Павал Латушка ў відэазвароце паведаміў, што ягоная каманда атрымала кантроль над Дзяржаўным каталогам Музейнага фонду Беларусі.
Гэты кантроль атрыманы без выкарыстання дапамогі асобаў унутры Беларусі, таму не ствараецца ніякай рызыкі ніводнаму супрацоўніку беларускіх музеяў.
«Але мы кажам, — паведамляецца на сайце Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду, — што міністр культуры Анатоль Маркевіч не кантралюе сферу культуры Беларусі. У нашым распараджэнні знаходзіцца каталог, які ўтрымлівае амаль 165 000 музейных прадметаў, якія зʼяўляюцца нацыянальнай спадчынай беларускага народа, а не рэжыму Лукашэнкі.
Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь перададзены на захаванне Музею Вольнай Беларусі, які зʼяўляецца адным са шматлікіх праектаў НАУ. Усе грамадзяне Беларусі змогуць атрымаць доступ да звестак аб музейных прадметах, якія знаходзяцца ў музеях і калекцыях Рэспублікі Беларусь.
Ад сённяшняга дня, калі хтосьці вырашыць знішчыць музейныя прадметы або нанесці ім шкоду, прадаць, перадаць трэцім асобам і краінам, то ён павінен разумець, што мы дакладна ведаем стан музейных прадметаў, месца іх захоўвання і адказных за гэта асобаў».
У якасці першага кроку, па прапанове Паўла Латушкі і супрацоўнікаў Музея Вольнай Беларусі, у Дзяржаўны каталог 26 траўня 2024 года ўносяцца прадметы, якія з’яўляюцца гістарычнай і культурнай каштоўнасцю беларускага народа:
«Прадметы, якія мы ўнеслі сення ў музейны фонд Беларусі з’яўляюцца гістарычнай праўдай і нашай нацыянальнай спадчынай, на якой мы будзем будаваць будучыню краіны. Мы будзем пастаянна папаўняць музейны фонд Беларусі, — дадаў Павел Латушка.
У сваім жыцці, як міністру культуры Беларусі, для мяне быў гонар адкрываць многія музеі ў краіне, спрыяць папаўненню іх калекцый, стварэнню новых экспазіцый. Сярод іх мне асабліва хочацца вылучыць музей Васіля Быкава ў Ждановічах, філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Рэспублікі Беларусь, новыя мультымедыйныя экспазіцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, адказваць за рэстаўрацыю і адкрываць музеі, якія належаць сусветнай спадчыне ЮНЭСКА: Нясвіжскі палац і Мірскі замак, ініцыяваць стварэнне музея выбітнага музыкі Чэслава Немана і многіх іншых.
Але асаблівым для мяне будзе і Музей Вольнай Беларусі, які сёння знаходзіцца ў Варшаве. Перакананы, што ён абавязкова будзе адкрыты пасля нашага вяртання ў вольную ад рэжыму Беларусь. Хацеў бы, каб ён адкрыўся ў палацы, дзе сёння засядае ўзурпатар. Як палітык, як беларус, я буду працаваць над гэтым, буду змагацца.
Шаноўныя супрацоўнікі музеяў Беларусі, ведаю, што вы сумленныя і працавітыя людзі, для якіх спадчына не пусты гук, а сапраўдная каштоўнасць. Праца кожнага з вас спатрэбіцца ў новай Беларусі. Жыве Беларусь!»