У першым квартале 2026 года пракуроры Магілёўскай вобласці прад’явілі 20 выпускнікам іскі за неадпрацаванае размеркаванне. Агульная сума іскаў — больш за 250 тысяч рублёў.
Выпускнікі, якія навучаліся за кошт бюджэту, або не з’яўляліся на працу па размеркаванні, або прыступілі да працы, але былі звольненыя за прагулы або іншыя дзеянні. У такіх выпадках яны абавязаныя выплаціць сродкі, затрачаныя на навучанне. Як правіла, выпускнікі адмаўляюцца кампенсаваць сродкі добраахвотна, адзначае пракуратура Магілёўскай вобласці.
Пракуратура прыводзіць адзін з выпадкаў. Жыхар Клімавічаў тры гады вучыўся ў Клімавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы. Яго накіравалі па размеркаванні ў сельгаспрадпрыемства, але ён не прыступіў да працы. Кошт навучання ў каледжы ацанілі ў больш за 18 тысяч рублёў. Па іску пракурора гэтую суму спагналі ў інтарэсах каледжа праз суд.