Урад вызначыў арганізацыі па будаўніцтве комплексаў для вырошчвання бычкоў

Савет міністраў прыняў пастанову «Аб вызначэнні пераліку арганізацый і інвестыцыйных праектаў па ўзвядзенні, рэканструкцыі комплексаў па вырошчванні і адкорме бычкоў». Пастанова распрацавана ў рамках рэалізацыі ўказа Лукашэнкі ад 5 студзеня.

У пералік арганізацый, якія рэалізуюць інвестыцыйныя праекты па ўзвядзенні і рэканструкцыі комплексаў, уключаны сельскагаспадарчыя арганізацыі, перапрацоўчыя арганізацыі, якія ажыццяўляюць вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі і рэалізуюць інвестыцыйныя праекты, а таксама перапрацоўчыя арганізацыі, якія фінансуюць інвестыцыйныя праекты.

На першым этапе аблвыканкамы пацвердзілі будаўніцтва трох комплексаў агульнай магутнасцю 7800 галоў. Два з іх на 2400 галоў кожны будуць пабудаваныя ў Мінскай вобласці (ЗАТ «1 Мая» і ААТ «Нясвіжскія астраўкі») і адзін на 3000 галоў — у Магілёўскай вобласці (ЗАТ «АСБ-Агра Цяцерына» Круглянскага раёна).

Указ Лукашэнкі прадугледжвае будаўніцтва і рэканструкцыю ў 2026–2030 гадах спецыялізаваных комплексаў па вырошчванні і адкорме бычкоў.

Вызначаны ўмовы інвестыцыйных праектаў і патрабаванні, якім яны павінны адпавядаць: стварэнне не менш як 1000 скотамесцаў, увод комплексу не пазней як праз два гады з даты пачатку будаўніцтва, камплектаванне аб’екта пагалоўем — на працягу аднаго года пасля яго ўводу пад поўную праектную магутнасць, выхад комплексу на праектную магутнасць — не пазней як праз два гады з даты ўводу аб’екта ў эксплуатацыю, забеспячэнне сярэднясутачнай прадукцыйнасці — не менш за 900 грамаў, трывалая паўнавартасная кармавая база пад поўную патрэбу, укамплектаванне кваліфікаванымі кадрамі — на працягу аднаго года пасля ўводу аб’екта ў эксплуатацыю.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!