Зяленскі паддзеў Лукашэнку візітам Ціханоўскай

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, выступаючы на IV Міжнародным саміце гарадоў і рэгіёнаў “Партнёрства. Устойлівасць. Гатоўнасць”, скарыстаўся прысутнасцю Святланы Ціханоўскай і паддзеў Аляксандра Лукашэнку.

“Тут з намі цяпер таксама прадстаўнікі Швецыі, Чэхіі, Славакіі. Упершыню ў такім нашым фармаце — прадстаўнікі Беларусі. І нядаўна Лукашэнка сказаў, што прэзідэнтам Украіны і Беларусі ўжо час сустрэцца. Так цікава атрымалася: сказаў Лукашэнка, а прыехала Святлана Ціханоўская. Рады вас бачыць, Святлана”, — сказаў ён.

Нагадаем, на мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка падчас ядзернай трэніроўкі заявіў, што настаў час яму сустрэцца з Зяленскім.

«Калі ён хоча пра нешта пагаварыць, параіцца ці яшчэ што-небудзь, калі ласка, мы адкрытыя для гэтага. У любой кропцы — Украіны, Беларусі — я гатовы з ім сустрэцца і абмеркаваць праблемы беларуска-ўкраінскіх адносін. І, можа, пагаварыць пра перспектывы. Чамусьці з амерыканцамі, немцамі, палякамі, літоўцамі і латышамі ў нас ёсць пра што размаўляць, а з Украінай няма пра што…», — сказаў тады Лукашэнка.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!