«Гэта быў паслядоўны чалавек у сваіх поглядах, які не адмовіўся ні ад ніводнага свайго ўчынку, ані слова. Такіх людзей не шмат, і, на жаль, іх становіцца ўсё меней», — так выказаўся пра легенду панкаўскай сцэны Віктара Жаркевіча «Мао» музыка Аляксандр Памідораў. 22 верасня вакаліст гурта Hate To State, «адзін з двух сапраўдных панкаў Беларусі» пайшоў з жыцця — Віктару Жаркевічу быў усяго 51 год. Reform.news звярнуўся да калег музыканта з просьбай распавесці пра знакавую для беларускага андэграўнду асобу.
Аляксандр Памідораў, музыка, заснавальнік праекта «Pomidor/OFF» : «Ён быў паслядоўны анархіст ва ўсім»
— Шчыра кажучы, я ўжо і не памятаю, калі мы пазнаёміліся з Віцем. Як людзі звычайна знаёмяцца? Апынаюцца разам у адной кампаніі, у нейкай сітуацыі, ды нават у бойцы. Момант нашага знаёмства я нават ужо і не ўзгадаю, але мы былі ў адным коле ў 1990-я — агулам наша знаёмства налічвае больш за 30 год.
Мао быў вялікі і важны чалавек для мінскай субкультуры: паслядоўны анархіст, асоба моцных прынцыпаў, вельмі адукаваны, рознабаковы, індывідуаліст, які між тым выхаваў частку анархісцкай моладзевай субкультуры. Нагадаю, што менавіта ён спрычыніўся да выхаду напрыканцы 1990-х культавай газеты «Навінкі», а потым і палітычнай камедыі «Случай с пацаном» — гэта абсалютна панкаўская выхадка. Сёння прынята гэтыя з’явы звязваць з колішняй тусоўкай Лёліка і Паўлюка. Але Мао быў сярод тых, хто запускаў першы нумар «Навінак», а ў «Случае с пацаном» ён нават зняўся ў эпізадычнай ролі.
Вядома, яго панкаўскі бэнд Hate To State стаўся ў свае часы свайго кшталту супергуртом. У ім сабраліся людзі, якія гралі ў розных экстрэмальных гуртах, але асноўныя ідэі былі Віцькіны, і яны гучалі надзвычай востра. Нельга сказаць, што калектыў выступаў сістэмна, але кожны іх выступ — гэта была запамінальная рэч. Часцяком іх канцэрты разганяліся міліцыяй яшчэ да таго, як гэта стала мэйнстрымам. Яны часта ўдзельнічалі ў розных анархісцкіх акцыях, і зусім не за грошы.
Па шчырасці, сыграць з ім на сцэне мне так і не ўдалося. Былі перамовы, але да ўвасаблення справа так і не дайшла. Я займаўся сваім, ён — сваім. Мао, канешне, культавая асоба для мінскай панкаўскай сцэны. І для мяне гэта вялікая страта.
Памятаю, быў час у 1990-х, калі Віця жыў у бомбасховішчы ля тагачаснай рэстарацыі «Журавінка». Некалькі разоў тое бомбасховіша выстаўлялі на аўкцыён, але ніяк не маглі яго прадаць. Сярод панкаў той будынак меў назву «унітаз». Дык вось Мао там жыў некаторы час, таму што там была вада і дзве электрычныя лямпачкі. Ён запускаў туды роўных панкаў, і мы там ладзілі канцэрты. У якасці бубнаў выкарыстоўвалі жалезныя бочкі, гітары былі акустычныя — і ўсё разам гучала вельмі эфектна. Проста так патрапіць ва «ўнітаз» было цяжкавата — ты мусіў быў прайсці кантроль ад Мао. Так вось мы бавілі час, і АМАП нас адтуль пару разоў выцягваў (усміхаецца).
Так, часы былі вясёлыя.
Зараз, калі ў 2022 годзе Мао затрымалі, было зразумела, што дзверы лядоўні, якія прывязалі да яго і прымусілі цягнуць — гэта здзек з музыканта. Шкада, што рэакцыя на тое затрыманне была не надта гучная. І шкада, што Мао тады не пагадзіўся з’ехаць: мне казалі, што яму прапаноўвалі эвакуацыю, але ён адмовіўся, бо заўжды быў сам па сабе.
Я заўжды ў ім паважаў тое, што ён быў паслядоўны анархістам, чалавекам, які не падпарадкоўваўся. І пры гэтым шмат трымаў у сабе. Натуральна, што для дзяржавы ён быў ворагам: і тады, і цяпер.
Шчыра кажучы, я не веру, што Віця зламаўся пасля гэтага здзеку і 30 содняў, што яму далі. Памятаю, у 1990-я нас з ім пабрала міліцыя за нешта. Тады была завядзёнка — рабіць аблавы на панкаў, хіпі. Дык вось, схапілі нас і завезлі ў чарговы РАУС. Пабілі, як паложана, а потым выклікалі на допыт. Віцю пытаюць, а ён нічога не адказвае, глядзіць на іх, паплёўвае, а потым ціха пытаецца: «А у вас тут унутраны дворык ёсць?». «Ёсць», — у разгубленасці яму адказваюць міліцыянты. А ён і працягвае: «Тады выведзіце мяне туды, калі ласка, і расстраляйце». У мянтоў тады на гэта здарылася гістэрыка. Вось такі ён быў чалавек.
Таму мне падаецца, што ён не зламаўся, хутчэй, проста вакол усё «зламалася». Я ведаю, што апошнім часам у яго былі праблемы са здароўем, з нагой. Памерла год таму маці. Перабоі з працай. Усё гэта не робіць твае жыццё лепшым. А калі ты моцна перажываеш і не выплёскваеш эмоцыі вонкі, трымаеш у сабе… І трошкі на сябе забіваеш… Здараецца тое, што здарылася.
Лічу, што ў Беларусі ёсць толькі два сапраўдныя панкі, і адзін з іх ад нас зараз сышоў.
Аляксандр Дзянісаў, музыка, фронтмэн гурта «Дзецюкі»: «Яго забіла адчуванне No future»
— Хачу заўважыць, што мы не былі з Віцем блізкімі сябрамі, але былі знаёмыя яшчэ з канца 1990-х. Безумоўна, ён — панк-легенда, чалавек, які паўплываў на анархісцкі і панкаўскі рух Беларусі. Я вельмі ўдзячны лёсу, што быў з ім знаёмы.
Памятаю, як напрыканцы 1990-х Віця прыехаў з Нямеччыны, дзе ён некалькі гадоў жыў на сквоце, у Гамбургу. Так вось, ён вярнуўся ў Беларусь і вырашыў, што тое, што ён убачыў у Германіі, зробіць тут. Заарганізуе нейкі сквот. Але на той час сквот зладзіць не атрымалася, а вось новы гурт з новым стылем — цалкам сабе. Такога яшчэ ў Беларусі не было! Гурт з вельмі жорсткім, бескампрамісным гучаннем — у стылі «крастпанк». І назва ў яго была адпаведная, анархісцкая — Hate To State. Ён стаўся сапраўдная з’явай на тагачаснай панкаўскай сцэне.
Ці ўдалося нам сыграць разам? У меня на той час быў гурт «КальЯн», і мы выступалі на такім фестывалі як «Раздавім фашысцкую гадзіну», які, нагадаю, ладзіўся не адзін раз. Аднак разам нам сыграць і не ўдалося, хоць, падаецца, мы і выступалі неяк на адным зборным канцэрце.
Пазней, калі з’явіліся «Дзецюкі», Віця стаў хадзіць на нашы канцэрты. Гэта ўжо быў канец 2010-х. Мы тады сталі больш сазвоньвацца, стасавацца, ён заходзіў да нас у грымёрку.
Хачу адзначыць, што напачатку значная колькасць анархістаў вельмі хваравіта паставілася да нашага гурта. Маўляў, мы «выйшлі ў нацыяналізм», а ў анархісцкім асяродку гэта дурны тон. Але я так не лічыў. Мне падаецца, што мы пачалі падымаць нацыянальнае пытанне ў сферы культуры і гісторыі. Гэта не значыла, што мы здрадзілі сваім прынцыпам: я як быў антыфашыстам — так ім і застаўся. І я не бачыў у тым, што мы надавалі ўвагу беларускасці, нейкай неспалучальнасці з панкам. Дык вось, Віця гэта зразумеў і падтрымаў нас.
Увогуле ўявіць анархіста з выявай бела-чырвона-белага сцяга на бейсболцы?! У 1997-2000 гадах, калі б такое здарылася, гэта было б ну зусім не «камільфо». А напрыканцы 2010-х, 2020 годзе — гэта стала магчымым. Калі я ўбачыў Віцю ў такім прыкідзе яшчэ ў 2019-м, я нават пажартаваў з той нагоды. Анархісты звычайна вельмі падазрона ставяцца да такіх сімвалаў, але ўсё пачало змяняцца і вылілася ў 2020 год. Таксама Віця намагаўся і на мове са мной размаўляць — адзначу і гэты момант.
Ці падтрымліваў Мао падзеі 2020 года? Мяркую, што так. Ён мне пра гэта асабіста не распавядаў, але думаю, як анархіст ён не мог застацца ад гэтага ў баку, я ўпэўнены.
Мяркую, што яго затрымалі сілавікі ў 2022 годзе, бо ён быў яскравы чалавек. Натуральна, ён не быў у апазіцыйных колах, не ўплываў на ход палітыкі, але ж з’яўляўся фігурай для пэўнага кола значнай. Я памятую тыя выявы — калі Мао з рукамі ў кайданках прымусілі несці дзверы з лядоўні з анархісцкімі стыкерамі, што з ім зрабілі «губазікаўцы» — гэта відавочна фантазія хворых на ўладу і гвалт людзей, якім далі магчымасць рабіць, што хочуць! Балюча было глядзець!
Ці зламала гэта яго? Я ведаю, што ў Віці і да тых 30 содняў былі праблемы з суставамі, натуральна, пасля зняволення здароўе магло пагоршыцца, Ён пісаў мне, што ў яго апошнім часам моцна балела нага. І не было грошай, каб выправіць сітуацыю. Сумна ўсё гэта. Ведаеце, у Sex Pistols ёсць такая песня No future (God Save The Queen). Я лічу, што яго забіла вось гэта адчуванне «адсутнасці будучыні». Сябры раз’ехаліся, некаторыя — сядзяць, ты шукаеш працу — і не можаш знайсці, бо маеш артыкул. Віця да затрымання працаваў будаўніком, а потым яго звольнілі. Ані канцэртаў, анічога… Маці памерла — улетку была гадавіна з яе смерці. Я ведаю, што яму дапамагалі сябры, але, відаць, гэтага было недастаткова.
Я не думаю, што яго зламалі, ён застаўся тым, кім ён ёсць. Але яму было цяжка па многіх кірунках. Ён быў вельмі добрым і ранімым чалавекам. Усе яго ведалі як такога «бязбашаннага» Мао, бога піва, але гэта было толькі знешняе: унутры ён быў тонкім і далікатным чалавекам, які шмат перажываў і шмат чаго не дэманстраваў вонкі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram