Латушка заклікаў Венгрыю адмяніць рашэнне аб выхадзе з МУС

Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка павіншаваў Петэра Мадзьяра з перамогай на парламенцкіх выбарах у Венгрыі і заклікаў яго адмяніць рашэнне венгерскага парламента аб выхадзе краіны з Міжнароднага крымінальнага суда.

«У святле абноўленага праеўрапейскага мандата я хацеў бы падкрэсліць магчымасць прымянення артыкула 68 Венскай канвенцыі аб праве міжнародных дагавораў для адклікання выхаду Венгрыі з Рымскага статута Міжнароднага крымінальнага суда.

Ахвяры з Беларусі спадзяюцца, што Венгрыя застанецца прыхільнай міжнароднаму правасуддзю, пры якім асобы, адказныя за цяжкія злачынствы, такія як Аляксандр Лукашэнка, паўстануць перад судом у Гаазе», — напісаў Латушка ў сацсетцы X.

У красавіку 2025 года парламент Венгрыі прагаласаваў за адмову ад удзелу ў працы Міжнароднага крымінальнага суда, назваўшы МУС палітызаваным органам, які «страціў сваю бесстароннасць і аўтарытэт».

Міжнародны крымінальны суд — першы пастаянны міжнародны орган крымінальнай юстыцыі, у кампетэнцыю якога ўваходзіць пераслед асоб, адказных за генацыд, ваенныя злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасці, а таксама злачынствы агрэсіі. Заснаваны на аснове Рымскага статута, прынятага 17 ліпеня 1998 года. Афіцыйна пачаў сваю працу з 1 ліпеня 2002 года, пасля ўступлення Рымскага статута ў сілу.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!