Сёння Reform.news распаўсюдзіў паведамленне АПК пра тое, што Віктар Бабарыка і Марыя Калеснікава накіраваліся ў Германію. Гэта не адпавядае сапраўднасці. Як распавёў нашай рэдакцыі член каманды Бабарыкі Іван Краўцоў, і Марыя Калеснікава, і Віктар Бабарыка цяпер знаходзяцца ў Варшаве і сустракаюцца з сябрамі і калегамі.
Раней прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінета паведаміла, што ў Варшаве засталося 87 чалавек, якія былі вызвалены 13 снежня, двое — Віктар Бабарыка і Марыя Калеснікава — нібыта накіраваліся ў Германію. Нагадаем, федэральны міністр унутраных спраў Германіі Аляксандр Добрындт заяўляў, што Германія прадаставіць ім прытулак.
У Літву прыбылі 20 былых зняволеных, у тым ліку Павел Севярынец і Уладзімір Лабковіч. У Вільні іх сустракалі родныя і сябры, валанцёры, журналісты, блогеры, дыпламаты, палітыкі, грамадскія дзеячы, святары, актывісты. Прыбылых вітала кіраўніца АПК Святлана Ціханоўская разам з мужам Сяргеем Ціханоўскім.
Выказаць салідарнасць з вызваленымі прыйшлі прадстаўнікі і прадстаўніцы Кабінета: Аліса Рыжычэнка, Уладзімір Астапенка, Вадзім Кабанчук, Павел Баркоўскі, намеснік прадстаўніка па транзіце ўлады Юры Губарэвіч, кіраўнік апарата АПК Валерый Мацкевіч, дарадцы Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, Дзяніс Кучынскі, Аляксандр Дабравольскі, Анатоль Лябедзька, Павел Церашковіч. Павітаць вызваленых таксама прыехалі спецыяльная пасланніца МЗС Літвы па сувязях з дэмакратычнай Беларуссю Аста Андрыяускене і прадстаўнікі амбасады ЗША ў Літве, якія непасрэдна займаліся вызваленнем палітвязняў.
Работу па арганізацыі прыёму ў Польшчы і Літве каардынавала прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы АПК Вольга Зазулінская, якая сустракала іх у каардынацыйным штабе ў Вільні.
На шляху з Украіны ў Вільню вызваленых беларусаў суправаджала кіраўніца Місіі дэмакратычных сіл Беларусі ў Кіеве Святлана Шаціліна.
«Стамілася, але я вельмі рада, што прывезла беларусаў. Вельмі ўдзячная ўкраінскаму боку — мы прымалі хуткія і часам нестандартныя рашэнні. Дзякую літоўскім ўладам, дзякую польскім ўладам. На мой погляд, гэта быў канвой годнасці і перамогі. І намаганні спадара Трампа патрэбныя, бо 123 чалавекі сталі свабоднымі. Дзякую прэзідэнту Злучаных Штатаў», — заявіла яна.
Паводле слоў Зазулінскай, наступны этап — забеспячэнне вызваленых дакументамі, неабходнымі для легалізацыі іх знаходжання ў ЕС.
«Яшчэ раз дзякую ўсім-усім: і ўрадам, і палітыкам, і арганізацыям дапамогі, і шматлікім валанцёрам, і прадстаўнікам СМІ, і ўсім беларусам, якія выказвалі салідарнасць і словамі, і канкрэтнымі справамі. Разам мы здолелі годна прыняць вызваленых, перавезці ў бяспечныя месцы, забяспечыць неабходным. Салідарнасць — велізарная сіла», — сказала яна.
Нагадаем, 13 снежня былі вызвалены 123 палітвязні. З іх 114 чалавек вывезлі ва Украіну. Учора яны выехалі з Украіны і ноччу прыбылі ў Варшаву. Большасць былых палітвязняў засталася ў Польшчы, астатнія паехалі ў Літву.









