Куратарка Вольга Мжэльская расказала пра новую беларускую пляцоўку ў Варшаве

Беларуская куратарка і аніматарка культуры Вольга Мжэльская ў інтэрв’ю польскаму часопісу Miej Miejsce расказала пра праект «Рэдакцыя».

Праект ствараецца нашым выданнем reform.news з мэтай падтрымкі рэдакцыі. Гэта адначасова будзе і пляцоўкай для запісу праектаў медыя, а таксама стылёвым пабам і прасторай для культурных івэнтаў — сустрэч, дэбатаў, кніжных прэм’ер і размоў пра культуру і палітыку.

Атрыманыя сродкі будуць спрыяць фінансаванню працы рэдакцыі і журналісцкіх расследаванняў.

«Мастацтва, не толькі беларускае, абавязкова будзе там прысутнічаць. Там будзе месца для праектаў, якія тычацца свабоды слова і адносін паміж мастацтвам і мовай», — растлумачыла Вольга Мжэльская.

У інтэр’вью Міхаліне Саблік куратарка таксама распавяла пра беларускую мастацкую сцэну, пратэсты 2020 года, эміграцыю і куратарскую працу паміж Беларуссю і Польшчай.

Суразмоўцы асабліва засяродзіліся на падзеях 2020-га і пераменах ў грамадскай свядомасці.

«У 2020 годзе, падчас пратэстаў, людзі раптам пачалі масава цікавіцца мастацтвам, — расказала Вольга Мжэльская. — Яны хадзілі на выставы, удзельнічалі ў экскурсіях, наведвалі майстэрні мастакоў. Мастацтва стала формай псіхічнага выжывання.

Культура адыграла вялікую ролю яшчэ і таму, што ў Беларусі ўжо даўно ідзе працэс пошуку ідэнтычнасці – адказаў на пытанні пра тое, што такое беларускі народ, мова і культура. Рушыла ўслед новая хваля цікавасці да беларускіх каранёў, гісторыі і народнай культуры. Спачатку я б яшчэ не назвала гэта дэкаланіяльным паваротам. Гэта быў, перш за ўсё, пратэст супраць дыктатуры Лукашэнкі, рэжым якога паслядоўна паслабляў усё, што было звязана з беларускай ідэнтычнасцю, умацоўваючы прарасейскую арыентацыю. Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ясна відаць з’яўленне ў мастацтве беларускай дэкаланіяльнай перспектывы. Мастакі сёння звяртаюцца да народных матываў або традыцый, часта робяць гэта ўжо з поўным усведамленнем рускага каланіялізму і неабходнасці аднаўлення ўласнай культуры».

Прачытаць размову можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!