«Будзе яшчэ шмат фільмаў пра гэта месца»: Максім Швед — пра свае новае дакументальнае кіно «Фатограф з Плошчы Пераменаў»

Культура
Кадр з фільма "Фатограф з Плошчы Пераменаў". Скрын са стужкі.

Учора на тэлеканале «Белсат Док» выйшаў фільм беларускага рэжысёра Максіма Шведа «Фатограф з Плошчы Пераменаў». У цэнтры дакументальнай карціны — Яўген Атцецкі, фатограф і жыхар Плошчы Пераменаў, аўтар вялікай фотасерыі, прысвечанай слыннаму двару пратэснага Мінска, ды таксама — адзін са стваральнікаў знакавага праекта-архіва і кнігі «Плошча Пераменаў».

У стужцы выкарыстоўваюцца архіўныя здымкі 2020 года, калі галоўны герой карціны — Яўген — у Мінску распавядае пра зараджэнне дваровага руху, пра тое, што адбываецца ў яго двары — узнікненне мурала «Дыджэі Пераменаў», далейшае супрацьстаянне ўладаў і дваравой супольнасці, якое прывяло да смерці Рамана Бандарэнкі.

"Будзе яшчэ шмат фільмаў пра гэта месца": Максім Швед - пра свае новае дакументальнае кіно "Фатограф з Плошчы Пераменаў"
Скрын са стужкі.

А далей рэжысёр Максім Швед пераносіць гледача ў Львоў 2023 года — дзе зараз жыве і працуе Яўген Атцецкі. Цяпер беларускі фатограф фіксуе сучасны Львоў — з яго прагай жыцця і перамогі, і з яго стратамі і сведчаннямі вайны. На прыкладзе гісторыі Яўгена мы бачым не толькі партрэт творцы і грамадзяніна рэвалюцыйнага 2020-га, але і працяг вялікай гісторыі беларусаў — калі вымушаная эміграваць актыўная частка беларускага грамадства, нягледзячы на траўму, «імідж» грамадзянаў краіны-суагрэсара, створаны рэжымам, нягледзячы на няўпэўненасць у будучыні, працягвае працаваць на карысць беларускай культуры.

Уласна сам рэжысёр карціны Максім Швед, вядомы дакументальнай стужкай-блокбастарам «Чыстае мастацтва», з ліку тых творцаў у выгнанні. Reform.by звязаўся з беларускім кінематаграфістам, каб распытаць аўтара пра новае кіно, Плошчу Пераменаў і адчуванне мастака, вымушанага ствараць свае фільмы ў замежжы. Дадамо, што рэдакцыя Reform.by таксама спрычынілася да паўстання дакументальнай стужкі.

Максім, віншую з прэм’ерай! Твой новы фільм фіксуе, які неверагодны і цяжкі шлях прайшло беларускае грамадства на прыкладзе Яўгена. Уздым, пратэсты, затрыманні, эміграцыя, вайна… І якія выбітныя якасці яно дэманструе, працягваючы барацьбу, утрымліваючы прысутнасць духу, ствараючы будучыню. Гэта аблічча ствараецца цалкам дзякуючы герою. Мае першае пытанне пра яго — як даўно ты ведаеш Яўгена Атцецкага?

— Больш за 20 гадоў, шчыра кажучы. Я пачаў сачыць за творчасцю Жэні яшчэ з часоў ЖЖ (Живой Журнал — Reform.by). Яшчэ была такая «фотагульня», дзе мы з Жэнем гулялі за розныя каманды. Так вось з тых часоў я ведаю Яўгена. І мне ён падаецца вельмі цікавым героем і чалавекам, які прыцягвае ўвагу сваёй мудрасцю, чуллівасцю. Ён надзвычай востра і ёміста выказвае свае думкі і разважае на розныя тэмы, і я шмат з чым, што ён кажа, пагаджаюся.

Але вядома, што я абраў Жэню героем сваёй стужкі не толькі праз знаёмства. А праз то, што ён як творца, фатограф апынуўся у такім важным для беларусаў месцы, як Плошча Пераменаў. Яшчэ ў 2020 годзе гэта месца прыцягнула маю ўвагу, а зараз, можна сказаць, мне ўдалося закрыць свой гештальт.

"Будзе яшчэ шмат фільмаў пра гэта месца": Максім Швед - пра свае новае дакументальнае кіно "Фатограф з Плошчы Пераменаў"
Скрын са стужкі.

То-бок яшчэ ў 2020-м ты планаваў здымаць фільм пра Плошчу?

— Так. Яшчэ на самым пачатку гісторыі гэтага месца, ведаючы мой фільм «Чыстае мастацтва», сябры звярнулі маю ўвагу на барацьбу супрацоўнікаў ЖЭСу, уладаў з муралам «Дыджэі пераманаў» у двары. Я тады ўпершыню задумаўся, што варта нешта зрабіць, але рэдактар тады не зрэагаваў на маю заяўку. На той час на Плошчы яшчэ не адбыліся ўсе тыя трагічныя падзеі, пра якія ведаем зараз: не быў затрыманы Сцяпан Латыпаў, не быў забіты Раман Бандарэнка, не затрымалі Кацярыну Андрэеву… Я вельмі шкадаваў, што тады не настаяў на сваім. І вось толькі ў 2023 годзе я сустрэўся з Яўгенам у Варшаве і прапанаваў яму гэту тэму: маўляў, што бачу яго героем сваёй стужкі. Ён пагадзіўся: «Так, давай паспрабуем».

Адзін з важных момантаў фільма, што ты фіксуеш праз фотаздымкі і расповед Яўгена ўздым грамадства і гвалт рэжыму 2020 года. Ды ў той жа час у кіно ёсць вельмі істотная «апора» на сучасны момант — калі мы трапляем ў рэальнасць 2023-га — адбылося ўварванне Расіі ва Украіну, беларусы з прасторы небяспекі і рэпрэсій апынуліся ў іншай — эмігранцкай, прасторы выжывання і няўпэўненасці. Пытанне надта агульнае, але якое карэлюецца з тваёй карцінай: дзе сёння, на тваю думку, знаходзіцца беларускае грамадства ў часовым і ментальным плане?

— Я думаю, што і раней у нас не было адзінага ўніверсальнага ментальнага плана, а зараз, калі нас раскідала па свеце, увогуле цяжка пра гэта разважаць. Хоць пытанне цікавае. Мяркую, што хтосьці, сапраўды, «захрас» у 2020 годзе, хтосьці ўвогуле выкінуў усё, што адбылося, з галавы праз траўму, ці праз тое, што трэба рухацца далей. А камусьці ніколі і не цікавіла тое, што адбываецца навокал. Тут, вядома, можна разважаць, пра якіх беларусаў мы кажам.

"Будзе яшчэ шмат фільмаў пра гэта месца": Максім Швед - пра свае новае дакументальнае кіно "Фатограф з Плошчы Пераменаў"
Яўген Атцецкі на Плошчы Пераменаў у Мінску. 2020 год. Скрын са стужкі.

Але калі я як аўтар магу сесці побач са сваім героем і паспрабаваць з ім паразважаць разам на гэту тэму — хоць ён жыве ва Львове, а я жыву ў Варшаве — мне падаецца, што мы знаходзімся ў агульнай ментальнай прасторы. Дарэчы, як і Яўген, я лічу, што пратэст 2020 года, калі не прайграў, то дакладна выканаў сваю функцыю і скончыўся. Трэба гэту гісторыю пакінуць і рухацца наперад. Мы не павінны «захраснуць» у мінулым — не тое, што я баюся гэтага, але фіксацыя на 2020-м можа стаць нейкай праблемай. Хоць з іншага боку, калі казаць пра мяне і Жэню, мы як дакументалісты не можам не фіксаваць, не аналізаваць тое, што адбылося.

Як рэжысёр у выгнанні як ты цяпер асабіста выбудоўваеш сваю гісторыю?

— Прызнацца, сваё выгнанне я прыняў толькі ў апошнія паўгады. Я рабіў фільмы ў 2020, 2021 і 2022 гадах, рабіў часткова ананімна, часткова ўказваў аўтарства, і толькі нядаўна перастаў хаваць сваё імя. А гэта значыць, што ў бліжэйшыя часы мне дарога ў Беларусь закрытая. І вось у гэты момант я канчаткова зразумеў, што я сапраўды ў выгнанні. І што тэрміновы рэлакейшн не так хутка скончыцца, як нам хацелася б.

З іншага боку, мне даволі падабаецца мой вандроўны лад жыцця. Я заўсёды марыў шмат вандраваць, хацеў у пэўныя моманты з’ехаць з Беларусі, і, можна сказаць, мае мары здзейсніліся. Але праз тое, што гэта не мая воля, сітуацыя па сутнасці вымушаная, я не з такой прыемнасцю ўсё гэта ўспрымаю.

Але вучуся гэтаму. Бо, сапраўды, у шматлікіхх вандроўках пачынаеш разумець свет, і сябе ў гэтым свеце лепш. «Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць». Гэта зараз адчуваеш неяк інакш.

Дакументальнае кіно ў гэтым сэнсе вельмі круты інструмент, які дапамагае не згубіцца, не зламацца, і з нейкага іншага ракурсу паглядзець на тое, што са мной адбываецца. Адказваючы на тваё пытанне, я хутчэй не будую, а засвойваю, вучуся прымаць тое, што адбываецца са мной у жыцці.

"Будзе яшчэ шмат фільмаў пра гэта месца": Максім Швед - пра свае новае дакументальнае кіно "Фатограф з Плошчы Пераменаў"
Яўген Атцецкі фатаграфуе ў Львове. 2023 год. Скрын з карціны.

Што для цябе зараз Плошча Пераменаў?

— Перш за ўсё — гэта месца моцы, дзе драматычна, і ў нейкім сэнсе кінематаграфічна сплялося шмат розных чалавечых лёсаў. У гэтым месцы ёсць усё, каб распавесці пра тое, што з намі адбылося ў 2020 годзе. І на ўзроўні канкрэтнага чалавека, і на ўзроўні цэлага грамадства, народа.

Дакладна ведаю, што акрамя мяне яшчэ яшчэ два чалавекі здымалі падзеі на Плошчы Пераменаў, і тыя кінематаграфісты, спадзяюся, давядуць справу да канца — паўстануць некалькі фільмаў. І ўжо паўсталі. Нагадаю пра кароткаметражную стужку Мары Тамковіч «У прамым эфіры», якая зараз збірае ўзнагароды ў Польшчы. Сёння Мара працуе таксама над поўным метрам пра падзеі ў двары.

Мяркую, што будзе яшчэ шмат прац пра гэта месца, бо яно для нас вельмі сімвалічнае і значнае. Тут можна дадаць, што і для замежнікаў Плошчы Пераменаў — яскравы прыклад таго, які шлях прайшло беларускае грамадства за гэтыя гады.

Глядзець фільм можна тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: