Фота: тг ініцыятывы MALDZIS.
У швейцарскім Залатурне завяршыліся працы па мантажы абноўленага помніка нацыянальнаму герою Беларусі, Польшчы, Літвы і ЗША Тадэвушу Касцюшку. Цяпер мемарыял узвышаецца на валуне, спецыяльна прывезеным з беларускіх зямель, паведаміла ініцыятыва MALDZIS.
Помнік Тадэвушу Касцюшку з’явіўся ў Залатурне — горадзе, дзе славуты дзеяч правёў апошнія дні і памёр у 1817 годзе, — яшчэ ў 2017 годзе дзякуючы ініцыятыве кіраўніка Фонду Марыі Магдалены Радзівіл Алеся Сапегі. Усе гэтыя гады ён стаяў наўпрост на зямлі ў парку.
Але ў 2024 годзе пачалася новая старонка ў гісторыі мемарыяла. Фонд Марыі Магдалены Радзівіл разам з Ініцыятывай MALDZIS распачалі праект яго рэканструкцыі і стварэння грунтоўнага падмурка. Апрацоўка беларускага валуна і выраб новай інфармацыйнай шыльды адбываліся ў Мінску. У пачатку 2026 года камень пераправілі ў Польшчу пры садзейнічанні кампаніі DTA Customs Service і прадстаўнікоў Польскага фонду Касцюшкі, пасля чаго яго даставілі ў Швейцарыю.
«Калі ў 2017 годзе мы ўсталёўвалі помнік, то думалі, што ствараем беларускі пункт на мапе Швейцарыі. Цяпер, калі пад помнікам з’явіўся камень з Беларусі, сувязь паміж нашымі краінамі стала яшчэ і фізічнай», — адзначаў кіраўнік Фонду Магдалены Радзівіл Алесь Сапега.
Падкрэслім, што праект быў рэалізаваны на прыватныя ахвяраванні беларусаў — Максіма Баграцова, Філіпа Дайнэкі і мецэнаткі, якая пажадала застацца непублічнай. Узгадненне з мэрыяй Залатурна стала магчымым дзякуючы амбасадарцы Швейцарыі Крысціне Хонэгер-Залатухінай.
Урачыстае адкрыццё абноўленага мемарыяла ў Швейцарыі з удзелам арганізатараў і грамадскасці плануецца на кастрычнік 2026 года.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram