Скриншот видео
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі запісаў відэазварот, прысвечаны чацвёртай гадавіне пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі.
“Сёння роўна чатыры гады, як Пуцін бярэ Кіеў за тры дні. І гэта сапраўды вельмі шмат гаворыць пра наш супраціў, пра тое, як змагаецца Украіна ўвесь гэты час. За гэтымі словамі – мільёны нашых людзей. За гэтымі словамі – вялікая смеласць, вельмі цяжкая праца, вытрымка і вялікі шлях, які Украіна пераадольвае з 24 лютага”, – сказаў ён.
Уладзімір Зяленскі таксама паказаў свой кабінет у бункеры ва ўрадавым комплексе ў Кіеве. Тут, паводле яго слоў, ён пачуў прапанову пакінуць сталіцу і прыняў рашэнне застацца.
“Гэты кабінет, гэты маленькі пакой у бункеры на Банкавай – тут былі мае першыя размовы з лідарамі свету на пачатку вайны. Я тут гаварыў з прэзідэнтам Байдэнам і менавіта тут пачуў: «Уладзімір, ёсць пагроза, вам трэба тэрмінова пакінуць Украіну. Мы гатовыя дапамагчы ў гэтым». І я адказаў, што мне патрэбна зброя, а не таксі”, – распавёў ён.
Украінскі прэзідэнт падкрэсліў, што народ краіны выбраў супраціў.
“Нашы людзі не паднялі белы сцяг, а абаранялі сіне-жоўты. І акупанты, якія думалі, што тут іх сустрэнуць чэргі з кветкамі, убачылі чэргі ў ваенкаматы. Нашы людзі выбралі супраціў. І нашы воіны – яны стаялі трывала, і мірныя жыхары абаранялі гарады, абаранялі нашы вёскі, вуліцы, двары, звычайныя людзі, абсалютна, жывой сцяной спынялі калоны тэхнікі. І ўсе разам падказвалі заблуканай Расіі адзіны правільны шлях”, – дадаў ён.
Уладзімір Зяленскі нагадаў пра ход вайны за апошнія чатыры гады, пералічыўшы ваенныя злачынствы Расіі. Ён таксама адзначыў, што Украіна прайшла шлях ад моманту, калі ёй перадавалі бронекамізэлькі, да моманту, калі яна сама выпускае больш за 3 млн FPV-дронаў у год, а таксама іншыя беспілотнікі і ракеты.
“Пуцін разумее, што не здольны перамагчы Украіну на полі бою, і «другая армія свету» ваюе са шматпавярхоўкамі і электрастанцыямі. І цяпер украінцы пераадольваюць самую цяжкую зіму ў гісторыі. І тэроры амаль кожную ноч. І я не ведаю, хто б яшчэ такое вытрымаў, не пасыпаўся, не пахіснуўся. Украінцы гэта робяць. Гэта вялікая стомленасць, вядома. Які яшчэ народ можа так? Нягледзячы на вайну, усе гэтыя атакі, усе выпрабаванні перамагаць зло, перамагаць нуду, роспач. І трымацца. І трымацца ў адзінстве”, – сказаў ён.
Зяленскі таксама падзякаваў кожнаму сусветнаму лідару, хто падтрымаў Украіну. Ён адзначыў, што хацеў бы прыйсці ў бункер з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам.
“Я дакладна ведаю: толькі пабываўшы ва Украіне і ўбачыўшы на ўласныя вочы наша жыццё і барацьбу, адчуўшы нашых людзей і гэтае мора болю, – толькі так можна зразумець, пра што гэтая вайна насамрэч. І з-за каго. Хто тут агрэсар. На каго трэба ціснуць.
Зразумець, што Украіна абараняе жыццё, змагаецца менавіта за гэта. І гэта не вулічная бойка. Гэта напад хворай дзяржавы на суверэнную, і зразумець, што Пуцін і ёсць гэтая вайна. Ён – прычына пачатку і перашкода для яе заканчэння. І ставіць на месца трэба менавіта Расію, каб сапраўдны мір быў”, – сказаў ён.
“Абараняем сваю зямлю, жыццё, незалежнасць, сваю культуру, гісторыю, сваю Сафію, уласных людзей. 1462 дні поўнамаштабнай вайны. Дванаццаць гадоў пасля пачатку агрэсіі Расіі. Для кагосьці – цэлае жыццё. Безумоўна, усе мы хочам, каб вайна скончылася. Але ніхто не дазволіць, каб скончылася Украіна. Мы хочам міру. Моцнага, годнага, доўгага. І перад кожным раўндам перамоў я даю нашай камандзе вельмі выразныя дырэктывы.
Гэта заўсёды ідзе па закрытых указах, але дакладна не раскрыю дзяржаўную таямніцу, калі скажу галоўны мой пасыл: не абнуліць усе гэтыя гады, не абясцэніць усю барацьбу, адвагу, годнасць, усё, што Украіна прайшла. Нельга, нельга гэта аддаць, забыць, здрадзіць. Менавіта таму столькі раўндаў перамоў і бітва за кожнае слова, за кожны пункт, за рэальныя гарантыі бяспекі, каб здзелка была моцнай. Гісторыя глядзіць на нас уважліва. Пагадненне павінна быць не проста падпісана, павінна быць прынята – прынята ўкраінцамі”, – працягнуў ён.