Заснавальніка крамы Symbal.by Паўла Белавуса перавялі ў магілёўскую турму

Палітвязня Паўла Белавуса перавялі ў магілёўскую турму №4. Паводле інфармацыі былых палітвязняў, яго перавялі яшчэ ў лютым без рэчаў і без біркі, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Ёсць верагоднасць, што ў дачыненні да Белавуса распачата новая крымінальная справа, лічаць праваабаронцы.

Павел Белавус — заснавальнік крамы нацыянальнай сімволікі symbal.by. У маі 2023 года яго прысудзілі да 13 гадоў пазбаўлення волі. Белавус абвінавачваўся ў здрадзе дзяржаве, арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, закліках да санкцый, кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем.

Паводле меркавання следства, Белавус на працягу 10 гадоў з 2011 года «вёў актыўную дзейнасць, накіраваную на змену дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам», «ставіў пад пагрозу знешнюю і ўнутраную бяспеку дзяржавы», «пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх была змена дзяржаўнай улады ў Беларусі».

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!