Лаўрэат Прэміі Ежы Гедройця-2021, раман-сенсацыя «Па што ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец (Святланы Курс) выходзіць у чэшскім выдавецтве Паўла Мерварта (Nakladatelství Pavel Mervart). Пераклад кнігі, якая працягвае свае шэсце па краінах, стварыў беларускі паэт і літаратар Макс Шчур («Завяршыць гештальт», «Там, дзе нас няма»), паведамляе выдавецкая ініцыятыва «Пфляўмбаўм».
Ужо сёння «Па што ідзеш, воўча?» можна знайсці на сайце выдавецтва ў раздзеле «Навінкі».
«Апошні раман Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча? прапануе свежы сучасны погляд на класічныя тэмы беларускай літаратуры, такія як вайна, калектывізацыя, сталінскія рэпрэсіі, лёс беларускага народа ў ХХ стагоддзі – усё гэта разглядаецца аўтарам вачыма яе гераінь, — адзначаецца ў анатацыі да выдання. — Галоўны апавядальнік — народная лекарка, якая на працягу ўсяго жыцця запісвае ў асабістым дзённіку падзеі ў роднай вёсцы і ваколіцах. Яе ўнучка, жанчына сярэдняга веку з праблемамі алкаголю, вяртаецца з-за мяжы на пахаванне бабулі і знаходзіць дзённік, з якога яна даведаецца шмат падрабязнасцей пра жыццё сваёй сям’і за апошнія сто гадоў. Раман напісаны несумненнай народнай мовай, якой Вежнавец, дыпламаваная філалагіня з беларускай вёскі, ведае блізка і бліскуча валодае. Аўтар спалучае лепшае з беларускай літаратуры — жорсткую аўтэнтычнасць Святланы Алексіевіч і філасофскую глыбіню Васіля Быкава — з чорным гумарам і магічным рэалізмам у стылі Габрыэля Гарсія Маркеса. Раман належыць да лепшых у сучаснай беларускай прозе і невыпадкова трапіў у шорт-ліст самай прэстыжнай беларускай літаратурнай прэміі Ежы Гедройця».
Нагадаем, што твор Святланы Курс у 2022 годзе таксама быў апублікаваны ў аўстрыйскім выдавецтве Paul Zsolnay. Перакладчыца рамана Ціна Вюншман у жніўні гэтага года трапіла ў шортліст Міжнароднай літаратурнай прэміі за сучасную замежную прозу, упершыню перакладзеную на нямецкую мову (Internationaler Literaturpreis—Prize for Contemporary Literatures in Translation). Спадзяемся, што паганская «балотная казка» Евы Вежнавец працягне прыцягваць увагу міжнароднага чытача, перакладчыцкіх і літаратурных прэмій.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: