Кіраўнік МЗС Украіны спадзяецца на нармалізацыю адносін з Венгрыяй

Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга спадзяецца на нармалізацыю адносін з Венгрыяй пасля перамогі Петэра Мадзьяра на нядзельных выбарах.

Сібіга таксама адмяніў рэкамендацыю для грамадзян Украіны ўстрымацца ад паездак у Венгрыю, якая была ўведзена ў сакавіку пасля затрымання ўкраінскіх інкасатараў.

“Гэтая выбарчая кампанія, на жаль, была перапоўненая маніпуляцыямі ў дачыненні да Украіны, і яна ўжо ззаду. Таксама страцілі вастрыню і павышаныя рызыкі правакацый, з-за якіх уводзіліся гэтыя абмежаванні.

Разлічваем, што і ў палітычным вымярэнні, не толькі консульскім, вынікі выбараў прывядуць да нармалізацыі адносін. Украіна гатовая працаваць над дасягненнем такой мэты”, – заявіў Сібіга.

Паводле яго слоў, выбар венгерскага народа дэманструе імкненне жыць у міры, бяспецы і дабрабыце, у сапраўды незалежнай Венгрыі, якая з’яўляецца часткай аб’яднанай і свабоднай Еўропы.

Разам з тым Сібіга адзначыў, што ўкраінцам варта рэалістычна падыходзіць да сваіх чаканняў.

“Наперадзе карпатлівая, прагматычная і спакойная праца па пошуку пунктаў судакранання, аднаўленні ўзаемнай павагі і ўвасабленні агульных прагматычных інтарэсаў. Нашы народы заслугоўваюць, каб мы прайшлі гэты шлях, і мы будзем працаваць над аднаўленнем добрасуседства ў інтарэсах нашых дзвюх краін і Еўропы ў цэлым”, – заключыў Сібіга.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!