PhotoArtDoc — фестываль незалежнай беларускай фатаграфіі на скрыжаванні дакументалістыкі і мастацтва — абвясціў пра старт другога сезону.
Да ўдзелу ў PhotoArtDoc запрашаюцца беларускія фатографы і мастакі, якія працуюць з фатаграфіяй, незалежна ад досведу і месца пражывання.
Нагадаем, што фестываль беларускай фатаграфіі ладзіць створаная ў верасні 2023 года Беларуская незалежная фатаграфічная асацыяцыя.
У 2026 годзе захаваецца базавая структура форуму, якая ўключае адукацыйна-ментарскую і конкурсную часткі. Але сёлета адукацыйны модуль праекта стане больш насычаным і будзе складацца з двух этапаў.
Першы этап — адукацыйны — убірае ў сябе серыі анлайн-сустрэч з ментарамі і запрошанымі экспертамі фестывалю ў галіне фатаграфіі для заяўнікаў, якія пройдуць тэхнічны адбор.
Па выніках гэтай часткі кожны ўдзельнік распрацуе канцэпцыю ўласнага фотапраекта і прадставіць яе ментарам.
Другі этап — ментарскі — мае больш сур’ёзныя крытэрыі адбору. Ментары ў асобах фатографаў Сяргея Гудзіліна, Кацярыны Кузьмічовай і Таццяны Ткачовай сфарміруюць тры групы на аснове прэзентацый праектаў аўтараў, якія акурат прайшлі першы этап адукацыйнай праграмы.
Колькасць месцаў у групах абмежаваная, таму трапяць у ментарскі этап не ўсе. Далей удзельнікі, які пройдуць адбор, атрымаюць чатыры месяцы інтэнсіўнага навучання і дапамогу ў развіцці сваіх праектных ідэй.
Удзел ва ўсіх частках праграмы — бясплатны. Пазней арганізатары фестывалю паведамяць інфармацыю і пра ўдзел і ў конкурсным блоку фотафоруму.
Падаць заяўку на адукацыйную частку можна да 10 студзеня па спасылцы.
Нагадаем, што летась сярод пераможцаў першай эдыцыі PhotoArtDoc былі: Яна Шніпельсон з праектам «Скарб», аўтарка Cottonyevil з праектам «Юбілей», Таццяна Чыпсанава з серыяй In My Shoes. Пазней Таццяна Чыпсанава ўвайшла ў лік лаўрэатаў World Press Photo-2025 cа сваім іншым доўгатэрміновым праектам «Тэ Урэвэра – жывы продак народа тухоэ».
Cёлета акрамя адукацыйнай праграмы, конкурсу і выставы па выніках фестывалю плануецца і выпуск кнігі. Пра гэта паведаміў куратар праекта Сяргей Міхаленка.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram