У Крэўскім замку працягваецца новы сезон археалагічных раскопак. Даследаванні вядуцца ўздоўж усходняй сцяны ўнутранага двара, дзе летась археолагі выявілі падмуркі мураванай пабудовы, якая, як мяркуецца, была ўзведзена ў часы князёў Гедыміна і Альгерда. Побач знаходзіліся рэшткі яшчэ аднаго будынка, верагодна, драўлянага на каменным падмурку, піша смаргонская раёнка.

«Падчас раскопак тут мы знайшлі арыгінальную дэкаратыўную макотру, шмат фрагментаў керамічнага посуду, косткі, нажы, таму лічым, што гэта была замкавая кухня», — расказаў вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч.

Сярод апошніх знаходак — пацерка, дэкаратыўная накладка на пояс, жалезная пласцінка ад даспеха, фрагмент шыбы, а таксама манеты сярэдзіны XVI і XVII стагоддзяў. Паводле археолагаў, гэтыя знаходкі дапамагаюць лепш зразумець паўсядзённае жыццё жыхароў Крэўскага замка ў розныя гістарычныя перыяды.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
