Фільм «У жывым эфіры» пра Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову трапіў у конкурс фінскага Tampere Film Festival

Культура
Кадр з фільма "У жывым эфіры". Права: Wajda Studio.

Кароткаметражная карціна беларуска-польскай кінематаграфісткі Мары Тамковіч «У жывым эіфры» была адабрана ў конкурсную праграму аднаго з буйных форумаў кароткаметражнага кіно ў Еўропе — Tampere Film Festival. Сёлета падзея пройдзе ў 53-ці раз у горадзе Тамперэ, Фінляндыя, з 8 па 12 сакавіка.

Нагадаем, што фільм «У жывым эфіры» ўжо адзначаны на іншых кінафорумах, распавядае гісторыю затрымання беларускіх журналістак Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Экшн, трылер і драма ў адным кароткім «удыху» — гэта кіно-пагружэнне ў адзін са страшных дзён пратэснага Мінску 2020-га.

«Для мяне было важным ухапіць дух тых рашэнняў, што мусілі прымаць не толькі журналісткі, але беларусы ў кантэксце пратэстаў 2020-га, — распавядала пра карціну ў інтэрв’ю Reform.by Мара Тамковіч. — Таму што вельмі шмат людзей, на маю думку, паўставалі перад лёсавызначальны выбарам у той час і рабілі яго«.

У стужцы выкарыстоўваецца сапраўдны «стрым» Кацярыны і Дашы з Плошчы Пераменаў, але рэжысёрка падкрэслівае, што яе праца — усё ж такі мастацкі фільм.

«Так, пункт выйсця да гэтага фільму быў рэальны, фільм натхнёны рэальнымі падзеямі, але я абсалютна не прэтэндую на даставернасць. У мяне не было памкнення зрабіць усё як было «точь-в-точь». Я ставіла сабе іншыя задачы», — падкрэслівае аўтарка.

У Tampere Film Festival «У жывым эфіры» будзе прадстаўлены ў міжнародным конкурсе.

«Я вельмі радая, што з’явіўся яшчэ адзін шанц паказаць гледачам фестывалю гісторыю беларускіх журналістак, — дзеліцца эмоцыямі Мара. — Віншую здымачную групу і акцёрскі склад!».

Стужка беларускай-польскай аўтаркі была знятая на Wajda Studio.

Расклад паказаў на фінскім Tampere Film Festival мусіць з’явіцца на сайце падзеі неўзабаве.

Кінафестываль у Тамперэ ўваходзіць у тройку найбуйнейшых фестываляў кароткаметражнага кіно ў Еўропе, побач з Клермон-Феранам (Францыя) і Оберхаўзенам (Германія). Яго паказы і мерапрыемствы прыцягваюць каля 30 000 наведвальнікаў. Усяго на фестывалі дэманструецца каля 400 фільмаў на больш чым ста сеансах.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: