Илья Пиотровский. Директор Blackout Studio. Фото: Instagram
З СІЗА выйшлі кіраўнікі Ілья Пятроўскі і Валерый Калеснікаў з Blackout Studio, якая раней забяспечвала адбор на «Еўрабачанне», піша «Наша Ніва».
Затрыманні прадстаўнікоў канцэртнай сферы пачаліся летам 2025 года пасля таго, як у аднаго з першых арыштаваных у тэлефоне знайшлі тэлеграм-чат «Орг BY», створаны падчас пандэміі для абмену досведам па арганізацыі мерапрыемстваў. Пазней чат прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».
За кратамі апынуліся не толькі кіраўнікі Blackout Studio, але і кіраўнікі Kvitki.by, былы дырэктар Палаца Рэспублікі Максім Прыхадоўскі, а таксама арганізатар канцэртаў Аляксандр Манышаў, звязаны з агенцтвамі «Атам Інтэртэйнмент» і «Анбрэйкбл», якія абслугоўвалі прарэжымныя мерапрыемствы.
Прыхадоўскага таксама абвінавачвалі ў карупцыі, а Blackout Studio пакаралі за манапалізацыю рынку, гаворыцца ў матэрыяле.
«Камусьці з уладаў не спадабалася, што кампанія занадта манапалізавала рынак, абслугоўваючы большасць мерапрыемстваў. Прапанавалі дзяліцца. Магчыма, што бізнес адціснуць. Маўляў, чаму за дарагое абсталяванне дзяржаўныя пляцоўкі павінны плаціць так шмат левым людзям?» — прыводзіць выданне словы адной з крыніц.
Кампанія Blackout Studio была заснаваная ў 2009 годзе, ёю кіраваў выпускнік БДУ Ілья Пятроўскі. Яна забяспечвала выступленні такіх артыстаў, як Святлана Лабада, Бі-2, Lindemann і іншых.
Сайт і сацсеткі кампаніі не абнаўляліся са снежня 2024 года. Лёс студыі пасля вызвалення кіраўніцтва пакуль не вядомы. Паводле сцвярджэння крыніц рэсурсу, кіраўніцтва Kvitki.by адразу пачало супрацоўнічаць са следствам і даволі хутка выйшла на волю. Паведамлялася, што вызваленню Прыхадоўскага спрыяла яго знаёмая — прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант. Пятроўскі і Калеснікаў не мелі такіх сувязяў і супрацоўнічалі са следствам «не вельмі ахвотна», піша выданне.
«Магчыма, іх бізнес цяпер пяройдзе да партнёркі Пятроўскага, канцэртнай рэжысёркі Чулпан Ганіевай», — дапускаюць суразмоўцы.