Беларус, які зняўся ў прапагандысцкім фільме БТ, вярнуўся з Польшчы ў Беларусь — «Наша Ніва»

Анатоль Вайцяхоўскі, якога падманам знялі ў прапагандысцкім фільме БТ у пачатку 2025 года, знік з Беластока, дзе пражываў, і знайшоўся ў Беларусі, піша «Наша Ніва».

Вайцяхоўскі ў 1990-х заснаваў адну з першых прыватных газет у Баранавічах — «Шаг», у 2000-х займаўся бізнесам. У красавіку 2023 года Вайцяхоўскага затрымлівалі за каментарыі. Ён эвакуяваўся ў Польшчу з дапамогай BYSOL.

У сакавіку гэтага года Вайцяхоўскі разам яшчэ з адным актывістам, Уладзімірам Уссерам, з якім яны жылі ў адной кватэры ў Беластоку, з’явіўся ў прапагандысцкім фільме БТ «Чужое неба», у якім беларусы распавядалі пра праблемы жыцця ў эміграцыі. Як высветлілася, абодвух знялі там падманам.

У лістападзе 2025 года Уссера затрымала Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW). Яму былі прад’яўлены абвінавачанні ў дзейнасці ў інтарэсах замежнай выведкі супраць Польшчы. З-за стану здароўя Уладзіміра не сталі змяшчаць пад варту. Спачатку ён знаходзіўся ў бальніцы, затым — у шелтары ў Беластоку. У пачатку снежня ён памёр.

Пасля смерці Уссера Вайцяхоўскі перастаў з’яўляцца на працы ў таксі, выдаліў свой профіль у Telegram і выключыў тэлефон, а потым нечакана знайшоўся ў Беларусі.

«Паспрабавалі датэлефанавацца да жонкі Анатоля Таццяны, якая працягвала жыць у Беларусі. Падчас размовы жанчына паводзіла сябе падазрона: няўпэўнена вымавіла, што з Анатолем яны даўно ў разводзе, і яна нічога пра яго лёс не ведае. Пры гэтым у яе інстаграме было шмат фота і відэа з адпачынку з мужам, якія датаваліся 2025 годам.

Пасля гэтага званок перарваўся, і ўжо ў наступны раз слухаўку падняў сам Анатоль, які паспеў расказаць, што ён «адпачывае ў сваякоў». На пытанне ж, чаму ён з’ехаў з Польшчы і ці плануе вяртацца, мужчына кінуў трубку», — піша «Наша Ніва».

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!