Беларускі дакументаліст Максім Швед планаваў паказаць у Чарнагорыі праект пра Джоні Косміка. Распавядаем пра гэта кіно

На гэтым тыдні ў Будве мусіць быць адбыцца паказ кінатвораў рэжысёра-дакументаліста Максіма Шведа. Але з-за перастрахоўкі кампаніі Ryanair, якая не прыняла польскі праязны дакумент беларускага кінематаграфіста, культурная падзея была адменена, а творца быў вымушаны адмовіцца да пажарожжа ў Чарнагорыю.

Гэты інцыдэнт падштурхноў Reform.news дазнацца больш пра новы праект аўтара «Чыстага мастацтва», які ствараецца прама зараз.

Максім Швед працуе сёння над дакументальнымі фільмам пра Джоні Косміка (Івана Смаляра) — беларускага фатографа, імя якога «прагрымела» на пачатку гэтага года выставай у Варшаве. Імпрэзу ў якасці падарунка да дня народзінаў творцы арганізавала беларуская культурная супольнасць. У гэтай гісторыі захоплівае ўсё: і таемны чат амаль на 200 чалавек, і 2 тысячы фатаграфій, што сябралі сябры, каб прадставіць творчасць Джоні, які ўвайшоў у фатаграфію амаль як Дон Кіхот.

Максім Швед на прэзентацыі будучага фільма ў Варшаве. Фота: Руслан Серадзюк.

Перадгісторыя

Метад Johnny Cosmic можна апісаць як паломніцтва ў фатаграфію як у прысутнасць. У Мінску гэты творца гадамі рабіў на вечарынах фотаздымкі людзей, каб потым абсалютна бясплатна раздаць іх сваім героям. Гэта практыка прадоўжылася і ў эміграцыі, у Варшаве, куды пераехаў творца. І называючы яго Дон Кіхотам, маю на ўвазе не «барацьбу з ветрянымі млынамі», а ў пэўным сэнсе ідэалізм аўтара, які ўпарта стаіць на пазіцыі фатаграфія як зносіны, а не рамяство.

«На вуліцах і вечарынках з’явіўся дзіўны хлопец, які падыходзіў з фотаздымкам, працягваў яго табе, а на ім — ты. (А ты нават не памятаеш, каб цябе здымалі), — расказваюць пра фатографа сябры. — Спачатку гэта напружвала: ён нічога за гэта не прасіў (і гэта было крыпі), не ўсе на гэтых здымках сабе падабаліся, але з часам, як мае быць беларусам, прызвычаіліся. Ваня стаў неад’емнай часткай усяго культурна-тусовачнага жыцця; яго пачалі пазнаваць, сябе на ягоных здымках — любіць».

Джоні Космік падчас вечарынкі ў яго гонар. Люты 2026 года, Варшава. Фота: Руслан Серадзюк.

 

Дзіўная, але можа быць і заканамерная ідэя прыйшла ў галаву прыяцелям Джоні менавіта тут, у эміграцыі — павіншаваць Косміка з днём народзінаў пэўным грандыёзным чынам — зладзіць ягоную выставу.

«Падумалася: а што, калі сабраць усе гэтыя здымкі, якія мы перавозілі праз мяжу, атрымлівалі ўжо на новым месцы, і зрабіць калектыўную выставу, куратарамі якой будзем мы самі? Бо Ваня ствараў архіў беларускага шчасця ўсе гэтыя гады, а нам заставалася толькі яго сабраць», — узнаўляюць момант нараджэння выставачнага праекта яго сябры.

У выніку атрымалася мегападзея. Вялізны таемны чат на дзве сотні чалавек, дзве варшаўскія лакацыі як месца святкавання, спасылкі на buymeacoffee, каб зрабіць усё на ўзроўні, зорныя госці і куратарская праца. І — выстава, якая агаломшыла не толькі галоўнага «віноўніка ўрачыстасцей», але натхніла ўсе беларускае камьюніці па абодва бакі мяжы.

Джоні Космік падчас адкрыцця выставы ў яго гонар. Люты 2026 года, Варшава. Фота: Руслан Серадзюк.

Пра тое, што беларусы грамадой зладзілі імпрэзу «для аднога фатографа», якая разраслася, лічы, да маштабу невялікага фэстывалю, напісалі ўсе беларускія незалежныя медыя. Кураж і эмоцыі самога Вані, якія захаваліся на фотаздымках і відэа, аказаліся настолькі моцнымі, што далучыцца да гэтага свята захацелася ўсім — так шмат у гэтай падзеі было дабрыні і радасці, што «лупанула», як гаворыцца, не на жарт.

Што тут казаць — не выпадкова і Максім Швед «клюнуў» на гэтую гісторыю, тым больш, што рэжысёр непасрэдна спрычыніўся да арганізацыі сюрпрыза. Аўтар стужкі «Маршрут перабудаваны» зняў віншавальнае відэа ад сяброў, якое паказвалася на святочнай вечарыне.

І далей ужо не здолеў выключыцца з гэтай гісторыі.

Так а што з новым фільмам?

Аглядальніку Reform.news удалося ўбачыць чарнавую версію фільма, якая з’яўляецца асновай будучай дакументальнай карціны. Кіно Максма Шведа носіць назву «Эфест Джоні Косміска» — і кінематаграфіст засняў усе ключавыя моманты «вечарынкі шчасця» для Івана Смаляра, ды не толькі іх.

