Рыжанкоў абмеркаваў супрацоўніцтва з Іранам

Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў сустрэўся з кіраўніком МЗС Ірана Абасам Аракчы на палях пасяджэння Савета міністраў замежных спраў ШАС у Кыргызстане 24 ліпеня.

«Беларускі бок выказаў нязменную падтрымку Ірану ў абароне яго нацыянальнага суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і недапушчальнасці ўмяшання ва ўнутраныя справы», — паведамляе МЗС Беларусі.

Бакі абмеркавалі нарошчванне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, узаемадзеянне на міжнароднай арэне, зверылі графік будучых кантактаў на найвышэйшым і высокім узроўнях.

Як паведамляе МЗС Ірана, Рыжанкоў і Аракчы абмеркавалі ход рэалізацыі раней дасягнутых дамоўленасцяў, у прыватнасці, супрацоўніцтва паміж МЗС на 2026–2030 гады.

«Міністры замежных спраў Ірана і Беларусі таксама абмяняліся меркаваннямі наконт апошніх рэгіянальных і міжнародных падзей і падкрэслілі неабходнасць умацавання шматбаковасці, процідзеяння аднабаковым прымусовым мерам, а таксама выкарыстання патэнцыялу Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва для пашырэння палітычнага, эканамічнага і гандлёвага ўзаемадзеяння паміж дзвюма краінамі», — заявілі ў МЗС Ірана.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!