Скриншот видео t.me/pressmvd
Жыхара Магілёўскай вобласці і мінчаніна падазраюць у папулярызацыі, апраўданні і гераізацыі нацызму. Іх затрымалі супрацоўнікі 11-га ўпраўлення (па Магілёўскай вобласці) ГУБАЗіК МУС пры сілавой падтрымцы байцоў атрада спецыяльнага прызначэння “Гром” унутраных войскаў МУС.
Паводле інфармацыі МУС, 19-гадовы жыхар Магілёўшчыны раней быў судзімы “за знявагу над дзяржаўнымі сімваламі і хуліганства”. Сцвярджаецца, што ён “сістэматычна размяшчаў у экстрэмісцкіх тэлеграм-чатах каментарыі, выявы і відэазапісы, якія змяшчаюць услаўленне нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых”.
Як заяўляюць у ведамстве, другі затрыманы — 56-гадовы мінчанін — у адной з сацсетак публічна распаўсюджваў “загадзя ілжывыя гістарычныя звесткі, якія адмаўляюць факты генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама накіраваныя на ачарненне дзейнасці партызан”.
Узбуджаны крымінальныя справы за рэабілітацыю нацызму і адмаўленне генацыду беларускага народа.