Фото: МВД
Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч выказаў упэўненасць, што ў Беларусі прысутнічае расійскі мабільны ракетны комплекс сярэдняй далёкасці «Арэшнік». Такім чынам ён пракаментаваў заявы пра тое, што «Арэшнік» у краіну не паступаў.
«Галоўнае, што мы ўпэўненыя ў тым, што ў нас ёсць гэтая зброя. І, вядома, спадзяёмся, што яна ніколі не спатрэбіцца. Гэта зброя стрымлівання, абароны нашай краіны. Усё, што патрэбна, усё, што было вызначана прэзідэнтамі дзвюх краін, выканана і дзейнічае. А тое, што кажуць нашы апаненты, нашы суседзі… Гаварыць і рабіць высновы — гэта іх права, — прыводзіць яго словы прэс-служба Міністэрства абароны. — Добра, што яны не бачаць гэтага «Арэшніка». І правільна, што яны яго не бачаць».
Ён нагадаў пра расійскую атаку «Арэшнікам» па Львоўскай вобласці.
«Не хацелася б, каб гэты «Арэшнік» дзейнічаў з тэрыторыі Беларусі. Яшчэ раз кажу: «Арэшнік», тактычная ядзерная зброя, якая размешчана на тэрыторыі Беларусі, [патрэбная] толькі для абароны тэрыторыі нашай краіны», — заявіў Вальфовіч.
Нагадаем, 30 снежня беларускія і расійскія міністэрствы абароны апублікавалі відэа, на якім паказана нібыта «заступленне на баявое дзяжурства» ў Беларусі расійскага ракетнага комплексу «Арэшнік».
Пасля гэтага з’явіліся публікацыі СМІ, ініцыятыў «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» і BelPol, якія пісалі, што пацвярджэнняў дастаўкі ў Беларусь «Арэшніка» няма. Паводле іх даных, па чыгунцы перамяшчэнне тэхнікі не зафіксавана, а паказаныя Міністэрствам абароны РФ кадры не даказваюць наяўнасць пускавой устаноўкі.