ЗША ўвялі санкцыі супраць махлярскіх цэнтраў

Дзярждэпартамент ЗША абвясціў пра меры супраць махлярскіх цэнтраў у Паўднёва-Усходняй Азіі. Паводле ацэнкі амерыканскага ўрада, у 2024 годзе жыхары ЗША страцілі з-за іх дзейнасці не менш за 10 млрд долараў.

Санкцыі ўведзены супраць камбаджыйскага сенатара Кок Ана і 28 звязаных з ім асоб і арганізацый.

“Кок Ан і яго саўдзельнікі кіравалі махлярскімі схемамі, накіраванымі супраць грамадзян ЗША, і часта выкарыстоўвалі ахвяр гандлю людзьмі, якіх прымушалі да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў пад пагрозай гвалту, як гэта задокументавана ў дакладзе Дзяржаўнага дэпартамента ЗША пра гандаль людзьмі.

Гэтыя ўстановы, многія з якіх размешчаны ў казіно і камерцыйных комплексах, скралі мільёны долараў у амерыканцаў з дапамогай ашуканскіх схем «інвеставання» ў лічбавыя актывы, якія пачынаюцца з незапрошаных паведамленняў і ілжывых абяцанняў сяброўства або рамантычных адносін”, – гаворыцца ў заяве Дзярждэпартамента.

Адначасова была абвешчана ўзнагарода ў 10 млн долараў за інфармацыю, якая прывядзе да канфіскацыі або вяртання сродкаў, звязаных з адмываннем грошай у межах махлярскіх схем, што ажыццяўляюцца з цэнтраў махлярства ў Тай Чангу.

Яшчэ адна ўзнагарода ў 4 млн долараў абвешчана за інфармацыю, якая прывядзе да арышту грамадзяніна КНР Дарэна Лі за садзейнічанне адмыванню даходаў для розных махлярскіх цэнтраў у Паўднёва-Усходняй Азіі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!