, гуку і формы – успрымаецца аўтарамі як прасторавы контур навакольнай пустэчы.

Распыталі пра канцэпт выставы мастака Андрэя Дурэйку.

Літара, знак, гук і форма... У Дзюсельдорфе адкрылася выстава беларускіх аўтараў - мастака Андрэя Дурэйкі і кампазітаркі Аляксандры Даньшовай
Кампазітарка Аляксандра Даньшова і мастак Андрэй Дурэйка. Фота: Iрына Iгнацюк

— Як нарадзілася ідэя сумеснай выставы?

— Ідэі заўсёды прыходзяць здалёк і з розных бакоў, а рашэнне рабіць паўстае на скрыжаванні мноства фактараў у канкрэтным пункце. Я даўно не займаюся жывапісам у традыцыйным сэнсе, аднак мой досвед і думкі ўвесь час з ім, і я часта пра яго разважаю. Калісьці даўно вядомы медыя-мастак Максім Тымінько падараваў мне пяць белых квадратных палотнаў — даволі складаны і нетыповы для мяне фармат, што стаў выклікам і правакацыяй да малявання. І шмат гадоў яны былі ў маёй майстэрні: часам стаялі стосам як аб’екты чысціні і няздзейсненай будучыні, а часам віселі на сцяне як архітэктанічны белы на белым рэльеф, альбо супрэматычны протажывапіс.
Аднак у 2018 годзе ў маёй майстэрні працаваў Захар Кудзін, і ён выкарыстаў іх, акрамя аднаго, для сваёй серыі «Ultra Sound». Такім чынам, гэта толькі некаторыя эпізоды дыялогу з мастакамі і сябрамі, а таксама імпульсы да дзеяння.

Другая лінія, і яна даволі тыповая для мяне, — гэта даследванне нулявога стану і імкненне да абагульняючага ідэальнага знака і формы вакол і каля нуля, усё яшчэ ў тым даўнім ланцугу дзюсельдорфскай традыцыі ZERO. І акурат гэты праект калісьці і распрацоўваўся для конкурсу ў Фундацыі ZERO. Як і многія з маіх праектаў, ён паўставаў на глебе кантэкстаў і пасляслоўяў — своеасаблівых недаслоўяў з трох літар, з цэнтральным знакам «О», які імкнецца стаць ідэальнай формай, але па сутнасці стварае абстрактнае нішто/нешта, што, у сваю чаргу, шукае выхады ў нейкім экстатычным агучванні.

Тады гэты праект не быў прыняты і застаўся толькі ў эскізах. А ў мінулым годзе, пасля выставы EU–UA, мае калегі і мастакі Мехтхільд Хагеман і Енс Штытген прапанавалі зрабіць выставу ў іх прасторы Onomato.

Onomato першапачаткова ў сваім маніфесце абвяшчала сябе месцам сінтэзу візуальнага і акустычнага мастацтваў, дзе дух паэзіі і жывога слова пранізвае прастору і напаўняе формы.

Анаматапея — гэта словы, якія перадаюць гукі праз сваё гучанне.

Літара, знак, гук і форма... У Дзюсельдорфе адкрылася выстава беларускіх аўтараў - мастака Андрэя Дурэйкі і кампазітаркі Аляксандры Даньшовай
Экспазіцыя выставы «)O(». Фота: Андрэй Дурэйка

— І таму для гэтага праекта стала неабходнай музыка?

— Я даўно хацеў дакрануцца да тэмы музыкі, дакладней — гуку голасу як «культываванага крыку», у пэўным сэнсе адпаведнага «О». Нейкага пранізлівага «О» паміж усмешкай і скрухай, што знайшло адпаведнае графічнае вырашэнне ў назве )О(. Гэта не толькі два колы — поўнае і размыкнёнае. Гэта не толькі сучасны сеткавы жаргон, эмодзі, але і традыцыя новай іерогліфікі.

Гэта тое, як мы недагаворваем слова, як мы толькі абазначаем яго і распазнаём сэнсы, але яшчэ больш застаёмся ў агучванні. Менавіта галосная нас тут і цікавіць як галашэнне.

Літара, знак, гук і форма... У Дзюсельдорфе адкрылася выстава беларускіх аўтараў - мастака Андрэя Дурэйкі і кампазітаркі Аляксандры Даньшовай
Экспазіцыя выставы «)O(». Фота: Андрэй Дурэйка

Ужо два гады існуе наша аб’яднанне Pavetra, у якім музыканты граюць вельмі важную ролю. І я распавёў пра сваю ідэю і прапанову праекта кампазітарцы Аляксандры Даньшовай, якая са здзіўленнем ад супадзення тэмы і з захапленнем, падтрымала мяне, і мы пачалі сумесна распрацоўваць канцэпцыю праекта менавіта для гэтай прасторы.

Праца ішла на працягу чатырох месяцаў: абмяркоўваліся тэмы і магчымыя формы рэалізацыі гукавога канцэпту ў прасторы — ад пачатковай ідэі перформансу для спявачкі і ўдарных інструментаў да татальнай прасторавай саўнд-інсталяцыі. Аднак мы прыйшлі да высновы, што гэта не павінен быць адзіны сінтэтычны праект, а хутчэй паралельная праца над выбранымі тэмамі, якая стварае агульную кампазіцыю і атмасферу. Мы спецыяльна распрацоўвалі кампазіцыю не толькі прасторы і рытму прац, паслядоўнасці і ўзаемадзеяння тэм, але і агучвання бачнага тэксту, які пераходзіць у восем аўтаномных музычных твораў. Строгасць лініі тэкставых канцэптуальных прац перабіваецца свабодным кружэннем дуг плэераў, а непрадказальнасць фізікі падзення дроту навушнікаў робіць наведвальнікаў выставы суаўтарамі зменлівага аблічча экспазіцыі.

Літара, знак, гук і форма... У Дзюсельдорфе адкрылася выстава беларускіх аўтараў - мастака Андрэя Дурэйкі і кампазітаркі Аляксандры Даньшовай
Экспазіцыя выставы «)O(». Фота: Андрэй Дурэйка

Калі нам стала зразумела, як будзе выглядаць праект, нам спатрэбілася тэхнічная дапамога для стварэння спецыяльных музычных плэераў, якія, распадаючыся на восем дугападобных элементаў, усё ж нагадваюць пра адзінае кола, альбо пра колападобны рух. З гэтай часткай тэхнічна-творчай працы нам вельмі дапамог Міхась з Pavetra і сучасныя 3D-тэхналогіі, а з гукатэхнічнай — Антон Ганькоў. Сам жа я выступаў у даволі традыцыйным амплуа кансерватыўнага мастака-рамесніка, малюючы знакі/літары пэндзлем і пігментнай фарбай на палатне, апантаны амаль што медытатыўнай дакладнасцю выканання, геаметрычнасцю і магічнай глыбінёй чорнага колеру ў жорсткім сутыкненні з белым.

І вось пасля гэтага белага паўстае самае цікавае — гук. І тут дзіўным чынам самае нематэрыяльнае мастацтва — музыка — пачынае ствараць спецыфічныя карціны, якія часам маюць не толькі асацыятыўныя вобразы, але нават натуралістычныя матывы, пераўтвараючыся ў вібрацыю своеасаблівага звышрэалізму. Але тут ужо ў гульню ўступае індывідуальная фантазія ўяўлення гледача/слухача.

Літара, знак, гук і форма... У Дзюсельдорфе адкрылася выстава беларускіх аўтараў - мастака Андрэя Дурэйкі і кампазітаркі Аляксандры Даньшовай
Музычныя плэеры, распрацаваныя для выставы. Фота: Андрэй Дурэйка.

Цэнтральным элементам у музыцы з’яўляецца літара О, якую кампазітарка выразала з запісаў сваіх хораў, апрацавала і ўбудавала ў кампазіцыі. Астатнія кампаненты былі вызначаныя асацыяцыямі і вобразамі ад кожнага слова. Тут існуе яшчэ адзін важны момант, які настройвае на той ці іншы стан падчас напісання музыкі. Калі доўга глядзець на слова, то ў нейкі момант літары перастаюць адыгрываць значную ролю і нібы растаюць, а на іх месца прыходзіць стан, які і зафіксаваны ў музыцы. Такая канцэнтрацыя на цэнтры слова і пэўнае пагружэнне ў прасторавую «нештасць» з’яўляецца своеасаблівай медытацыяй, што злучае падсвядомасць і творчае ўвасабленне ў шуме і гуках.

Мы ўсё ж вярнуліся і да перформатыўных практык, якія нам абодвум блізкія і адпавядаюць духу Pavetra. І на аснове кампазіцый Аляксандры падчас адкрыцця быў рэалізаваны хэпэнінг гучнага і памножанага «О», у які ўцягнуліся і гледачы.

Літара, знак, гук і форма... У Дзюсельдорфе адкрылася выстава беларускіх аўтараў - мастака Андрэя Дурэйкі і кампазітаркі Аляксандры Даньшовай
Адкрыццё выставы «)O(». Фота: Антон Ганькоў

Падчас працы выставы 24 красавіка ў 19:00 адбудзецца прэзентацыя праекта «AD DA» Андрэя Дурэйкі.

А 26 красавіка ў 17:00 пройдзе канцэрт «У дыханні гуку». Падчас фінісажу Надзея Каракулька (беларускія цымбалы) і Павел Беляеў (марымба, вібрафон, перкусія) створаць музычны дыялог у прасторы. Струны, дрэва і метал уступяць ва ўзаемадзеянне і сфарміруюць плаўны гукавы працэс паміж цішынёй, рытмам і рэзанансам — у дыялогу з выставай.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.