Колькасць загінулых у выніку расійскага ўдару па Кіеўскай вобласці вырасла да 10

У Кіеўскай вобласці ў выніку расійскага ракетнага ўдару загінулі 10 чалавек, яшчэ каля 100 чалавек атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Пра гэта паведаміў генеральны пракурор Украіны Руслан Краўчанка. Ён адзначыў, што лічбы ўдакладняюцца.

Па факце ўдару распачата крымінальная вытворчасць паводле артыкула аб парушэнні законаў і звычаяў вайны. Адначасова пракуратура пачала асобнае расследаванне паводле артыкула аб магчымым неналежным выкананні службовых абавязкаў пры арганізацыі мерапрыемства, што магло прывесці да гібелі людзей і іншых цяжкіх наступстваў.

Паводле слоў Краўчанкі, следства ўсталюе, хто прымаў рашэнне аб правядзенні мерапрыемства, узгадняў месца, час і фармат яго правядзення, а таксама якія меры бяспекі былі прадугледжаныя ва ўмовах ваеннага становішча.

Як паведаміў выканаўца абавязкаў кіраўніка Кіеўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Руслан Алейнік, найбольш пацярпеў Бучанскі раён.

«Паводле папярэдняй інфармацыі, удар быў нанесены па тэрыторыі прыватнага палігона, дзе праходзілі мерапрыемствы. У цяперашні час гэтая інфармацыя старанна правяраецца», — паведаміў ён.

У выніку ўдару пашкоджаныя 27 прыватных дамоў і 44 аўтамабілі. На месцы працягваюць працаваць ратавальныя і аператыўныя службы.

Паводле даных Украінскай рады збраяроў, удар прыйшоўся па месцы, дзе знаходзіліся прадстаўнікі ўкраінскай абароннай прамысловасці. У Радзе падкрэслілі, што не былі арганізатарамі мерапрыемства, але падтрымліваюць сувязь з калегамі і аказваюць неабходную дапамогу.

«Інфармацыя пра дакладнае месцазнаходжанне ўдзельнікаў публічна не распаўсюджвалася. Абставіны ўдару высвятляюць кампетэнтныя органы. Просім устрымацца ад распаўсюджвання фота і відэа з месца здарэння, геалакацыі, інфармацыі пра пацярпелых, кампанію і іншых дэталяў, якія могуць нанесці шкоду людзям, працы Сіл абароны або следству», — заклікалі ў арганізацыі.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што на месцы працягваецца выратавальная аперацыя. Ён выказаў спачуванні сем’ям загінулых і заявіў, што працягваецца высвятленне ўсіх абставінаў таго, што адбылося.

Зяленскі таксама паведаміў, што ў выніку ўдараў авіяцыйнымі бомбамі па Славянску загінулі 5 чалавек, яшчэ 9 атрымалі раненні. Паводле яго слоў, пашкоджаныя жылыя дамы, будынак консульства і аўтамабілі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!