Плэйліст «Новая Беларусь» сабраў больш за 100 кампазіцый. Якія песні беларусы і беларускі захацелі ўзяць з сабой у будучыню?

Напярэдадні канферэнцыі «Новая Беларусь» Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета  прапанавала усім ахвочым скласці плэйліст з песень, якія яны хацелі б узяць з сабою ў будучую Беларусь. У выніку атрымаўся спіс са 100 кампазіцый, якія ўжо цяпер можна паслухаць на Spotify.

Падборка атрымалася вельмі разнастайнай як па жанрах, так і эпохах: ад беларускай рок-класікі ў выкананні N.R.M., Neuro Dubel, «Крамбамбулі» і «Крамы» да сучаснага індзі, электроннай музыкі, фолку і поп-музыкі. У адным плэйлісце сустрэліся NavibandPalina, Nizkiz, Akute, Intelligency, Molchat Doma, Nochy, Iva Sativa, «Петля Пристрастия»Gods Tower, «Верасы» і дзясяткі іншых беларускіх артыстаў.

Часцей за ўсё прапаноўвалі J:Mors — «Маё сонца». Найстарэйшая кампазіцыя плейліста была запісаная ў 1972 годзе («Песняры» — «Беловежская пуща»), а самы свежы трэк выйшаў 30 ліпеня 2026 года (uladz — «Я таю»).

Для кагосьці гэтыя песні — пра дом і вяртанне: «Каб кожны беларус і беларуска адшукалі шлях дадому, дзе б мы ні былі!», «Нагадвае Беларусь і сум па родным краі». Для іншых — пра сучасную Беларусь: «Гэта сапраўдная беларуская свага», «Стыльна, модна — я так бачу твар сучаснай беларускай музыкі», «Альтэрнатыўная Беларусь гучыць так». А хтосьці проста напісаў: «Бяру з сабой у Новую Беларусь!». Наш эксперымент паказаў, наколькі разнастайная беларуская музычная культура.

У гэтым плэйлісце сапраўды можна знайсці музыку на любы густ. На жаль, не ўсе прапанаваныя ўдзельнікамі песні даступныя ў Spotify. Таму мы заклікаем беларускіх творцаў размяшчаць сваю музыку на міжнародных платформах — гэта дапамагае захоўваць нашую музычную спадчыну, рабіць яе дасяжнай для наступных пакаленняў і знаходзіць новых слухачоў па ўсім свеце.

Мы таксама стварылі асобны плэйліст на YouTube і дадалі ў яго кампазіцыі, якіх няма на Spotify. Дарэчы, там можна знайсці і сапраўдны архіўны скарб — напрыклад, кліп гурта «Мроя» 1989 года, з якога пазней вырас N.R.M. — «Незалежная Рэспубліка Мроя».

Плэйліст гучаў падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» 2026 у Варшаве.

Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні адзначае, што далучыцца і даслаць свае любімыя трэкі можна і зараз. Для гэтага трэба трэба запоўніць гугл-форму – прапанаваныя кампазіцыі таксама стануць часткай плэйлісту «Новая Беларусь».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!