Фото: Пул первого
Аляксандр Лукашэнка сёння правёў селектарную нараду па правядзенні ўборачнай кампаніі. Каб надаць важнасці мерапрыемству, ва ўступным слове ён вырашыў дадаць геапалітычны кантэкст.
Паводле слоў Лукашэнкі, такія селектарныя нарады з’яўляюцца традыцыйнымі, бо тэма ўборачнай кампаніі ў гэтыя дні — галоўная ў краіне.
«Калі казаць пра менталітэт беларусаў, то ў нас трывала закладзена, што нават калі свет узрушваюць войны і канфлікты, а мяжа паміж здаровым сэнсам і вар’яцтвам асобных, у тым ліку палітыкаў, адсутнічае, нам трэба араць, сеяць і ўбіраць хлеб.
Таму што і падчас войнаў, і ў мірны час людзям хочацца есці. Уборачная пара — гэта ж не толькі пэўны экзамен, не толькі вынік усяго гадавога цыклу працы сялян, але і цвёрдая гарантыя нашай харчовай бяспекі і адна з асноў экспартнай валютнай выручкі. Гэта клопат усёй дзяржавы, а не толькі сялян. Будзем з хлебам — будзем жыць», — сказаў ён, перадае яго прэс-служба.
Паводле даных Мінсельгасхарча, на 20 ліпеня ўжо намалочана 1,22 млн т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 41,6 ц/га, што на 1,8 ц/га больш за леташні паказчык на такую ж дату. Упершыню ў краіне сабралі 1 млн т азімага ячменю. Азімы рапс на зерне ўбраны на 138 тысячах гектараў — 31 працэнт ад плана. Намалочана 330 тысяч тон. Сярэдняя ўраджайнасць — 21 цэнтнер з гектара, што на 1,3 больш за леташнюю.
«Віды на ўраджай добрыя. Цяпер трэба ўзяць гэты ўраджай па максімуме — без апраўданняў і спасылак на абставіны, у тым ліку на капрызы надвор’я. Такія сюрпрызы ў нашых шыротах — звыклая карціна, і досвед папярэдніх кампаній у нас ёсць.
Цяпер на палях усё ідзе паралельна: уборка збожжавых і азімага рапсу, другі ўкос траў, хутка пара сеяць азімыя культуры. Пісьменна ўсё спланаваць — задача ўсёй вертыкалі — ад агранома і дырэктара сельскагаспадарчай арганізацыі да губернатараў і прэм’ер-міністра», — працягнуў ён.
Лукашэнка таксама запатрабаваў забяспечыць гатоўнасць тэхнікі да кампаніі.
«Камбайны, трактары, а таксама зернесушыльныя комплексы павінны быць спраўнымі, а за кожнай адзінкай тэхнікі павінны быць замацаваныя кваліфікаваныя механізатары. Урад кажа пра тое, што гатоўнасць тэхнікі вышэйшая, чым летась, і складае 99 працэнтаў. Гэтага дастаткова для паўнавартаснай уборкі.
Думаю, што на пачатку ўборачнай кампаніі і ў вас будзе і 100 працэнтаў гатоўнасці тэхнікі. У сельскагаспадарчых арганізацыях рэспублікі маецца 6800 зернеўборачных камбайнаў. Акрамя таго, на ўборку выйдзе больш за 400 новых камбайнаў. Разам з тым не ўсё так радасна, як хацелася б», — сказаў ён.
З улікам надвор’я ў гэтым годзе будуць задзейнічаныя сушыльныя комплексы.
«Збожжа ў вялікіх аб’ёмах давядзецца прапускаць праз сушылкі. Як мінімум адзін раз, каб пазбегнуць страт ураджаю. Таму ўсе зернятокі і зернесушылкі павінны быць цалкам спраўнымі. Пакуль гатоўнасць зернесушыльных комплексаў на паперы складае 97 працэнтаў. І, як мяне інфармуе ўрад, наяўныя 1660 зернесушыльных комплексаў дазволяць цалкам апрацаваць сутачны аб’ём збожжа.
З кабінета ўрада — так, а насамрэч — не. Аблятаючы ўсход Беларусі, цэнтр, я бачыў на зернятоках немалую колькасць збожжа, якое ляжыць у буртах. Спадзяюся, вы добра разумееце, што спыненне зернесушыльнага комплексу раўназначнае спыненню ўсяго цыклу ўборкі, масавай псаванні ўраджаю, зніжэнню яго класа», — дадаў ён.
Паводле яго слоў, у гэтым годзе масавая ўборка пачынаецца на тыдзень раней.
«Часу, паважаныя сябры, на разгойдванне няма. Вы бачыце, Гасподзь не дазваляе нам разгойдвацца. Масавая ўборка ідзе на 5–7 дзён раней за звычайныя тэрміны, і з улікам багатых дажджоў і ўмеранага пацяплення гэта будзе няпроста.
Як заўсёды, дапамажыце тым, хто жыве на прыватных падворках. Трэба людзям дапамагчы. Найперш трэба дапамагчы пажылым і адзінокім, якім больш няма на каго спадзявацца, акрамя кіраўніка сельскагаспадарчага прадпрыемства і дзяржавы.
Пра дысцыпліну я нават не хачу шырока гаварыць. Гэта аснова. Яна павінна быць жалезнай і з пункту гледжання захавання тэхналогіі, і з пункту гледжання стаўлення да сваіх абавязкаў», — сказаў ён.