ЗША правялі праз Армузскі праліў больш за 800 суднаў

ЗША правялі праз Армузскі праліў больш за 800 суднаў. Пра гэта заявілі ў Цэнтральным камандаванні ЗША, якое адказвае за аперацыі на Блізкім Усходзе, абвяргаючы заявы іранскага боку пра закрыццё Армузскага праліва.

«Іран не кантралюе Армузскі праліў. З пачатку мая амерыканскія войскі дапамаглі забяспечыць бесперашкодны транзіт больш як 800 камерцыйных суднаў і 380 мільёнаў барэляў сырой нафты праз гэты найважнейшы міжнародны гандлёвы калідор», — гаворыцца ў паведамленні.

Раней СМІ пісалі, што амерыканскія эсмінцы дапамагаюць гандлёвым суднам прайсці ў начны час па паўднёвым маршруце, які праходзіць уздоўж берагоў Амана. Судны ідуць з адключанымі трэкерамі і патушанымі агнямі. Ваенныя караблі ЗША забяспечваюць ахову і каардынуюць праход суднаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!