Лукашэнка баіцца, што яго інвестпраекты патонуць у валакіце

Аляксандр Лукашэнка асцерагаецца, што інвестпраекты, дамоўленасці аб якіх былі дасягнутыя падчас яго візітаў за мяжу, патонуць у валакіце. Пра гэта ён заявіў на нарадзе аб шляхах паскарэння работы па ключавых інвестыцыйных праектах.

Лукашэнка нагадаў прысутным пра апошнія паездкі ў Расію, Кітай, Інданезію і М’янму, а таксама пра іншыя візіты. На яго думку, яны даюць станоўчы эфект, бо «дасягаюцца канкрэтныя і значныя дамоўленасці аб развіцці супрацоўніцтва».

«Эфект ад такіх камандзіровак прыстойны. Але я баюся валакіты, каб гэта ўсё не патанула», — сказаў ён, перадае яго прэс-служба.

Таму ён вырашыў сабраць нараду, каб даведацца, як рэалізуюцца дасягнутыя дамоўленасці.

«Галоўнае — гэта эканоміка, фундамент. Каб не завалакіцілі, каб гэтыя камандзіроўкі, асабліва на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, не праходзілі мімалётна і міма мэты. Але, акрамя гэтага, і міністры, і прэм’ер-міністр здзяйсняюць адпаведныя камандзіроўкі. Гэта ўсё добра, гэта ўсё дыпламатыя. З’ездзілі. А вынік?

Ніхто не павінен міма касы прыляцець. Таму, будучы заклапочаным вынікамі камандзіровак на самым высокім узроўні, я быў вымушаны сабраць гэтую нараду», — працягнуў ён.

Выказаў Лукашэнка і канкрэтныя асцярогі.

«Важна зразумець, што нам перашкаджае. Першае — наша ўласная ўнутраная непаваротлівасць, недысцыплінаванасць і бюракратыя. Самі сабе ствараем надуманыя праблемы, з якімі гераічна змагаемся месяцамі», — сказаў ён.

Далей ён вырашыў прывесці прыклад праекта новага ЦКК у Віцебскай вобласці.

«Аказваецца, патрэбныя ажно два прэзідэнцкія ўказы: першы — каб у літаральным сэнсе слова расчысціць пляцоўку пад будаўніцтва ад старых інвестараў, другі — каб запусціць новы інвестпраект. Не важна, два ці адзін, але вы ўнясіце. Чыноўнікі пераліваюць з пустога ў парожняе каторы месяц, а праект не рухаецца.

Прашу па ўсіх інвестпраектах, якія будзем абмяркоўваць, дакладна сказаць, дзе рэальныя праблемы, а дзе — валакіта з нашага боку», — сказаў ён.

Нагадаем, мемарандум з Аманам аб будаўніцтве камбіната быў падпісаны яшчэ ў кастрычніку мінулага года падчас візіту султана Хайсама бен Тарэка Аль Саіда ў Мінск. Меркавалася, што прадпрыемства ў Дуброўне пабудуюць на працягу пяці гадоў. Агульны аб’ём інвестыцый па праекце складзе каля 1,4 млрд долараў. Магутнасць ЦКК чакаецца на ўзроўні каля 800 тысяч тон прадукцыі ў год. У снежні гэтыя інвестыцыі дадаткова абмяркоўваліся ў Амане падчас паездкі Лукашэнкі.

«Гэта нам вельмі неабходна. Мы не паспяваем, як я гэта бачу з паветра, перапрацоўваць той лес, які спее на корані. Таму нам трэба разумна і без празмернасцяў перапрацоўваць гэтую сыравіну. Гэта наш здабытак. Дамовіліся: будзем рабіць тое і тое. Прайшло ўжо нямала часу. Дакладвае ўрад: мемарандум падпісалі, думаем, плануем… Колькі мы будзем планаваць?» — спытаў Лукашэнка.

Лукашэнка таксама вынес на нараду і праблемы экспарту.

«У частцы экспарту на пачатку гэтага года нашы прадпрыемствы спрацавалі нядрэнна. Падчас вялікага візіту, які адбыўся, у адрас нашай краіны таксама было выказана нямала добрых слоў і агучана шмат планаў. Разам з тым даўно вядома, што для паспяховага асваення рынкаў, асабліва далёкіх, простага гандлю сёння мала. Задача вырашаецца праз кааперацыю, перанос канчатковай вытворчасці бліжэй да спажыўцоў, стварэнне на месцы ўласных або сумесных аб’ектаў лагістыкі і вытворчасці. Інструментарый для дасягнення гэтых мэт ёсць, прычым многае зроблена за апошнія месяцы», — сказаў ён.

«Можна сказаць, выпакутавалі пул з 60 праектаў (ідэй) на суму каля 6 млрд долараў для прыцягнення інвестараў. У чэрвені 2026 года Савет Міністраў нарэшце зацвердзіў стратэгію развіцця мультыбрэндавых сэрвісных цэнтраў беларускай тэхнікі і прамысловага абсталявання ў іншых краінах — СНД і далёкай дугі. Без гэтага нікуды: ніхто тэхніку купляць не будзе, калі не будзе відаць, што яе можна адрамантаваць, ажыццявіць гарантыйнае абслугоўванне. Гэтыя дакументы не павінны ляжаць мёртвым грузам, а павінны стаць кіраўніцтвам да дзеяння. Прычым да неадкладнага дзеяння, без валакіты. Паводле маіх унутраных адчуванняў, разгортваемся ўсё роўна вельмі туга», — дадаў ён.

Лукашэнка пацікавіўся, як выкарыстоўваюцца фінансавыя інструменты падтрымкі экспарту.

«Калі бачым рэальную перспектыву, калі трэба “застаўбіць” рынак у апорных краінах, то чаму не выкарыстоўваем дзяржаўны фінансавы рэсурс, каб дапамагчы нашым флагманам?» — сказаў ён.

На яго думку, Нацыянальны банк недастаткова ўцягнуты ў гэты працэс. Калі гаворка ідзе пра бюджэтныя грошы або рэзервы, фінансісты адразу ківаюць на вытворцаў — маўляў, няма ўсебакова прапрацаваных бізнес-планаў.

«Дык прапрацоўвайце! Лічыце разам з Банкам развіцця. Урэшце, гаворка ідзе пра тры-пяць, ну няхай дзесяць праектаў на год», — сказаў ён.

Яшчэ адна тэма — беларускія праекты за мяжой, у тым ліку сумесныя.

«Таксама, як Беларусь “цягне” да сябе аўтавытворцаў, мы бачым, што і нас туды запрашаюць. Гэта добра, аднак не ва ўсіх выпадках дастаткова ўнесці ў капітал сумесных кампаній інтэлектуальную ўласнасць. Як і Беларусі, гэтым краінам патрэбныя жывыя інвестыцыі — сродкі для будаўніцтва новых прадпрыемстваў паводле нашых тэхналогій», — сказаў ён.

Лукашэнка адзначыў, што ў Афрыцы атрымліваецца рэалізоўваць адносна невялікія праекты з прамымі беларускімі інвестыцыямі — зборачныя вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі ў Нігерыі, сэрвісныя цэнтры там жа, а таксама ў Зімбабвэ і Тога.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!