Зяленскі: расіяне амаль спынілі ўдары па аб’ектах энергетыкі

У ноч на пятніцу пачаўся тыдзень без удараў па энергетыцы, заявіў Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім звароце 30 студзеня.

Паводле слоў Зяленскага, Расія амаль не б’е па аб’ектах энергетыкі, аднак адзін удар быў у Данецкай вобласці, яшчэ адзін — па вагоне-электрастанцыі ў Днепрапятроўскай вобласці.

«Ва ўсіх нашых абласцях з ночы на пятніцу сапраўды не было ўдараў па аб’ектах энергетыкі. Амаль не было. За выключэннем Данецкай вобласці, дзе быў адзін удар па газавай інфраструктуры, удар авіябомбамі. Таксама цяпер мы бачым пераарыентацыю Расіі на ўдары па лагістыцы, па вузлавых станцыях. У прыватнасці, быў паражаны адзін з вагонаў «Укрзалізніцы», спецыяльны вагон-электрастанцыя, — гэта адбылося раніцай на Днепрапятроўшчыне», — сказаў ён.

Акрамя гэтага, Расія нанесла ўдар балістыкай па складах амерыканскай кампаніі «Філіп Морыс» у Харкаўскай вобласці. Былі ўдары па Нікапалі, Херсоне, па памежных раёнах Харкаўскай, Сумскай і Чарнігаўскай абласцей.

Зяленскі падкрэсліў, што ўкраінская пазіцыя будзе люстраной. Сёння Украіна ўстрымлівалася ад удараў па энергетычных аб’ектах у Расіі.

Раней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заяўляў, што Уладзімір Пуцін пагадзіўся не абстрэльваць Кіеў на працягу тыдня з-за халоднага надвор’я.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!