Максім Швед на прэзентацыі будучага фільма ў Варшаве. Новы праект мае назву «Эфект Джоні Косміка». Фота: Руслан Серадзюк.

Частку праекта займаюць расповяды сяброў і прыяцеляў пра феномен Джоні. Але калі ў кадры пачынаецца сапраўднае кіно — гэта тады, калі рэжысёр пачынае фіксаваць непасрэднае дзеянне — жывую рэакцыю героя і яго атачэнння, трапляючы ў цэнтр і плынь самой падзеі.

Максім Швед называе свае кіно «фрактальнай дакументалістыкай» — то бок, яно памнажаецца на некалькі рэальнасцяў: кіно як кропка далучэння і зменаў, і сведка таго, што адбываецца. Рэжысёр здымаў падрыхтоўку да дня народзінаў, саму кульмінацыю, і тое, што будзе крочыць далей — камера тут выступае і інструментам назірання, і ўласна перфомерам.

У гэтым ключы да месца тут згадаць слынную працу Максіма Шведа «Чыстае мастацтва», у якой мастак Захар Кудзін маляваў карціны ў гарадской публічнай прасторы, правакуючы мінакоў да рэакцыі; камера Максіма Шведа ўсё гэта фіксавала. «Эфект Джоні Косміка» дае магчымасць ужо Джоні справакаваць сваю прастору культуры і сэнсаў.

Джоні раздае свае фотаздымкі. Фота: Руслан Серадзюк.

Тут таксама важна звярнуць увагу на назву праекта — «Эфект Джоні Косміка». Бо фільм не ідзе традыцыйным жанравым шляхам — творчага партрэта, кіно намагаецца пазначыць ці стварыць феномен. Джоні быў і ёсць тым чалавекам, які дзесяць гадоў рабіў штосьці для іншых, і нарэшце асяродак адгукнуўся — і таксама выбухнуў ўдзячнасцю і ўвагай. Што далей? Усё схлопнецца? Распусіцца? Ці прывядзе да новай кропкі энергетычнага выбуху?

Такое назіранне. Падчас прагляду матэрыялаў ловіш сябе на пытанні «чаму ж менавіта Іван?», і «ці цікава гэта будзе камусьці акрамя беларусаў?». Але праз пэўны час разумееш, што дзівак Джоні ў канцэпцыі праекта не тыповы герой кшталту «з гісторыі папулярнага беларускага мастака»; Джоні тут — адзін з нас, часам «збітых» і «не прызнаных лётчыкаў», і кожны з нас хоча быць любімым і бачным.

Падчас прэзентацыі будучага фільма ў Варшаве. Фота: Руслан Серадзюк.

«На што яшчэ здольны эфект Джоні Косміка? Як ён паўплывае на самога Ваню і на нас усіх? Гэта выключна беларуская з’ява ці ўніверсальная гісторыя? Як Ваня распарадзіцца сваім новым капіталам, які выйграў у кармічнай латарэі? Мы будзем шукаць адказы цэлы год — да наступнага дня народзінаў Вані», — расказвае пра фільм, прастора якога змяняецца проста зараз, здымачная група.

Дадзены этап будучага кіно каманда пазначае як дэвелопмент (развіццё). Група, у якую акрамя Максіма Шведа ўваходзяць і прафесійныя кінематаграфісты, рыхтуе пітч-праекты для фондаў і фестываляў, і працягвае «сачыць, здымаць і мантаваць новыя прыгоды Вані і нашыя з ім». Акурат ў Будве і мусіла была адбыцца чарговая прэзентацыя фільма, і нават тое, што яна сарвалася, усё гэта таксама становіцца часткай праекта. Як і гэты тэкст, які паўплывае ці не паўплывае на кіно і яго падтрымку.

Супольнасць у такім праекце — яшчэ адзін з герояў. І на сайце Gronka  каманда фільма адкрыла адмысловы збор, скіраваны на тое, каб далучыць камьюніці да кіно. Падтрымаць карціну можна самым розным чынам: скажам, ахвяраваўшы пэўную суму, займець лампавую паштоўку ад Джоні, ці нават заказаць у яго фотасэт.

Супольнасць — адзін з герояў праекта. Таму стваральнікі карціны разлічываюць на дапамогу ў стварэнні кіно. Фота: Руслан Серадзюк.

Максім Швед кажа пра архівы Івана Смаляра, якія яму удалося атрымаць у дар, і гэты матэрыял таксама можа паўплываць на сэнсавую траекторыю будучага кіно.

На пытанне, ці не страшна Джоні становіцца героем дакументальнай стужкі, Космік адказвае, што не, бо гэта яго моцна стымулюе. І ён ужо мае намер да наступнага дня народзінаў выдаць сваю фотакнігу.

Напрынкацы цікава паразважаць і над прадметам здымак фатографа: ці зменіцца яго метад як творцы? Кола натхнення? Калі з большасці гэта была супольнасць крэатыўнага беларускага класа, то хто цяпер? Прастора фатаграфіі — рэч бязмежная, і яна таксама прапануе вялікае поле магчымасцей.

Падтрымаць праект можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!