Рамантычная камедыя «Анора» амерыканскага рёжысёра Шона Бэйкера ўчора ўзяла галоўную ўзнагароду Канскага кінафестываля — «Залатую пальмавую галіну». Шон Бэйкер найбольш вядомы такімі стужкамі як «Мандарын», «Праект Фларыда», «Чырвоная ракета», «Старлетка» — апошняя, у прыватнасці, прымала ўдзел у мінскім фестывалі «Лістапад» у 2013 годзе.
А ў 2014 годзе Шон Бэйкер прыязджаў у Мінск, каб узначаліць журы конкурсу «Маладосць на маршы». Нагадаем, што ў той час дырэкцыяй фестываля з’яўлялася кампанія «Арт-Карпарэйшн», а праграмным дырэктарам ігравога кіно быў Ігар Сукманаў.
Актуальны фільм-трыумфатар амерыканскага кінематаграфіста распавядае пра спантанны шлюб сына рускага алігарха і танцаўшчыцы стрыптыз-клуба, які хочуць прадухіліць бацькі хлопца. Карціну апісваюць як сучасную версію Папялушкі. Галоўныя мужчынскія ролі ў кіно іграюць расійскія акцёры (Марк Эйдельштейн і Юрый Барысаў), і расійскія медыя ўжо назвалі перамогу «Аноры» сенсацыяй. Але Антон Долін у «Медузе» напісаў, што новая карціна Бэйкера «не прасунула сусветны кінематограф ні на крок».
«Анора» Шона Бэйкера — збольшага лірычная, збольшага рамантычная камедыя з ноткамі меланхоліі і сумным фіналам. А перш за ўсё жанравы забаўляльны фільм, у якім шмат эмоцый і жартаў, але зусім няма ніякіх ідэй. Мастацкіх інавацый у ім таксама не знайсці, і ёсць падазрэнне, што менавіта гэта і ацаніла Грэта Гервіг, якая ўзначальвала канскае журы», — напісаў расійскі крытык.
Стужка іранскага рэжысёра Махамада Русолафа «Семя святога інжыра», пра якую Reform.news пісаў раней, атрымала ад журы форуму Адмысловую адзнаку.
Іншыя ўзнагароды размеркаваліся наступным чынам.
Гран-пры — «Усё, што мы прадстаўляем як святло», Паял Кападыя.
Прыз за рэжысуру — Мігель Гоміш, «Гранд Тур».
Прыз за сцэнарый — «Субстанцыя», рэжысёр Каралі Фаргеа.
Прыз за лепшую жаночую ролю — Зоі Салдана, Селена Гомес, Карла Гаскон і Адрыяна Пас з фільма «Эмілія Перэс».
Прыз за лепшую мужчынскую ролю — Джэсі Племонс, фільм «Віды дабрыні».
Прыз журы – «Эмілія Перэс» рэжысёра Жака Адзіяра.
«Асаблівы погляд» — «Чорны сабака», рэжысёр Гуань Ху.
Лепшы кароткаметражны фільм — «Чалавек, які не мог маўчаць» рэжысёра Небойшы Слепцэвіча.
«Залатую камеру» за найлепшы дэбют атрымаў фільм «Арман» (Нарвегія, Нідэрланды).
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram