Cусветны Дзень беларускай культуры сёлета ладзіцца пад слоганам «Расказаць Беларусь»

Культура
Фота: belarusis.art.

Ужо трэці год запар Беларуская Рада культуры запускае ў свет ідэю святкавання Сусветнага Дня беларускай культуры. Глабальная кампанія, да якой запрашаюць далучыцца кожнага беларуса, беларуску, гуртуецца вакол даты 7 ліпеня — дня, калі нарадзіліся Янка Купала, Марк Шагал, Ян Чачот, а гэтаксама ночы, калі дасягае сваёй кульмінацыі беларускае Купалле.

Сёлета слоганам глабальнай кампаніі #ByCultureGlobal23 стануць словы «Расказаць Беларусь» (Speak Belarus).

«У нас ёсць патрэба не проста захоўваць сваю нацыянальную самасць у любой краіне, але і ганарыцца сабой, і гучна казаць пра сябе свету. Казаць не толькі пра свой боль і горыч, але і пра тое, якія мы, годныя беларусы, якая яна, Беларусь, што існуе ў нашых сэрцах, думках і памкненнях, і якой яна можа стаць у будучыні», — адзначае каманда Беларускай Рады культуры.

На думку арганізацыі, назва «Беларусь» раз-пораз з’яўляецца ў сусветных СМІ, але гэтая згадка ў большасці выпадкаў звязаная са словамі “Лукашэнка”, “дыктатура”, “ракеты”, “мігранты на мяжы”. Рада культуры заклікае суайчыннікаў «Расказаць (пра) Беларусь», якая з’яўляцца значна большай прасторай — і не абмяжоўваецца згаданымі «цэтлікамі».

«Дзейныя, актыўныя беларусы засноўваюць выдавецтвы і выпускаюць кнігі на беларускай мове, ставяць спектаклі, якія збіраюць аншлагі на сусветна вядомых пляцоўках, адкрываюць беларускія школы і ствараюць кантэнт на беларускай мове, спяваюць беларускія песні і танцуюць народныя танцы.

Разам з тым беларусы шануюць традыцыі і культуру тых мясцінаў, дзе жывуць, а праявы беларускай культуры паступова інтэгруюцца ў лакальны культурніцкі кантэкст, — падкрэсліваюць «радаўцы». — Свет мусіць ведаць, кім мы ёсць», — звяртаецца каманда да суайчыннікаў.

Беларуская Рада культуры прапаноўвае ладзіць па ўсім свеце самыя розныя культурніцкія мерапрыемствы.

«Расказваць Беларусь» — гэта:

  • расказаць, чым жывуць сёння беларусы,
  • мовай мастацтва казаць пра нашых палітвязняў,
  • расказваць пра нашы традыцыі і багаты жывы фальклор,
  • расказаць пра пра тое, чым мы ганарымся, у чым ёсць нашая годнасць і што адрознівае нас ад іншых нацый, — даводзіць арганізацыя.

Ад прыгатаваць любімую беларускую страву і паклікаць суседзяў на пачастунак — да зладзіць фестываль, адсвяткаваць Купалле, арганізаваць анлайн-івент — фарматы святкавання Cусветнага Дня беларускай культуры могуць самымі рознымі.

Рада культуры запрашае беларусаў з усіх куткоў свету дадаваць свае імпрэзы да агульнай мапы, якая зараз ствараецца на сайце «Новая Беларусь».

Гэтаксама ў сеціве можна спампаваць адмысловы брэндбук з лагатыпамі кампаніі.

Падрабязней пра глабальную акцыю можна дазнацца тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: