Фото: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка на селектарнай нарадзе 21 ліпеня запатрабаваў навесці парадак у Гродзенскай вобласці. Ён запатрабаваў правесці кадравыя чысткі, але падкрэсліў, што звольненыя павінны знайсці працу ў іншых месцах.
«Прэм’ер-міністру, і вам трэба будзе на працягу гэтага і наступнага тыдня прыняць самыя жорсткія меры па ўсіх недахопах, — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да старшыні КДК і свайго ўпаўнаважанага па Гродзенскай вобласці Васіля Герасімава. — І не трэба думаць, што мы застанемся без кадраў. Усе, каго вы там павыгняеце на месцах, павінны з вашага дазволу ўладкавацца на іншую працу. Калі захочуць у Польшчу — калі ласка, няхай едуць у Польшчу. Але гэтага бардаку ніхто цярпець не будзе», — даручыў Лукашэнка.
Лукашэнка запатрабаваў прыняць «жэстачайшыя меры» і даў тэрмін — два тыдні.
«Тым больш не мне вам тлумачыць, чаго каштуюць нам паліва, запчасткі, тэхніка ў наш час. І забяспечыць спакой і бяспеку. Вось я папрашу міністра абароны, каб ён вам расказаў, што вакол адбываецца. Таму ў вас ёсць час — гэты тыдзень і наступны. Прыняць жэстачайшыя меры і далажыць. …Асабліва звярніце ўвагу на маё даручэнне адносна забяспечанасці кадрамі.
Мы дамаўляліся: ніякіх паставак сельскагаспадарчым прадпрыемствам энерганасычанай і іншай тэхнікі, калі няма механізатара. Навошта туды адпраўляць камбайны? Гэта датычыцца і тых камбайнаў, якія там ужо ёсць. Разбэшчанасць і разбоўтанасць — крайнія. Гэты тыдзень і наступны. І мне даклад. Публічна», — запатрабаваў Лукашэнка.
Лукашэнка таксама запатрабаваў жалезнай дысцыпліны, абвінаваціў сілавікоў у «крышаванні» расхітальнікаў паліва і загадаў адправіць усіх, хто не можа працаваць на ўборачнай, у войска.