У Люксембургу адбылося падпісанне дакументу аб заснаванні Федэрацыі кінаакадэміяў Еўропы. Сярод 21 сябра — заснавальніка арганізацыі — Беларуская незалежная кінаакадэмія (BIFA), створаная незалежнымі кінематаграфістамі з Беларусі ў 2022 годзе з мэтай зрабіць голас беларускага незалежнага кіно заўважным у Еўропе.
Сярод іншых арганізацыяў-заснавальніц Федэрацыі кінаакадэміяў Еўропы – Еўрапейская кінаакадэмія, Дацкая кінаакадэмія, Кінаакадэмія Люксембургу, Аўстрыйская кінаакадэмія, Украінская кінаакадэмія і іншыя — беларуская інстытуцыя апынулася ў выдатнай кампаніі. Ад імя Беларускай незалежнай кінаакадэміі падпісвала дакумент у Люксембургу сузаснавальніца BIFA і сябра кіраўніцтва Воля Чайкоўская, паведамляе беларускае незалежнае аб’яднанне.
«Беларуская незалежная кінаакадэмія (BIFA) атрымала запрашэнне Еўрапейскай кінаакадэміі і Люксембургскай кінаакадэміі ўвайсці ў склад устаноўчай рады Федэрацыі, – падзялілася Воля Чайкоўская. – Падпісанне дакументу BIFA – гэта вялікі крок наперад у прызнанні беларускага незалежнага кіно ў Еўропе, а таксама пашырэнне магчымасцяў для развіцця беларускіх кінематаграфістаў у выгнанні».
Важнай часткай працы Федэрацыі кінаакадэміяў Еўропы будзе лабіяванне з еўрапейскімі і нацыянальнымі палітыкамі, каб гарантаваць, што еўрапейскае кіно па-ранейшаму разглядаецца як важная культурная каштоўнасць і як істотны эканамічны фактар. Таксама важнымі аспектамі стануць кінаадукацыя, пашырэнне сяброўства і праекты кінаспадчыны, у якіх устойлівасць, разнастайнасць і залучанасць ёсць ключавымі элементамі. Федэрацыя хоча, каб праца кінаакадэміяў лічылася неадымнай часткай любой еўрапейскай палітыкі ў галіне кіно. Агулам новая федэрацыя аб’ядноўвае каля 20 тысяч чалавек.
Пасля падпісання дакументу больш краін звярнуліся ў FACE з просьбай аб уступленні.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: