Гісторык беларускай эміграцыі Наталля Гардзіенка ў інтэрв’ю парталу Budzma.org падзялілася выдавецкімі планамі Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку — вядомай інстытуцыі беларускай эміграцыі ў ЗША. Сярод навінак выдавецтва — і кніжная серыя «Спадчына БНР».
«Серыя пачнецца зборнікам прац па гісторыі беларускага нацыянальнага руху актыўнага дзеяча паваеннай БНР Антона Адамовіча, — распавяла Наталля Гардзіенка. — Потым у гэтай жа серыі плануюцца зборнікі дакументальнай і творчай спадчыны дзеячаў яшчэ даваеннай БНР: Кастуся Езавітава, Пётры Крачэўскага, Васіля Захаркі. Зборнік Кастуся Езавітава, укладзены разам з гісторыкам Юрыем Грыбоўскім, будзе наогул першым выданнем спадчыны гэтага дзеяча».
Беларускі інстытут навукі і мастацтва займаецца спадчынай эміграцыі цягам апошніх дзесяцігоддзяў: ён выдае кнігі і прыцягвае увагу да дзеячаў беларускай эміграцыі. На думку гісторыка і архівіста, сёння Інстытут мае яшчэ больш задач, «бо шмат з таго, што пісалася і было зроблена беларускімі паваеннымі эмігрантамі, зноў набывае актуальнасць, і хочацца гэта цяперашнім эмігрантам паказваць».
Гэтаксама сярод навінак, які рыхтуюцца да друку, даследчык узгадала кнігу, прысвечаную першаму паваеннаму прэзідэнту БНР Міколу Абрамчыку.
«Усё згаданае — гэта тое, што сёння немагчыма выдаць у Беларусі, — дадае спадарыня. — Як бачыце, Беларускі інстытут навукі і мастацтва працягвае тую дзейнасць, якую ажыццяўляў ад 50-х гадоў ХХ стагоддзя, калі друкавалася тое, што немагчыма было надрукаваць у самой Беларусі».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: