Фото: @StateDeputySPOX
ЗША з 24 жніўня афіцыйна знялі з Сірыі статус дзяржавы-спонсара тэрарызму. Прэзідэнт краіны Дональд Трамп у пачатку ліпеня паведаміў Кангрэсу пра такое рашэнне, якое павінна было ўступіць у сілу праз 45 дзён, якія адводзіліся на праверку заканадаўцаў.
У панядзелак дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа заявіў, што рашэнне ўступіла ў сілу.
“Сёння я санкцыянаваў афіцыйную адмену статусу Сірыі як дзяржавы-спонсара тэрарызму (ДСТ) пасля заканчэння абавязковага 45-дзённага перыяду паведамлення Кангрэса. Я таксама выключыў групоўку «Хаят Тахрыр аш-Шам» (ХТШ) са спісу асабліва пазначаных глабальных тэрарыстаў (АГТ). Гэтыя дзеянні ўяўляюць сабой яшчэ адзін гістарычны крок прэзідэнта Трампа, накіраваны на забеспячэнне сірыйскаму народу шляху да росквіту”, – гаворыцца ў заяве Рубіа.
У ёй таксама адзначаецца, што за апошні год урад Сірыі распачаў значныя крокі па барацьбе з тэрарызмам, у тым ліку далучыўшыся да антыІДІЛаўскай кааліцыі і правёўшы аперацыі супраць тэрарыстычных сетак ІДІЛ, Аль-Каіды, Хезбалы і звязаных з Іранам груповак.
Адмена статусу дзяржавы-спонсара тэрарызму будзе спрыяць інтэграцыі Сірыі ў сусветную эканоміку.