Анатолий Войтеховский. Фото: facebook.com/zdorov.by
Вярнуўся з Польшчы Анатоль Вайцяхоўскі папоўніў спіс «асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці», які вядзе КДБ Беларусі.
Вайцяхоўскі ў 1990-х заснаваў адну з першых прыватных газет у Баранавічах — «Шаг», у 2000-х займаўся бізнесам. У красавіку 2023 года Вайтэхоўскага затрымлівалі за каментарыі. Ён эвакуяваўся ў Польшчу пры дапамозе BYSOL.
У сакавіку мінулага года Вайтэхоўскі разам з яшчэ адным актывістам, Уладзімірам Усерам, з якім яны жылі ў адной кватэры ў Беластоку, з’явіўся ў прапагандысцкім фільме БТ «Чужое небо», у якім беларусы расказвалі пра праблемы жыцця ў эміграцыі. Як аказалася, абодвух знялі там падманам.
У лістападзе 2025 года Усера затрымала Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW). Яму былі прад’яўленыя абвінавачанні ў дзейнасці ў інтарэсах замежнай разведкі супраць Польшчы. З-за стану здароўя Уладзіміра не сталі змяшчаць пад варту. Спачатку ён знаходзіўся ў бальніцы, затым — у шэлтары ў Беластоку. На пачатку снежня ён памёр.
Пасля смерці Усера Вайцяхоўскі перастаў з’яўляцца на працы ў таксі, выдаліў свой профіль у Telegram і выключыў тэлефон, а потым нечакана знайшоўся ў Беларусі і зняўся ў прапагандысцкім відэа.
Яго судзілі паводле чатырох палітычных артыкулаў:
Як пісала «Наша Ніва», мінімум, які ён мог атрымаць паводле гэтых артыкулаў, — чатыры гады калоніі. Аднак Вайцяхоўскаму прызначылі хатнюю хімію.
Раней ён быў уключаны ў спіс «экстрэмістаў», які вядзе МУС.
Цяпер у «спісе тэрарыстаў» значыцца 1471 чалавек, 719 з якіх — беларусы.
Нагадаем, абвінавачанні ў экстрэмізме і тэрарызме ў Беларусі выкарыстоўваюцца для барацьбы з апанентамі ўладаў і іншадумствам у цэлым.