Скриншо видео
Беларусы падтрымліваюць Украіну і гатовыя ўдзельнічаць у яе аднаўленні. Пра гэта заявіла, выступаючы на адкрыцці Міжнароднага саміту гарадоў і рэгіёнаў «Партнёрства. Устойлівасць. Гатоўнасць» Святлана Ціханоўская. Яна таксама выказала ўпэўненасць ва ўкраінскай перамозе.
«Для мяне няма пытання, ці пераможа Украіна. Пытанне толькі ў тым, калі гэта адбудзецца. І гэта залежыць ад таго, наколькі шмат мы ўсе зробім, каб наблізіць гэты момант… Украіна змагаецца за ўсе народы, якія занадта доўга жылі ў цені імперыі. Яна змагаецца за самае галоўнае — за права жыць у міры. І лёс маёй краіны, таксама залежыць ад Украіны. Я веру, што свабодная Украіна адкрые шлях і для свабоднай Беларусі», — сказала яна.
Ціханоўская адзначыла, што падчас візіту ўбачыла наступствы расійскіх удараў. Яна наведала мемарыялы тых, хто аддаў сваё жыццё за Украіну. Разам з тым яна ўбачыла і тое, як украінцы кожны раз аднаўляюцца пасля ўдараў.
«Я бачыла разбурэнні і тое, як людзі працягваюць змагацца, нягледзячы ні на што. Але я ўбачыла і іншае. Я ўбачыла, як камунальныя службы ўжо на наступную раніцу аднаўляюць горад. Я бачыла будаўнікоў, якія аднаўляюць вуліцы і інфраструктуру. Я бачыла, як працуюць людзі, каб аднавіць лагістыку», — сказала яна.
Паводле яе слоў, устойлівасць украінскага народа дэманструе, што імперыялізм больш не працуе.
Ціханоўская заклікала адрозніваць рэжым Лукашэнкі, які служыць інтарэсам Расіі, ад беларускага народа. Яна нагадала, што беларускія добраахвотнікі таксама змагаюцца на полі бою супраць расійскіх войскаў.
«Мы падтрымліваем украінскую армію і гатовыя ўдзельнічаць у аднаўленні Украіны. Мы гатовыя ўнесці свой уклад у размініраванне, аднаўленне інфраструктуры, падзяліцца нашымі лепшымі практыкамі і дапамагчы ў распрацоўцы праграм рэабілітацыі. Нашы IT-спецыялісты гатовыя дзяліцца тэхналогіямі для абароны ўкраінскай дэмакратыі. Наша дыяспара па ўсім свеце гатова прынесці свой досвед і энергію для аднаўлення Украіны.
Але самае галоўнае, што Беларусь можа і павінна даць Украіне ў будучыні, — гэта гарантыя бяспекі. Гарантыя таго, што больш за 1000 кіламетраў агульнай мяжы ніколі больш не будуць выкарыстоўвацца як плацдарм для агрэсіі.
Пагроза ніколі больш не павінна ісці з тэрыторыі Беларусі ў бок Чарнігава, Жытоміра, Роўна або Кіева.
Калі Беларусь стане свабоднай, нашы гарады і рэгіёны з абодвух бакоў мяжы адновяць партнёрства і супрацоўніцтва», — сказала яна.
Ціханоўская назвала Украіну рэгіянальным лідарам, які паказаў усяму свету, што такое сапраўдны патрыятызм і сапраўднае лідарства. Яна выказала ўпэўненасць, што Украіна можа дапамагчы беларусам дэмантаваць дыктатуру, а затым аднавіць краіну пасля аўтарытарызму.
«Дарагія ўкраінцы, ад імя беларусаў я хачу сказаць: вы натхняеце нас і даяце нам надзею. Мы захапляемся вашай мужнасцю і вучымся ў вас. Сёння мы змагаемся супраць аднаго і таго ж зла — і за адны і тыя ж каштоўнасці: свабоду, дэмакратыю і еўрапейскую будучыню. І ніхто не павінен заставацца ўбаку ад гэтай барацьбы», — заключыла яна.